Пад Асіповічамі «Ніва» сутыкнулася з школьным аўтобусам. Загінуў пасажыр легкавіка


ДТЗ з удзелам школьнага аўтобуса пад Асіповічамі.
Фота: mvd.gov.by

У Асіповіцкім раёне сутыкнуліся «Ніва» і школьны аўтобус, у якім не было дзяцей, паведамляе МУС. Пасажыр аўтамабіля загінуў.

ДТЗ адбылося сёння ўранку на 3-м кіламетры шашы Асіповічы – Дараганава. Паводле папярэдняй інфармацыі, 55-гадовы кіроўца «Нівы» не даў рады з кіраваннем і выехаў на сустрэчную паласу, дзе і сутыкнуўся з аўтобусам.

У выніку загінуў 51-гадовы пасажыр «Нівы», які быў на пярэднім сядзенні. Кіроўца і два іншыя пасажыры шпіталізаваныя. З салону іх даставалі супрацоўнікі МНС.

У школьным аўтобусе, які ехаў па маршруце па дзяцей, акрамя кіроўцы былі чатыры дарослыя пасажыры. Ніхто не пацярпеў.

ЯП belsat.eu

Стужка навінаў