Дзяржкантроль: пяць фірмаў завышалі цэны на медычныя тавары і лекі для ўстаноў аховы здароўя


Службовыя асобы пяці беларускіх кампаніяў пастаўлялі за завышаныя цэны лекі і медычныя тавары ўстановам аховы здароўя. Але былі схопленыя пры спробе ўцячы за мяжу, канфіскаваныя буйныя сумы валюты, арыштаваная маёмасць. Аб гэтым паведамляе прэсавая служба Камітэту дзяржкантролю.

Канфіскаваныя ў межах крымінальнай справы грашовыя сродкі.
Фота: kgk_oficial / Telegram

17 красавіка сталі вядомыя падрабязнасці «маштабнай супрацьпраўнай дзейнасці службовых асоб пяці прыватных кампаніяў», якія пастаўлялі медычныя і фармацэўтычныя тавары ва ўстановы аховы здароўя. Паводле КДК, работнікі прыватных кампаніяў выкарыстоўвалі схему пастаўкі ў Беларусь названых тавараў ад замежных вытворцаў праз падстаўныя замежныя фірмы.

Схема была такая: службовыя асобы беларускіх кампаніяў дамаўляліся з замежнымі вытворцамі тавараў аб пастаўцы на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь, і тавары накіроўваліся непасрэдна на адрас беларускіх субʼектаў гаспадарання. Дакументальна ж пастаўка афармлялася на адрас падкантрольных замежных арганізацыяў. Тыя ж у сваю чаргу, павялічваючы цану на тавары ў асобных пазіцыях у чатыры-пяць разоў, рэалізоўвалі яе беларускім кампаніям, дзе працавалі службовыя асобы. Пры гэтым пытаннямі набыцця тавараў займаліся службовыя асобы беларускіх арганізацый, а не фірмаў-пасярэдніц, якія былі ўключаныя ў схему толькі для афармлення ўгодаў куплі-продажу.

«У выніку розніца ў цэных асядала на рахунках замежных фірмаў-пасярэднікаў, падкантрольных беларускім кампаніям, а самі кампаніі завышалі выдаткі і цэны на медычныя і фармацэўтычныя тавары, якія пастаўляюцца ва ўстановы аховы здароўя рэспублікі. Нанесеная дзяржаве шкода ў выглядзе нявыплачаных падаткаў склала больш за Br 8,9 млн», – гаворыцца ў паведамленні КДК.

Супраць заснавальнікаў і кіраўнікоў кампаніяў распачалі крымінальныя справы. Двое з фігурантаў справы былі затрыманыя ў памежным пункце пропуску «Лоша» пры спробе выехаць за мяжу. Падазраваныя далі прызнальныя паказанні і садзейнічаюць у расследаванні крымінальных справаў.

КДК канфіскаваў у зламыснікаў больш за $ 250 тыс. і € 55 тыс., на маёмасць падазраваных, у тым ліку абʼекты нерухомасці і аўтамабілі прэміум-класу, накладзены арышт.

Паведамляецца таксама, што ў сферы аховы здароўя РБ у 2022 годзе органамі фінансавых расследаванняў Камітэту дзяржкантролю выяўлена 27 злачынстваў, у бюджэт паступіла больш за Br 14,5 млн.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў