Ноччу жыхары шэрагу гарадоў на поўдні Беларусі чулі гукі выбухаў


Тэлеграм-канал «Беларускі гаюн» адзначае, што інфармацыя пра выбухі стала паступаць пасля 23:00 16 сакавіка. Іх чулі ў Баранавічах, Століне, Пінску, Ганцавічах, Слуцку, Нясвіжы і Клецку.

Чытачы «Белсату» распавядаюць, што, напрыклад, у Баранавічах выбухі былі вельмі моцныя, раней такіх не было. «Сяброўка ў Баранавічах каля рынку жыве, кажа, ледзь вокны не вынесла, дзеці прачнуліся ад спалоху».

У Берасці гукі страляніны і выбухаў жыхары чулі яшчэ раніцай 16 сакавіка. Пазней мясцовая адміністрацыя паведаміла, што ў ваколіцах адбываюцца вучэнні. У прыватнасці, сцвярджалася, што вайскоўцы 111-й артылерыйскай брыгады выконваюць задачы ў рамках палявога выхаду на палігон «Берасцейскі». Стральба запланаваная на 16, 18, 23, 24 і 29 сакавіка. Адначасова 38-ая брыгада 16 і 17 сакавіка праводзіць планавую стральбу з гарматаў Д-30 калібрам 122 мм.

Праўладныя тэлеграм-каналы начныя выбухі таксама патлумачылі гэтымі вучэннямі. «Аднак адлегласць ад палігону да найбліжэйшага гораду, дзе чулі выбухі (Пінску), складае 165 км. Гук артылерыйскай стральбы не распаўсюджваецца на такую адлегласць», – піша «Беларускі Гаюн».

Таксама застаецца незразумелым, чаму нібыта планавыя вучэнні праводзяцца ноччу.

Адначасова ў ноч на 17 сакавіка зʼявілася інфармацыя, што ў горад Сарны Ровенскай вобласці (гэта каля 50 км ад мяжы з Беларуссю) прыляцелі тры расейскія ракеты.

Hавiны
У Лунінецкім раёне пасля крушэння расейскага самалёта праходзіць пошукавая аперацыя
2022.03.11 12:45

РР belsat.eu

Стужка навінаў