У Пінску распачалі крымінальную справу супраць кіраўніцы дабрачыннай арганізацыі

Кіраўніцу дабрачыннай арганізацыі вінавацяць у «фінансаванні ўдзельнікаў пратэставых акцыяў».

«Праз дабрачынную ўстанову яе кіраўніца Ш. вылучала фінансавае і іншае матэрыяльнае забеспячэнне для ўдзельнікаў незаконных масавых мерапрыемстваў, якія прайшлі ў Пінску ў жніўні 2020 года і былі накіраваныя на дэстабілізацыю грамадска-палітычнага становішча. Падобная дзейнасць з’яўляецца грубым парушэннем заканадаўства і наносіць шкоду дзяржаўным і грамадскім інтарэсам», – заявілі ў пракуратуры.

Пінская міжраённая пракуратура распачала справу Ш. паводле ч.2 арт.342 («арганізацыя дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак») Крымінальнага кодэкса.

У прэс-рэлізе пракуратуры не называецца прозвішча кіраўніцы дабрачыннай арганізацыі. Але відавочна, што гаворка ідзе пра Алену Шымоліну, заснавальніцу прыватнай дабрачыннай арганізацыі «Палеская дабрыня». Шымоліна адкрыта падтрымала на выбарах Святлану Ціханоўскую, а потым дапамагала грамадзянам, якія пацярпелі ад рэпрэсіяў.

Улады ліквідавалі дабрачынную арганізацыю ў сакавіку. Тады ў офісе «Палескай дабрыні» і па месцы жыхарства Алены Шымолінай былі праведзеныя ператрусы, канфіскаваная тэхніка. Пасля шматгадзіннага допыту ДФР яе адпусцілі. Пасля гэтага Алена Шымоліна разам з дачкой зʼехала ў Польшчу.

ІІ belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны