Крэмль: наблізіць пазіцыі з ЗША ў справе Беларусі немагчыма


Па выніках перамоваў прэзідэнтаў ЗША і Расеі прэсавы сакратар кіраўніка Крамля заявіў, што бакі не здолелі наблізіць пазіцыі ў справе Беларусі. Такая заява Дзмітрыя Пяскова прагучала ў эфіры радыёстанцыі «Эхо Москвы».

Дзмітрый Пяскоў, прэсавы сакратар Уладзіміра Пуціна, распавёў некаторыя акалічнасці перамоваў кіраўніка Расеі з прэзідэнтам ЗША ў Жэневе. У прыватнасці ён адзначыў, што пазіцыі бакоў у справе пераадолення крызісу ў Беларусі наблізіць немагчыма:

«Па-першае, Беларусь не адносіцца ніякім чынам да ліку прыярытэтаў, якія стаялі на парадку дня. Яна сапраўды была агучаная амерыканскім бокам, тэма Беларусі агучаная была ўва ўсім добра вядомым ключы. Мы ўсе ведаем пазіцыю амерыканцаў».

Пазней Дзмітрый Пяскоў удакладніў, пра якую пазіцыю вялося падчас сустрэчы прэзідэнтаў:

«Ёсць і праблематыка самалёта. Значыць, яны лічаць гэта недапушчальным і гэтак далей, парушэнні за ўсё і ўсіх. На гэта ў нас ёсць свая пазіцыя, у нас ёсць інфармацыя, атрыманая з першай крыніцы, ад прэзідэнта Беларусі. Прэзідэнту Пуціну няма падставаў не давяраць свайму беларускаму калегу. Было канстатавана, што гэта вось тое самае месца, дзе, напэўна, наўрад ці трэба спрабаваць зблізіць пазіцыі. Гэта немагчыма».

Па перамовах прэзідэнт ЗША распавёў, што сітуацыю ў Беларусі абмяркоўвалі:
«Мы таксама абмеркавалі Беларусь (з Пуціным. – Belsat.eu). Ён не выказваў нязгоды з маймі словамі».
Абноўлена
Джоўзэф Байдэн і Уладзімір Пуцін правялі перамовы ў Жэневе. Онлайн
2021.06.16 13:01

СК belsat.eu

Стужка навінаў