Сайты Мінабароны і Мінінфарма РБ абваліліся


Сайты Міністэрства абароны і Міністэрства інфармацыі Беларусі не працуюць з-за хакерскай атакі. Аб гэтым паведамляе «Еўрарадыё».

Сайты Мінінфарму і Мінабароны РБ недасяжныя. Скрыншот: «Еўрарадыё» / Telegram / euroradio

17 красавіка не працуюць сайты Мінабароны і Мінінфарму РБ. Два ведамасныя рэсурсы пэўны час былі недасяжныя ні знутры краіны, ні з-за яе межаў. На момант выхаду публікацыі, сайт Міністэрства інфармацыі аднавіў працу, сайт Міністэрства абароны – яшчэ не. Сайты іншых дзяржаўных органаў працуюць без збояў.

Паводле «Еўрарадыё», сайты названых міністэрстваў і нават усю Беларусь абяцалі ўнесці ў «чорны спіс» хакеры з расейскай групоўкі «Killnet». Пра іх вядома, што яны выступаюць за Расею і пераважна атакуюць краіны NATO. Аднак Беларусь правінілася ў іх вачах тым, што сілавікі затрымалі ў Гомлі заснавальніка «Anonymous Russia» (уваходзіць у «Killnet») Арсенія Елісеева. У дадзены момант 18-гадовы Raty (нік Елісеева) утрымліваецца СІЗА Гомля.

Раней тэлеграм «Белсату» паведамляў, што 16 красавіка беларускія сілавікі арыштавалі заснавальніка прарасейскай хакерскай групоўкі «Anonymous Russia», супрацоўніка прарасейскай хакерскай сеткі «Killnet» Арсенія Елісеева. Ён з’яўляецца грамадзянінам Беларусі. Пасля затрымання паплечніка хакеры пачалі пагражаць беларускім спецслужбам і далі ім час да сёмай раніцы 17 красавіка паводле менскага часу. Пасля гэтага хакеры абяцалі атакаваць інфраструктуру беларускіх уладаў.

Вядома, што прарасейская групоўка «Killnet» актывізавалася пасля ўварвання Расеі ва Украіну. Яна брала на сябе адказнасць за атакі на афіцыйныя сайты дзяржустаноў Малдовы і Чэхіі, шпіталі Нідэрландаў і Еўрапарламент, а таксама за напады на літоўскія дзяржсерверы, нарвежскія арганізацыі і амерыканскую ваенную кампанію «Lockheed Martin» – вытворцы ракетнай сістэмы HIMARS.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў