«Як толькі пачаўся спектакль, усіх паставілі тварам да сцяны». Судзяць затрыманых у Чырвоным дворыку


У судзе Цэнтральнага раёну г.Менску 17 чэрвеня разглядаюцца справы затрыманых напярэдадні, 16 чэрвеня, у Чырвоным дворыку, на праглядзе спектакля «Белы трусік, Чырвоны трусік», паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна» у сваім тэлеграм-канале. Менчукоў караюць арыштамі па 15 содняў.

У сераду ў Чырвоным Дворыку павінна была адбыцца прэм’ера спектаклю «Белы трусік, Чырвоны трусік». Праз некалькі хвілін пасля пачатку туды прыйшлі супрацоўнікі міліцыі і затрымалі каля васьмі гледачоў і сяброўку Каардынацыйнай Рады Аксану Зарэцкую, арганізатарку прагляду спектаклю.

Як распавядалі затрыманыя ў судзе, «як толькі на маніторы ўключыўся спектакль, адразу прыйшлі мужчыны ў цывільным і паставілі ўсіх тварам да сцяны».

Затрыманых адвезлі ў Цэнтральны РУУС, дзе на ўсіх склалі пратаколы за нібыта непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі. Увечары чатырох жанчын, у якіх ёсць няпоўнагадовыя дзеці, выпусцілі з пратаколамі да суда, а астатніх перавялі на Акрэсціна.

Справы 34-гадовага Мікіты Раманкіна і 25-гадовай Аліі Саед разглядзеў суддзя Аляксандр Петраш і прысудзіў па 15 содняў кожнаму.

Справу 48-гадовай Святланы Мяшчанінавай разглядаў суддзя Дзмітрый Карсюк.

Жанчыну, як і іншых, абвінавацілі ў тым, што «на тэрыторыі РУУСу каля 19:40 Святлана аказала непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі». Мяшчанінава сцвярджала, што добраахвотна прайшла за супрацоўнікамі і ніхто з затрыманых непадпарадкаванне супрацоўнікам не аказваў.

Сведка-міліцыянт на судзе сцвярджаў, што «ім паступіла інфармацыя аб магчымым несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве на вуліцы Рэвалюцыйная 7а, таму прысутных затрымалі для «высвятлення асобы», але на тэрыторыі РУУСа Святлана «адмовілася прайсці, упіралася і чаплялася за яго руку».

Дзмітрый Карсюк асудзіў Святлану на 15 содняў.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў