З моманту прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі мінула 165 дзён, але беларусы працягваюць адстойваць свае правы і дамагацца праўды.
У яе няма грошай, каб заплаціць штрафы. Яна асуджаная па васьмі адміністрацыйных пратаколах па артыкулу 23.34. 54-гадовая Людміла Сульжыцкая ўжо не ведае, якую суму штрафаў агулам ёй прысудзілі.
Людміла Іванаўна распавяла «Белсату», як засталася без працы і стала галаўным болем смаргонскіх уладаў, чаму турма яе не спыняе і за што ёй больш за ўсё крыўдна.
Муж Кацярыны Андрэевай Ігар Ільяш напісаў адкрыты ліст следчым Фрунзенскага РАСК г. Менску, капітану юстыцыі Ігару Курыловічу і лейтэнанту Ігару Кудзелю, якія вялі следства ў крымінальнай справе супраць журналістак «Белсату».
Літва прапанавала правесці забраныя ў Беларусі матчы хакейнага чэмпіянату свету ў Вільні ці Каўнасе. З адпаведнай прапановаю літоўскі бок ужо звярнуўся да Латвіі.
«Адлегласць паміж Рыгай і Вільняй або Каўнасам невялікая, што важна, улічваючы сітуацыю з COVID-19. Да таго ж самастойна правесці турнір у Латвіі будзе складана, бо ў яе ёсць толькі адна вялікая арэна», – заявіў намеснік міністра адукацыі, навукі ды спорту Літвы Лінас Абкарскас.
Кіраўнік IIHF Рэнэ Фазель у інтэрв’ю «Матч ТB» чарговы раз распавёў аб тым, як было прынята рашэнне па пераносе ЧС-2021 з Менска і як праходзіла яго размова з Аляксандрам Лукашэнкам.
У судзе Маскоўскага раёна Менску пачалі разглядаць справу Дзмітрыя Кулакоўскага, які яшчэ летась узначальваў службу крымінальнага вышуку ў Заводскім РУУС сталіцы. Былога міліцыянта абвінавачваюць у абразе аператыўніка Упраўлення ўласнай бяспекі. Паводле версіі следства, Кулакоўскі пакінуў абразлівы каментар пад фота дзейнага супрацоўніка УУБ у суполцы «Карнікі Беларусі». Сам абвінавачаны гэта абвяргае і сцвярджае, што нават не ведае аператыўніка, пра якога ідзе гаворка.
19 студзеня пачалася вакцынацыя ад COVID-19 у Беларусі. Першымі расейскую вакцыну «Спутник V» прышчэпяць дактарам. Потым дойдзе чарга да педагогаў і ўсіх іншых ахвотных. У той жа час вядома, што ў Расеі распрацоўваюцца метады прымусу насельніцтва да вакцынацыі, бо далёка не ўсе вераць у эфектыўнасць і бяскрыўднасць расейскай вакцыны.
19 студзеня мінула два месяцы з моманту затрымання журналісткі TUT.BY Кацярыны Барысевіч, на волю яна не выйшла, захада стрымання не змененая, гэта значыць, яна працягвае заставацца ў следчым ізалятары.
Анестэзіёлаг Менскай больніцы хуткай дапамогі Арцём Сарокін застаецца ў зняволенні за тое, што распавёў пра дыягназ забітага пратэстоўцы Рамана Бандарэнкі. Ягоныя бацькі падзялілілся падрабязнасцямі справы. Маці Арцёма Сарокіна Галіна распавяла, што сын пасля аперацыі 12 лістапада прыехаў да бацькоў і распавёў, што ў больніцу прывезлі моцна збітага чалавека – Рамана Бандарэнку.
Новыя папраўкі ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс дазваляюць следчым прыпыняць праверкі паводле крымінальных справаў на бясконцы час. Пра гэта ў Facebook паведаміў юрыст Сяргей Зікрацкі. Змены ў КПК уступаюць у моц толькі з 14 красавіка. А вось норма, што дазваляе прыпыняць праверку на тэрмін больш за тры месяцы, пачала дзейнічаць ужо з 14 студзеня.
Раней праверка магла доўжыцца тры месяцы, яшчэ на тры месяцы яна магла быць прыпыненая. Такім чынам, шасцімесячны тэрмін з моманту падзеяў 9–11 жніўня 2020 года павінен быў скончыцца 9–11 лютага 2021 года. Цяпер жа змяненні ў КПК дазваляюць прыпыняць праверку на тэрмін больш як тры месяцы. Пры гэтым максімальны тэрмін прыпынення не ўсталяваны. Як вынік, пацярпелыя ў жніўні 2020 года ад дзеянняў сілавікоў беларусы могуць не пабачыць вынікаў праверкі паводле іхных заяваў.
У судзе Ленінскага раёну Берасця пачаўся разгляд крымінальнай справы, у якой абвінавачанымі праходзяць 10 чалавек. Іх абвінавачваюць паводле арт. 342 КК («Арганізацыя ды рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»). Віна людзей толькі ў тым, што 13 верасня яны танчылі ў карагодзе на скрыжаванні праспекту Машэрава і бульвараў Касманаўтаў ды Шаўчэнкі ў Берасці. Пракурор мяркуе, што такім чынам яны перашкаджалі руху транспарту ды нармальнай працы ўстановаў, якія месцяцца побач.
ІК, belsat.eu