Суд аштрафаваў «Wildberries» за платнае вяртанне тавару


Суд Фрунзенскага раёну Менску вынес рашэнне аб накладанні штрафу на інтэрнэт-краму «Wildberries» за платнае вяртанне тавару. У суд на кампанію падало Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ).

Крама «Wildberries».
Фота: Retail.ru

Суд разглядаў парушэнне заканадаўства аб гандлі і абароне правоў спажыўцоў, а таксама невыкананне прадпісання МАРГ у вызначаныя тэрміны за платнае вяртанне тавару.

Судовыя паседжанні прайшлі 16 і 17 студзеня, па іх выніках кампаніі выпісалі два штрафы – 9 і 10 базавых велічынь (Br 333 і 370).

«У адпаведнасці з рашэннямі суда Фрунзенскага раёну Менску на службовую асобу інтэрнэт-крамы «Wildberries» накладзеныя штрафы памерам 9 і 10 базавых велічынь (1 БВ = Br 37)», – расказалі ў МАРГ.

Раней кампанія «Wildberries» ужо ўводзіла платнае вяртанне тавару, але адмяніла яго ў верасні на патрабаванне МАРГ. У снежні плата за вяртанне вярнулася, а 14 студзеня інтэрнэт-крама зноў заявіла пра адмену платнага вяртання.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў