Суддзя Вітольда Ашурка і «расстрэльны» артыкул. За што і дзе будуць судзіць «групу Аўтуховіча»


18 траўня мае пачацца судовы працэс над 12 беларусамі, якіх следчыя аб’ядналі ў так званую групу Аўтуховіча і вінавацяць у тым ліку ў тэрарызме. Самому Аўтуховічу выставілі 10 артыкулаў. Разбіраць справу меліся ў Гарадзенскім абласным судзе, але за тыдзень да пачатку ўлады перастрахаваліся: працэс пачнуць на тэрыторыі гарадзенскай турмы № 1.

Мікалай Аўтуховіч пасля вызвалення з турмы ў 2014 годзе.
Фота: svaboda.org

«Гэта дасць ім права казаць пра «адкрыты» суд»

Тое, што суд пройдзе на турэмнай тэрыторыі, пацвердзіла Кацярына, дачка Мікалая Аўтуховіча, і дачка яшчэ аднаго фігуранта справы – Уладзіміра Гундара. Абедзве спасылаюцца на інфармацыю, атрыманую ад адвакатаў. Адзін з іх нядаўна размаўляў з суддзём, які будзе разглядаць справу, і той паведаміў, што суд «плануецца быць адкрытым».

«Гэтая фармальна дасць ім права казаць пра адкрыты суд. Але, у такім выпадку, хутчэй за ўсё, адкрыты ён будзе толькі для БТ і, магчыма, найбліжэйшых сваякоў вязняў», – каментуе інфармацыю пра перанос суда на тэрыторыю турмы праваабаронца Васіль Завадскі.

Каб трапіць на судовае пасяджэнне, трэба будзе атрымаць дазвол ад начальніка турмы № 1 у Горадні. Досвед такіх «адкрытых» судоў паказвае, што атрымаць дазвол будзе вельмі праблематычна.

Гарадзенская турма. Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

Наконт суддзі. Справу «групы Аўтуховіча», як паведамляюць праваабаронцы, будзе разбіраць Максім Філатаў. Той самы, які 18 студзеня 2021 года ў Лідзе вынес вырак актывісту Вітольду Ашурку. Пасля таго працэсу Філатаў пайшоў на павышэнне, цяпер ён працуе ў Гарадзенскім абласным судзе. Яму даверылі «справу Аўтуховіча».

У справе таксама праходзяць Уладзімір Гундар (ужо асуджаны да трох гадоў калоніі паводле арт. 366 КК), Вольга Маёрава, Галіна Дзербыш, Віктар Снегур, Павел Сава, Дзмітрый, Сяргей, Павел і Любоў Разановічы.

Якія злачынствы інкрымінуюць

Дэталёвых звестак пра справу пакуль не маюць ні сваякі, ні сябры, ні праваабаронцы, бо адвакаты абвінавачваных – пад падпіскаю пра нераспаўсюд інфармацыі. Паводле адной з нашых крыніцаў, сам Мікалай Аўтуховіч апошнія месяцы быў у інфармацыйнай ізаляцыі – настолькі шчыльнай, што пра вайну ва Украіне даведаўся нядаўна.

У інтэрнэце прайшоў збор сродкаў на аплату другога адваката для Мікалая Аўтуховіча. Грошы ўжо сабраныя. Як патлумачыў праваабаронца Васіль Завадскі, другі адвакат патрэбны, каб перастрахавацца і «пазбегнуць накладак».

«У такіх акалічнасцях мала пра што можна казаць з пэўнасцю. Склад абвінавачання, на жаль, невядомы, але на сайце Генпракуратуры была нейкі час таму публікацыя пра так званую групу Аўтуховіча, якой інкрымінуюць цэлы шэраг артыкулаў, і там яны пералічаныя», – адзначае Васіль Завадскі.

Мікалай Аўтуховіч падчас допыту. 2022 год. Скрыншот з відэа ОНТ

Паводле інфармацыі, пададзенай Генпракуратураю РБ з нагоды перадачы справы ў суд, абвінавачваным агулам інкрымінуюць 12 злачынстваў, сярод якіх – «акт тэрарызму». Пакаранне за яго прадугледжвае ч. 3 арт. 289 Крымінальнага кодэксу РБ. Гэта «расстрэльны» артыкул.

