«Лукашэнка прывык гуляць з агнём». Што стаіць за планамі правесці расейска-беларускія вучэнні на мяжы з Украінай і ЕЗ


На фоне абвастрэння стасункаў паміж Расеяй і Захадам Аляксандр Лукашэнка абвесціў аб правядзенні пазапланавых беларуска-расейскіх вучэнняў на заходніх і паўднёвых межах Беларусі. Вучэнні маюць адбыцца ў лютым 2022 года – менавіта ў гэты перыяд, як раней паведамлялі заходнія спецслужбы, можа распачацца маштабнае ўварванне Расеі ва Украіну.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: kremlin.ru

«Салідныя» вучэнні з «дастаткова вялікім кантынгентам»

17 студзеня Лукашэнка зацвердзіў задуму аператыўных беларуска-расейскіх вучэнняў «Саюзная рашучасць – 2022». Яны маюць адбыцца ў лютым на паўднёвых і заходніх межах Беларусі.

«Гэтыя вучэнні не павінны быць чыста беларускімі. Гэта павінны быць нармальныя вучэнні для адпрацоўвання пэўнай задумы ў супрацьстаянні з гэтымі сіламі: Захаду (Прыбалтыка і Польшча) і поўдня (Украіна)», – заявіў Лукашэнка.

Невядома, колькі войскаў і баявой тэхнікі возьмуць удзел у манеўрах, але Лукашэнка кажа, што гэта павінны быць «салідныя» вучэнні. Начальнік генштабу Узброеных сілаў Віктар Гулевіч распавёў, што на тэрыторыі Беларусі будзе праведзенае перагрупоўванне «дастаткова вялікага кантынгенту», з якім будзе адпрацоўвацца шэраг задачаў – у прыватнасці, абарона Саюзнай дзяржавы на «паўднёвым аперацыйным кірунку». Таксама запланаваная праверка «вайскова-лагістычнай сістэмы для забеспячэння перагрупоўвання на вялікія адлегласці».

Дата пачатку вучэнняў пакуль не агучаная. Разам з тым у сеціве ўжо з’явілася інфармацыя аб перакідванні расейскіх вайскоўцаў у Беларусь (афіцыйнага пацверджання гэтых звестак няма).

Прапагандысцкае прыкрыццё

Беларускі бок апраўдвае неабходнасць гэтых вучэнняў «мілітарызацыяй» суседніх краінаў. У генштабе сцвярджаюць, што ў межах аперацыяў NATO «Пашыраная перадавая прысутнасць» і «Атлантычная рашучасць» побач з беларускай мяжой нібыта сканцэнтраваныя 10 тысяч вайскоўцаў, а яшчэ 23 тысячы быццам бы размешчаныя ў сувязі з міграцыйным крызісам (які насамрэч быў інспіраваным рэжымам Лукашэнкі). «Нашая краіна павінна рэагаваць на дадзеныя выклікі», – заявіў Гулевіч.

Лукашэнка таксама абвінаваціў Украіну ў нарошчванні сілаў на паўднёвых рубяжах Беларусі, у тым ліку за кошт падраздзяленняў Нацыянальнай гвардыі. Ён спаслаўся на тое, што ўкраінскі бок праводзіць на памежжы спецаперацыю «Палессе» з удзелам 10 тысяч вайскоўцаў. «Гэта значыць дынаміка такая, што ідзе нарошчванне вайсковага кантынгенту на паўднёвых межах нашай краіны», – адзначыў ён.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Настасся Уласава / Белсат

Аперацыю «Палессе», якая распачалася ў канцы лістапада, задумалі як адказ на інспіраваны рэжымам Лукашэнкі міграцыйны крызіс: у Кіеве не выключалі, што плынь мігрантаў могуць перанакіраваць на ўкраінскі кірунак, таму пастанавілі адпрацаваць план дзеянняў на выпадак спробаў прарваць мяжу. У вучэннях бралі ўдзел памежнікі, паліцыя, Нацыянальная гвардыя і Узброеныя сілы – агулам каля 8,5 тыс. чалавек.

