Менскага тэставальніка адправілі ў калонію за ўдзел у пратэстах 2020 года


Суд Маскоўскага раёну Менску 12 красавіка агучыў вырак тэставальніку Юрыю Вуснічу. Яго прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх») Крымінальнага кодэксу і прысудзілі 2,5 года калоніі. Пра гэта паведамляе ПЦ «Вясна».

Юрый Вусніч скончыў Менскі радыётэхнічны каледж і Інстытут інфармацыйных тэхналогіяў БДУІР. Працаваў тэставальнікам. Быў затрыманы 13 студзеня 2022 года, утрымліваўся ў СІЗА № 1 Менску.

Юрый Вусніч.
Фота: spring96.org

Паводле матэрыялаў абвінавачання, Юрый Вусніч браў актыўны ўдзел у акцыях пратэсту ў жніўні 2020 года ў Менску, у тым ліку на Плошчы і праспекце Незалежнасці, груба парушаў грамадскі парадак, выкрыкваў лозунгі, перашкаджаў руху грамадскага транспарту, не падпарадкоўваўся патрабаванням супрацоўнікаў унутраных справаў.

Суд пастанавіў прызнаць Юрыя Вусніча вінаватым і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму тэрмінам на 2,5 года.

Вырак вынесла суддзя Таццяна Пірожнікава.

  • Паводле праваабаронцаў, з лета 2020 года адбываюцца самыя масавыя ў найноўшай гісторыі Беларусі рэпрэсіі. За гэты час ва ўсёй краіне следчыя органы распачалі больш за 5000 крымінальных справаў, звязаных з пратэстамі. На дзень 17 красавіка 2022 года праваабаронцы прызналі палітычнымі вязнямі 1129 асобаў.
  • З лета 2020 года тысячы пратэстоўцаў па ўсёй краіне сталіся ахвярамі мэтанакіраваных катаванняў, каля 41 000 асобаў былі затрыманыя. Згодна з рознымі ацэнкамі, у выніку палітыкі дзяржаўнага тэрору загінулі ад 4 да 20 асобаў. Пры гэтым ні за катаванні, ні за забойствы іншадумцаў да адказнасці нікога не прыцягнулі.

РР belsat.eu

Стужка навінаў