  • «Стварэнне злачыннай арганізацыі і ўдзел у ёй» (ч. 1-3 арт. 285 КК);
  • «Замах на захоп дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам» (ч. 2 арт. 357 КК);
  • «Здрада дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК) – выстаўлены толькі Аўтуховічу;
  • «Распальванне іншай сацыяльнай варожасці» (ч. 3 арт. 130 КК);
  • «Заклікі да санкцыяў, іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь» (ч. 3 арт. 361 КК);
  • «Замах на ўцягванне ў тэрарыстычную дзейнасць» (ч. 1 арт. 290-2 КК);
  • «Акт тэрарызму і рыхтаванне да яго» (ч. 3 арт. 289 КК);
  • «Незаконныя дзеянні ў дачыненні агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў і выбуховых прыладаў, у тым ліку рыхтаванне да такіх дзеянняў» (ч. 3-4 арт. 295 КК);
  • «Незаконнае перамяшчэнне праз мытную мяжу ЕАЭЗ і дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь агнястрэльнай зброі, камплекту боепрыпасаў да яго, выбуховых рэчываў і прыладаў» (ч. 3 арт. 333-1 КК);
  • «Незаконныя дзеянні ў дачыненні прадметаў, паражальнае дзеянне якіх заснаванае на выкарыстанні гаручых рэчываў» (ч. 1 арт. 295-3 КК);
  • «Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК);
  • «Пакрыванне цяжкага злачынства» (ч. 1 арт. 405 КК).

Нагадаем, што Савет Рэспублікі 4 траўня ўхваліў законапраект зменаў у Крымінальны кодэкс, паводле якога смяротнае пакаранне могуць прызначаць цяпер нават за рыхтаванне (ці замах) акту тэрарызму.

«Здрада радзіме»? Гэта блюзнерскае абвінавачанне»

Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», Мікалая Аўтуховіча, які праходзіць у справе як «арганізатар і кіраўнік тэрарыстычнай групы», могуць судзіць паводле дзесяці з пералічаных вышэй артыкулаў. Яму не інкрымінуюць арганізацыі і рыхтавання дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК), і пакрывання цяжкага злачынства (ч. 1 арт. 405 КК).

Як паведамляла Генпракуратура, Мікалай Аўтуховіч і чальцы арганізаванай групы «чынілі акты тэрарызму з мэтай аказваць уздзеянне на прыняцце рашэнняў органамі ўлады, перашкаджаць палітычнай дзейнасці, запалохваць насельніцтва і дэстабілізаваць грамадскі парадак». У якасці фактаў прыводзяць падпалы дому і аўтамабіля «Audi 80» у кастрычніку 2020 года ў Ваўкавыску, а таксама падрыў аўтамабіля «Škoda Octavia» ў Горадні ў лістападзе 2020-га (маёмасць належала міліцыянтам).

Артыкулы
З палітзняволенай Вольгі Маёравай знялі абвінавачанне ў тэрарызме
2022.02.10 18:13

Як заўважае праваабаронца Васіль Завадскі, ці не найбольш абсурднае абвінавачванне Аўтуховічу – у здрадзе радзімы:

«Проста блюзнерскае абвінавачанне для сапраўднага патрыёта. І не толькі гэта. Такія абвінавачанні, як замах на захоп улады, у дачыненні Аўтуховіча – поўная бязглуздзіца».

«Беларускі майдан» і «Тратыл пратэсту»

Такой жа прыкладна ацэнкі прытрымліваецца і дырэктарка фонду «Беларускі майдан», блогерка Алена Васільева, якая цяпер жыве ва Украіне:

«Поўная хлусня. Зразумела, што ўсё робіцца з пункту гледжання лукашэнкаўскага так званага заканадаўства. Інакш і быць не магло».

Голас Алены Васільевай падчас нібыта размовы з Аўтуховічам і ліставанне з ім фігуруюць у прапагандысцкім фільме «Тратыл пратэсту», зняты цягам двух месяцаў па затрыманні Мікалая Аўтуховіча і паказаны на беларускім тэлебачанні ў лютым 2021 года (аж у дзвюх частках). Менавіта са стужкі стала вядома, што Аўтуховіча, хутчэй за ўсё, абвінавацяць у тэрарызме, а следчыя ўжо «ствараюць злачынную групу». Паводле аўтараў «Тратылу», Мікалай Аўтуховіч прыязджаў ва Украіну, каб набыць зброю і выбухоўку. Асаблівую ролю ў той «аперацыі» прыпісалі фонду, якім кіруе Васільева.

Паводле спадарыні Алены, яна сапраўды сустракалася ў Кіеве з Аўтуховічам, але іхная размова датычыла зусім іншага. Яны абмяркоўвалі інтэрвʼю, якое Аўтуховіч меўся даць украінскаму журналісту Айдэру Муждабаеву. Інтэрвʼю ў выніку так і не адбылося, бо Муждабаеў захварэў на ковід.

Паводле Васільевай, гэта было адно з апошніх паведамленняў ад Аўтуховіча перад арыштам. Ён рыхтаваўся выйсці з падполля і пачаць публічную дзейнасць. Скрыншот ад Алены Васільевай.

«Мы гэта абмяркоўваем, а ў «Траціле пратэсту» фонд «Беларускі майдан» падаюць як пляцоўку для збору сродкаў на зброю і як арганізацыю, якая гэтую зброю перадавала. Насамрэч нескладана высветліць, і ва Украіне гэта ведаюць, што Мікалай Аўтуховіч ніколі ніякай зброю не збіраў з дапамогаю фонду ці іншых арганізацыяў», – сцвярджае Алена Васільева.

Жанчына мяркуе, што «Беларускі майдан» прыцягнуў увагу беларускіх органаў сваёй назваю. Насамрэч на базе фонду меркавалі стварыць беларуска-ўкраінскае выданне. Грошы фонд ніколі не збіраў і мае на рахунку ўсяго 900 грыўняў.

«Ну скляпана! Нават галасы, якія гучаць у гэтым фільме, скляпаныя. Мой і Мікалая. Пытанне ўзятае з адной размовы, да яго прылеплены адказ з нейкай іншай. Я ўпершыню пабачыла, як можа нешта кляпацца нібыта з тваім голасам, пры гэтым змест і сэнс не адпавядае рэчаіснасці. Гэбэшныя тэхналогіі ў дзеянні! Такія рэчы, пра якія вядзецца ў фільме, не абмяркоўваюцца праз тэлефон ці «Тэлеграм». Так, мы сустракаліся, пілі каву. І што?..» – задаецца пытаннем Алена Васільева.

Чаму Аўтуховіча дасюль не прызналі палітычным вязнем

Як мяркуе праваабаронца Васіль Завадскі, фільм паказалі па БТ, каб «падрыхтаваць грамадскую думку ў патрэбным сілавым структурам накірунку» і нічога агульнага з заканадаўствам не мае. Ён парушае правы зняволенага, якому не даюць выказаць сваёй пазіцыі.

У канцы 48-хвіліннай (!) стужкі аўтары намякаюць, што Аўтуховіч мог нібыта ўжыць тратыл у грамадскім транспарце. Праваабаронца лічыць гэта цалкам абсурдным:

«Пасля таго як яго затрымалі, мне даводзілася гаварыць і пісаць пра тое, што Мікола па сваёй сутнасці і менталітэце зусім не злачынца. Наадварот! Гэты чалавек – патрыёт, які перажывае за дзяржаву і імкнецца да таго, каб у ёй была адноўленая і панавала законнасць. І калі ён нешта рабіў, то, я ўпэўнены, рабіў нешта акурат у гэтым кірунку».

Мікалай Аўтуховіч. 2014 год.
Фота: svaboda.org

Не ўяўляе сабе Аўтуховіча тэрарыстам і Алена Васільева.

«Больш добрага і праўдзівага чалавека цяжка сабе ўявіць. Гэта праўда», – цвердзіць яна. І выказвае шкадаванне, што дасюль Аўтуховіча афіцыйна не прызналі палітычным вязнем: ён заслужыў гэты статус, бо змагаўся з рэжымам Лукашэнкі шмат гадоў, і для яго гэта была «асабістая вендэта з узурпатарам».

«Чаму не прызнаюць? Гэта звязана з пэўнымі правіламі, згодна з якімі дзеюць праваабаронцы. Я таксама разумею пазіцыю, калі ўсё ж такі прызнаюць палітычнымі вязнямі тых, хто не ўжываў гвалтоўных метадаў у сваёй дзейнасці.

Між тым, трэба прызнаць, што гэта добра разумее і рэжым, ён ужо навучыўся дзеяць так, каб перашкаджаць у гэтым сэнсе і праваабаронцам, і тым людзям, якія цярпяць», – патлумачыў праваабаронца Васіль Завадскі.