Што датычыць аперацыяў NATO «Пашыраная перадавая прысутнасць» і «Атлантычная рашучасць», то яны былі ініцыянаваныя яшчэ ў 2014–2016 гадах у сувязі з расейскай агрэсіяй на Данбасе і ў Крыме. Гэтыя аперацыі прадугледжвалі ўзмацненне сілаў Альянсу ва Усходняй Еўропе. Але цяпер беларускі бок штучна інтэрпрэтуе гэтыя захады як нейкі новы выклік.

Аналітыка
Што трэба ведаць пра пагрозу ўцягвання Беларусі ў расейска-ўкраінскі канфлікт
2021.12.09 14:30

Прывід вялікай вайны

Важна падкрэсліць, што ў адрозненне ад манеўраў «Захад-2021» гаворка ідзе пра пазапланавыя вучэнні – Лукашэнка кажа, што яны з Пуціным дамовіліся іх правесці ў снежні. Гэтыя вучэнні адбудуцца ва ўмовах магчымага маштабнага ўварвання расейскай арміі ва Украіну, якое абмяркоўваецца сусветнымі медыямі ўжо некалькі месяцаў.

Цягам лістапада 2021 года ў шэрагу аўтарытэтных заходніх выданняў з’явіліся публікацыі, дзе са спасылкаю на спецслужбы даводзілася, што Расея канцэнтруе свае войскі на мяжы і плануе наступ, каб узяць пад кантроль большую частку Украіны. Кіраўнік галоўнага ўпраўлення выведкі Міністэрства абароны Украіны Кірыл Буданаў заявіў, што Расея рыхтуецца атакаваць да канца студзеня – у пачатку лютага. Прычым, паводле ўкраінскай выведкі, для ўварвання ў тым ліку можа выкарыстоўвацца тэрыторыя Беларусі. Паводле крыніцаў выдання «Bild», калі Беларусь далучыцца да ўварвання, то Расея зможа атачыць Кіеў з паўночнага ўсходу і паўночнага захаду.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: president.gov.by

Такім чынам, Лукашэнка прызначае пазапланавыя беларуска-расейскія вучэнні на заходніх і паўднёвых межах якраз на той час, калі, паводле заходніх спецслужбаў, Масква можа распачаць новае ўварванне ва Украіну. Прычым рашэнне наконт вучэнняў прымаецца на фоне імклівага абвастрэння стасункаў Расеі і Захаду.

На мінулым тыдні падчас перамоваў у Жэневе, Бруселі і Вене Расея спрабавала дамагчыся ад Захаду «гарантыяў бяспекі». У прыватнасці, Крэмль патрабуе, каб у NATO далі гарантыі не пашырацца на ўсход (у тым ліку за кошт далучэння да Альянсу Украіны) і адвялі ўсю вайсковую інфраструктуру ў Еўропе на пазіцыі 1997 года (то бок у тым ліку сышлі з Польшчы і краінаў Балтыі). ЗША і NATO катэгарычна адхілілі ўльтыматум Пуціна: яны настойваюць на тым, што кожная дзяржава мае права самастойна вызначаць свой лёс. Намесніца кіраўніка Дзярждэпартаменту ЗША Ўэндзі Шэрмэн (Wendy Sherman) паабяцала, што прынцып «нічога пра Украіну без Украіны» і «нічога пра NATO без NATO» захаваецца.

Hавiны
«Атака на Украіну павялічвае рызыку для Польшчы, краінаў Балтыі і Малдовы»
2022.01.12 14:15

Пасля таго, як перамовы зайшлі ў тупік, рыторыка Крамля стала яшчэ больш агрэсіўнай – сярод дэпутатаў Дзярждумы гучалі заявы аб аднаўленні Расейскай імперыі і нанясенні ядравага ўдару па ЗША. Пастаянны прадстаўнік РФ пры АБСЕ Аляксандр Лукашэвіч заявіў, што «мір любой цаной нам не патрэбен». Прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў сказаў, што стасункі Масквы і NATO падышлі да «чырвонай рысы» і падкрэсліў, што расейскі бок «не можа больш трываць».

У сваю чаргу генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг канстатаваў наяўнасць сурʼёзных рознагалоссяў з Расеяй і прызнаў рызыку ўзнікнення новага ўзброенага канфлікту ў Еўропе. Міністр замежных справаў Польшчы Збігнеў Раў падкрэсліў, што рызыка вайны сёння найвастрэйшая за апошнія 30 гадоў.

Раней Лукашэнка публічна заяўляў, што ў выпадку новай вайны Расеі з Украінай Беларусь «убаку не застанецца» і падтрымае Крэмль. Ён таксама казаў, што трэба «вярнуць Украіну ў лона нашай сапраўднай веры» і паабяцаў зрабіць усё, каб «Украіна стала нашай».

«Лукашэнка стараецца падгуляць Крамлю»

Навошта Лукашэнка ўцягваецца ў эскалацыю супрацьстаяння Расеі з Захадам і Украінай? Палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі лічыць, што Лукашэнка, як і заўсёды, пераследуе найперш свае палітычныя мэты.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: president.gov.by

«Пасля жніўня 2020 года, калі ягоная ўлада пахіснулася, яму асабліва стала патрэбна падтрымка Крамля. Таму ён стараецца падгуляць Крамлю, таму ўзмацнілася антызаходняя мілітарысцкая рыторыка. Лукашэнка, бачачы, што Крэмль ідзе на абвастрэнне з Захадам, разумее, што цяпер трэба падгуляць Пуціну. А наўзамен можна будзе разлічваць, што Пуцін не стане падштурхоўваць з транзітам улады і будзе болей шчодра даваць нейкія эканамічныя субсідыі. Вось такі разлік Лукашэнкі», – адзначыў ён у размове з belsat.eu.

Класкоўскі пры гэтым лічыць, што ўцягвацца ў рэальны ваенны канфлікт Лукашэнка не плануе.

«Лукашэнка прывык гуляць з агнём, тым больш што цяпер у яго добрых варыянтаў няма. Ён разумее, што трэба мацней трымацца за Крэмль, а для гэтага трэба ісці ў рэчышчы ягонай авантурнай палітыкі. Насамрэч, канечне, Лукашэнка не самагубца. Ён разумее, што ў выпадку вайны нікому мала не здасца і ягоная ўлада можа пахіснуцца. Таму ён спадзяецца, што нічым сурёзным гэта не скончыцца. Хаця любыя гульні з агнём, як вядома, небяспечныя», – кажа ён.

Класкоўскі звяртае ўвагу на тое, што з пункту гледжання вайсковых адмыслоўцаў наступаць на Украіну праз Беларусь не вельмі зручна – праз асаблівасці мясцовасці.

«З гэтага гледзішча таксама не вельмі імаверна, што могуць быць такія планы. Іншая рэч, што расейская авіяцыя з беларускіх аэрадромаў можа рабіць налёты на Украіну ў выпадку ваеннага канфлікту. Але пакуль што, я думаю, гэта гульня мускуламі. Наўрад ці і Пуцін хоча ўсурёз распачынаць вайну.

У Крамлі таксама не самагубцы: яны разумеюць, што і ўкраінская армія значна мацнейшая, чым была ў 2014 годзе, і Захад калі не заступіцца войскам, то прынамсі дапаможа Украіне ўзбраеннем. Ды і ў самой расейскай эліты на Захадзе і маёнткі, і рахункі, і дзеці вучацца… Таму я думаю, што ўсё гэта авантурная гульня Крамля, разлічаная, як кажуць расейцы, «на слабо» – на тое, што Захад спалохаецца і адступіць», – мяркуе аналітык.

Тыдзень
Забарона калійнага транзіту і прывід вялікай вайны. Падсумоўваем тыдзень у жывым эфіры
2022.01.16 21:01

РР belsat.eu

Стужка навінаў