Следчы камітэт скончыў расследаванне ў дачыненні 42-гадовага жыхара Менскага раёну ў справе катаванняў і сексуальнага гвалту прыёмных дзяцей, паведамляе прэс-служба СК.
Паводле версіі следства, мужчына з 2012 да 2021 года наўмысна, з ужываннем гвалту і пагрозаў здзяйсняў сексуальны гвалт у дачыненні сына і дачкі. Дзеці былі ўсыноўленыя: хлопцу цяпер 16 гадоў, дзяўчыне – 20.
У справе – дзясяткі злачынных эпізодаў. З сынам мужчына здзяйсняў гвалтоўныя дзеянні сексуальнага характару, а дачку і гвалтаваў. Маці дзяцей, таксама прыёмная, паводле звестак следства, у пэўны момант даведалася, што адбываецца, і не раз была сведкам гвалту ў дачыненні дзяўчынкі, аднак не звярталася ў міліцыю. Дзеці супраціўляцца не маглі праз узрост ды індывідуальна-псіхалагічныя асаблівасці. Да таго ж бацька пагражаў ім пакараннем і шантажаваў.
Акрамя таго, усе гэтыя 10 гадоў мужчына катаваў і эксплуатаваў дзяцей: прымушаў шмат працаваць у гаспадарцы, займацца будоўляй, агародам, даглядаць жывёлу, а за любую правіннасць збіваў дзягаю, кулакамі, прымушаў начаваць у хляве, у двары, пазбаўляючы цяпла і сну, таксама часта пакідаў без ежы. Ён называў гэта «працатэрапіяй».
Таксама, паводле матэрыялаў справы, у 2019 годзе абвінавачваны з нажом у руках пагражаў дачцэ забіць яе.
Па выніках расследавання мужчыну выставілі абвінавачанне паводле сямі артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Матэрыялы ў адносінах ягонай жонкі вылучаныя ў асобны працэс: ейным дзеянням дадуць прававую ацэнку на прадмет неданясення або ўкрывальніцтва злачынстваў.
Абвінавачваны цяпер пад вартаю, справу перадалі ў пракуратуру для накіравання ў суд. У Менскі райвыканкам унеслі прадастаўленне аб зняцці «парушэнняў закону, прычынаў і ўмоваў, якія спрыялі ўчыненню злачынстваў».
Марыя Мурашка, belsat.eu