На ягоную думку, прыклад Аўтуховіча паказвае, што «праваабарончай супольнасці трэба пачаць рабіць нейкія сурʼёзныя захады, каб прынамсі нешта змяніць у гэтай пазіцыі».

«Маральны дух застаецца нязломным»

Пра стан здароўя Мікалая Аўтуховіча мала што вядома.

«Паводле розных крыніцаў, стан здароўя Мікалая больш-менш, скажам так. Як магу меркаваць, яго не назавеш добрым. Прынамсі пасля таго, як ён вельмі цяжка перанёс некалькі разоў каронавірус ды меў праблемы з суставамі і страўнікам.

Але маральны дух, наколькі можна меркаваць, як быў, так і застаецца моцным, я б сказаў, нязломным. Знаходзіць сілы падтрымліваць і іншых», – гаворыць Васіль Завадскі.

Праваабаронцу найбольш імпануе ў Аўтуховічу талерантнасць да меркаванняў іншых асобаў, а з другога боку – ягоная нецярпімасць да любых праяваў несправядлівасці, «адметная душэўнасць» і чалавечнасць, якая выразна праяўляецца ў лістах з-за кратаў да блізкіх.

«Ён герой!»

Алена Васільева называе Аўтуховіча героем:

«Герой. Калі размаўляеш з ім, ясна ўсведамляеш, што лёс падарыў табе сустрэчу з героем. Гэта адчуваецца. У тым, што я кажу, няма ні пафасу, ні ліслівасці. Проста разумееш, што побач з табою – герой! Які паставіў перад сабою мэту. Які любіць Беларусь да самаахвярнасці і разумее прычынна-выніковыя сувязі таго, што адбываецца. Я нават не ведаю, ці сустракала я ў сваім жыцці ў прынцыпе яшчэ такіх людзей, такіх герояў, у той ступені, пра якую кажу. Напэўна, не».

Hавiны
«У аператыўнай справе я меў псеўданім Чэ Гевара». Інтэрв’ю Мікалая Аўтуховіча з падполля
2019.03.14 11:00

Да затрымання 8 снежня 2020 года Мікалай Аўтуховіч агулам адбыў у зняволенні рэкордны для беларускіх палітычных вязняў тэрмін – 7 гадоў і 5 месяцаў.

  • Упершыню Мікалая Аўтуховіча ўзялі пад варту ў сярэдзіне 2005 года. За кратамі абвесціў галадаванне, якое трымаў 74 дні (страціў 38 кг), пасля чаго быў пераведзены на хатні арышт. У лісце генпракурору заявіў, што не будзе пад арыштам, бо справа мае палітычны характар. Чарговы раз быў затрыманы ў Менску. У ліпені 2006 года Аўтуховіча асудзілі на 3,5 года зняволення, прызнаўшы вінаватым ва ўхіленні ад выплаты падаткаў і ажыццяўленні прадпрымальніцкай дзейнасці без рэгістрацыі ды атрымання ліцэнзіі. Быў прызнаны палітычным вязнем. Вызвалены ў 2008 годзе ў выніку санкцыяў ЗША і ЕЗ.
  • Зноў затрыманы ў 2009 годзе. Абвінавачаны ў падпале і рыхтаванні тэракту. У СІЗА № 1 Менску тры месяцы трымаў галадаванне. У траўні 2010-га быў асуджаны на 5 гадоў і 2 месяцы зняволення паводле ч. 3 арт. 295 КК («Незаконныя дзеянні ў дачыненні агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў») – за пяць патронаў ад паляўнічай вінтоўкі. Абвінавачанні ў рыхтаванні тэракту не былі даказаныя. У турме двойчы адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі. Выйшаў на волю ў красавіку 2014-га.
  • У 2018 годзе Аўтуховіч пасля спробаў уладаў чыніць супраць яго правакацыі сышоў у падполле. У траўні 2019-га заклікаў Лукашэнку цягам месяца сысці з пасады.
  • 8 снежня 2020 года быў затрыманы ў Берасці разам з сям’ёю святара Сяргея Разановіча.

Мікалай Аўтуховіч – ветэран вайны ў Афганістане, яму 59 гадоў. Жанаты, дачка Кацярына жыве за мяжою.

Аналітыка
Ці сапраўды існавала «тэрарыстычная група» Аўтуховіча? Аналізуем гучную справу
2021.02.26 20:06

Зміцер Міраш, belsat.eu

Стужка навінаў