Пуцін выступіў на эканамічным форуме. Галоўнае з прамовы


Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін 17 чэрвеня выступіў з прамовай на Пецярбургскім міжнародным эканамічным форуме. Большую частку часу ён прысвяціў крытыцы Захаду. Нашыя калегі з «Вот Так» сабралі галоўныя тэзісы расейскага прэзідэнта.

Уладзімір Пуцін падчас выступу на Пецярбургскім міжнародным эканамічным форуме.
Фота: Сяргей Бабылёў / ТАСС

ПРА АМЕРЫКУ

Уладзімір Пуцін у сваёй прамове вельмі шмат увагі надаў ЗША, Еўропе і іх саюзнікам: «ЗША пасля перамогі ў халоднай вайне абвясцілі сябе пасланцамі Бога на Зямлі».

«Нашы калегі на Захадзе спрабуюць супрацьдзейнічаць ходу гісторыі, думаюць катэгорыямі мінулага стагоддзя, знаходзяцца ў ілюзіях і не хочуць заўважаць зменаў», – так пачаў сваю прамову Пуцін.

«Краіны залатога мільярда па-ранейшаму лічаць усіх астатніх сваімі калоніямі», – Пуцін на працягу паўгадзіны разважаў пра «глыбінныя праблемы заходняга грамадства». Паводле яго слоў, «спецаперацыя» РФ ва Украіне стала «выратавальным кругам» для Захаду, каб перакінуць на Расею ўсе праблемы.

Пуцін патлумачыў прычыны бягучага крызісу ў сусветнай эканоміцы не найбуйнейшай за апошнія 70 гадоў вайной у Еўропе, а «неабдуманай палітыкай заходніх краін». Ён таксама прадказаў Еўропе ўзмацненне няроўнасці, раскол грамадства, усплёск радыкалізму, а ў перспектыве – змену элітаў.

ПРА ВАЙНУ

Паводле словаў Пуціна, Расея мела права напасці на Украіну. Гэтае рашэнне, заявіў Пуцін, было неабходным.

«Гэта было рашэнне суверэннай краіны, у якой ёсць безумоўнае права, заснаванае, дарэчы, на статуце ААН, адстойваць сваю бяспеку, рашэнне, скіраванае на абарону нашых грамадзянаў, жыхароў Данбасу, якія на працягу васьмі гадоў падвяргаліся генацыду з боку кіеўскага рэжыму і неанацыстаў, якія атрымалі поўнае заступніцтва Захаду», – сказаў прэзідэнт Расеі.

Частку прамовы, якая была прысвечаная вайне, Пуцін скончыў словамі пра тое, што ўсе задачы «спецыяльнай ваеннай аперацыі» будуць вырашаныя. Што маецца на ўвазе пад гэтым і якія насамрэч задачы развязанай вайны, ён не растлумачыў.

ПРА РАСЕЮ

Пуцін прапанаваў цалкам адмяніць бальшыню планавых праверак усяго расейскага бізнесу, праца якога не звязаная з рызыкамі высокага нанясення шкоды. Ён заклікаў таксама інвеставаць у расейскую эканоміку пад лозунгам: «Дома – больш надзейна!».

Акрамя таго, Пуцін хоча запусціць прамысловую іпатэку пад 5 % гадавых, права на яе атрымаюць прадпрыемствы, гатовыя пабудаваць новыя вытворчасці. Ён таксама даручыў скіраваць частку харчовых экспартных мытаў на павышэнне ўзроўню жыцця ў вёсцы і выдзеліць дадатковыя грошы на развіццё Далёкага Усходу.

Аналітыка
Чаму Захад так павольна дапамагае Украіне? Колькі зброі неабходна для перамогі?
2022.06.17 14:57

СУВЕРЭНІТЭТ І ІМПАРТАЗАМЯШЧЭННЕ

Пасля выступу Пуцін раптоўна пачаў адказваць на пытанні з залі. Ён стаў разважаць аб пакаванні соку і пра суверэнітэт.

«Для нас галоўнае – быць незалежнымі, суверэннымі, забяспечыць будучыню або мець упакоўку сёння? Калі ў нас не будзе суверэнітэту, мы будзем вырабляць толькі нафту, газ, пяньку, сёдлы і прадаваць кругляк. Толькі суверэнныя краіны могуць разлічваць на суверэнную будучыню. Але гэта не значыць, што мы павінны вяртацца на 30-40-50 гадоў таму», – сказаў прэзідэнт.

«Не думаю, што пакаванне нам не змогуць замяніць партнёры з іншых краін. Пытанне не ў гэтым, не ў імпартазамяшчэнні, а ў тым, каб фармаваць уласныя магчымасці. Упакоўку і іншыя рэчы нам заўсёды дадуць. Але нам ніколі не давалі і не дадуць крытычна важных тэхналогіяў. У гэтым праблема. Трэба вырашаць фундаментальныя задачы. Мы ўсё гэта зможам зрабіць», – рэзюмаваў Пуцін.

ПРА ПАЧУЦЦЁ АДКАЗНАСЦІ ЗА ВАЙНУ

Адказваючы на ​​пытанні гасцей Пецярбургскага эканамічнага форума, Уладзімір Пуцін заявіў, што расяяне не павінныя саромецца ваеннай агрэсіі, якую дэманструе іх краіна.

«Сорамна тым, хто не звязвае свой лёс з нашай краінай. Чалавек, які думае, можа з трывогай ставіцца да падзеяў, якія адбываюцца, але ён у сэрцы зацікаўлены ў росце магутнасці Расеі», – сказаў прэзідэнт.

Ён падкрэсліў, што развязаная Крамлём вайна – гэта «вымушаныя дзеянні». На думку Пуціна, украінскі ўрад «натырыў грошай у народа», прыкрываючыся цывілізаваным выбарам.

«Мы будзем абараняць інтарэсы тых людзей, дзеля якіх нашыя хлопцы там ваююць. Па-іншаму немагчыма. У выніку толькі ад людзей, якія жывуць на вызваленых тэрыторыях, залежыць іх выбар», – сказаў Пуцін.

Hавiны
Прэм’ер-міністр Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан прыбыў у Кіеў
2022.06.17 18:59

Арсеній Веснін, Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў