Беларускі палітуцякач абвясціў галадоўку пад Дэпартаментам міграцыі Літвы: 14 месяцаў ігнаруюць справу


Фігурант справы пра «падпал дома Гайдукевіча» Арцём Ярмак 17 траўня пайшоў на галадаванне і адзіночны пікет, бо не можа атрымаць паўнавартаснай легалізацыі ў належны тэрмін. Міграцыйная служба прызнае праблему, але кажа, што з ягоным статусам можна шукаць працу і нават атрымаць ад дзяржавы часовае жытло.

Беларускі палітычны ўцякач Арцём Ярмак абвясціў галадоўку і пачаў адзіночны пікет пад літоўскім Дэпартаментам міграцыі. Вільня, Літва. 17 траўня 2023 года.
Фота: Арцём Ярмак

Уцякаў лясамі – у Беларусі могуць пасадзіць на шмат гадоў

13 жніўня 2021 года сілавікі схапілі два дзясяткі чалавек і змясцілі іх у Следчы ізалятар Камітэту дзяржаўнай бяспекі ў сувязі з заявамі дэпутата Алега Гайдукевіча аб нібыта спробе падпалу ягонага дому (ад якога ніхто не пацярпеў). Сярод затрыманых быў і Арцём Ярмак – яго падазравалі ў тым, што ён «даваў парады ў пытаннях падпалу».

Праз 109 дзён Арцёма вызвалілі пад «абавязак аб яўцы» – ён расказвае, што ў КДБ сказалі, што «пакуль адпускаюць» да суду. Ён уцёк з Беларусі: распавядае, што ішоў лясамі 30 км, начаваў у лесе пры тэмпературы –7 °С, праваліўся пад лёд на балоце, але 17 сакавіка 2022 года ўсё ж дабраўся да Літвы і нават атрымаў дапамогу памежнікаў, якія адагрэлі яго ў машыне.

У сакавіку 2023 года справу пачалі разглядаць у судзе: 18 абвінавачаных і 14 крымінальных артыкулаў, у тым ліку «Акт тэрарызму» і «Змова з мэтай захопу ўлады». Пра справу Ярмак не хоча расказваць падрабязнасцяў да заканчэння суду, каб выпадкова не нашкодзіць падсудным.

Праваабаронцы «DissidentBy» залічылі Арцёма ў палітвязні, але іншыя праваабарончыя суполкі, як то «Вясна», такога статусу яму не давалі (але і не адмаўлялі ў ім – праваабаронцы могуць доўга разглядаць справы з абвінавачваннямі ў гвалтоўных дзеяннях).

У матэрыялах «DissidentBy» згадваецца, што Ярмак служыў у Міністэрстве ўнутраных справаў і ў 2012 годзе быў звольнены праз «парушэнне ўмоваў кантракту». Гэта пацвярджаецца звесткамі з базаў, скрадзеных у сілавікоў «Кіберпартызанамі». «Белсату» не ўдалося адшукаць нейкіх прыкметаў таго, што Арцём Ярмак цяпер можа быць звязаны з сілавікамі, у тым ліку аб’яднанне былых сілавікоў «BYPOL» не выстаўляла да яго прэтэнзіяў ці падазрэнняў.

Агляд
Чортаў тузін справаў, «сенсацыйна раскрытых» Лукашэнкам
2023.03.09 14:48

Без паўнавартаснай легалізацыі цяжка знайсці працу

Ужо 15-ы месяц Арцём Ярмак чакае віду на жыхарства – кажа, ягоную справу ігнаруюць. Паводле яго, у Дэпартаменце міграцыі спасылаюцца на загружанасць праз наплыў уцекачоў, але ён не верыць: справы людзей, якія падаваліся пазней, ужо разгледжаныя.

Ярмак падаваў дакументы на статус уцекача і на пастаянны від на жыхарства з прычыны статусу ўцекача (ч. 7 арт. 53 закону «Аб прававым стане замежных асобаў»). Да справы прыкладваў усю сваю крымінальную справу, фота з мітынгу, дзе сварыцца з байцамі АМАП. Запоўніў анкету, прайшоў сумоўе ў Дэпартаменце міграцыі – і далей не было нічога, хоць, згодна закону, справу абавязаныя разглядзець цягам 6 месяцаў са дня падачы хадайніцтва.

Беларускі палітычны ўцякач Арцём Ярмак абвясціў галадоўку і пачаў адзіночны пікет пад літоўскім Дэпартаментам міграцыі. Вільня, Літва. 17 траўня 2023 года.
Фота: сябра Арцёма Ярмака

Ён прасіў тлумачэнняў, пісаў электронныя і папяровыя лісты, але не атрымаў ніякага адказу: ні станоўчага, ні адмоўнага, ні афіцыйных тлумачэнняў пра зацягванне працэдуры. Напісалі толькі, што магчыма, справу разглядзяць у ІІІ квартале.

Пакуль ён знаходзіцца ў Літве легальна – з карткай аб чаканні легальнага статусу. Фармальна такая картка дае дазвол на працу, але фактычна выходзіць, што на працу з ёй нідзе не бяруць, наракае Ярмак. Ён кажа, што праз немагчымасць знайсці працу не можа нават нармальна харчавацца і сачыць за сваім здароўем.

Ярмак 2 траўня пісаў Дэпартаменту міграцыі, што ягонай заяве споўнілася 14 месяцаў, таму ён будзе абвяшчаць галадоўку. Кажа, і пасля гэтага на сувязь ніхто з Дэпартаменту не выйшаў.

«Псіхалагічны стан такі вельмі напружаны: ты проста ў гэтай краіне ніхто і нішто, – наракае Арцём. – Не маеш ніякіх правоў з гэтай паперкай з зялёнай паласой, яна нічога не дае, ніякай свабоды выбару і дзеянняў».

Цяпер ён стаіць з адзіночным пікетам пад Дэпартаментам міграцыі, збіраецца трымаць галадоўку. Кажа, ведае яшчэ пра два дзясяткі беларусаў, якія маюць такую ж праблему.

Што кажа Дэпартамент міграцыі Літвы

Дэпартамент міграцыі Літвы даў пісьмовы адказ на запыт «Белсату» – растлумачыў, што не можа каментаваць справы канкрэтных людзей з прынцыпаў абароны прыватных звестак. Але адзначыў:

«Мы шкадуем, што праз павялічаную нагрузку разгляд заяваў некаторых фізічных асобаў займае больш часу. Аднак Дэпартамент міграцыі прыкладае ўсе намаганні, каб як мага хутчэй ліквідаваць затрымкі».

У дэпартаменце таксама звярнулі ўвагу на тое, што ў апісаным выпадку нельга казаць пра адсутнасць свабоды руху: асобаў, якія шукаюць прытулку, могуць толькі затрымаць паводле рашэння суду, а калі такога рашэння няма, то любы, хто шукае прытулку, можа перасоўвацца па тэрыторыі Літвы. Заяўнік можа сяліцца, дзе захоча, і можа нават атрымаць часовае жытло за дзяржаўны кошт. Акрамя таго, як падкрэслілі ў дэпартаменце, заяўнік мае права на працу, калі ягонае хадайніцтва аб прытулку не разглядзелі цягам шасці месяцаў.

Разбор
Зарэгістраваць шлюб, развесціся, памяняць пашпарт: як зрабіць гэта за мяжою
2023.05.14 07:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў