Алег Хаменка: «Менск-арэна» – гэта хлеў


З крыламі за спінай у рок-бары «Крылы» музыка Алег Хаменка адклаў электрычныя канцэрты з «Палацам» і ўласныя сцэнічныя выступы ў акустыцы ды адкрыў новы фармат музычнага вечара, спусціўшыся да народу.

«Сустрэчы дарэчы» – гэтак называецца спатканне, дзе ёсць месца і для музыкі, і для размовы. Апроч Хаменкі, вялі вечарыну журналіст Алесь Круглякоў і прадзюсар Уладзімір Максімкоў. Усё экспромтам, аніводнага адрэпетаванага моманту.
{movie}Агляд падзеяў культуры|right|13372{/movie}
Сам Хаменка апавядае: «Мы нават разам не сустрэліся ані разу. Але мы ведалі законы жанру. Урэшце ж усё атрымалася, я вельмі задаволены застаўся. Хлопцы адчулі нейкі такі подых, калі адбываецца сапраўды цікавая размова цікавых людзей, і адбываецца публічна».

Наведнікі «Крылаў» пачулі багата эксклюзіўных аповедаў – пра падаванне заявак на «Еўрабачанне», пра тое, як ацэньвае лідар «Палацу» трыумф лунінецкага рэпера Макса Каржа ў «Менск-арэне». Дый самую «Арэну».

«Арэна – дрэнная паводле гуку пляцоўка, – кажа Алег Хаменка. – Гэта хлеў. А хто хоча выступаць у хлявах? Я хачу выступаць у палацах».

Адзін з наведнікаў, які назваўся 86-гадовым былым чэкістам, папрасіў Хаменку зграць што-небудзь для танцу і паскакаў пад палацаўскую «Дзеўку-семілетку». Сустрэча з Хаменкам і сябрамі ў бары «Крылы» не апошняя. Яна запачаткавала цэлую серыю праграмаў.

Кіраўнік «Беларускай музычнай альтэрнатывы» Віталь Супрановіч кажа: «Мы глядзім, што цяпер цікава. Калі нехта выдае альбом, мы хочам дапамагчы яму прэзентаваць сваю працу. Такая ў нас будзе Тацяна Беланогая. Нехта, як Кася Камоцкая, даўно не выступаў. Нехта звяртаецца сам, як Піт Паўлаў».

Заўтра ў аглядзе культуры чакайце чарговыя сустрэчы – разам з Таццянаю Беланогай.

Іншыя тэмы: У Берасці праходзіць рэтраспектыва фільмаў польскага рэжысёра Яна Якуба Кольскага. «Тузін гітоў» абвесціў шорт-ліст намінантаў на прэмію «Героі года 2013», у тым ліку пяць намінантаў-дэбютантаў. У філіяле Веткаўскага музею ў Гомлі да 14 снежня праходзяць майстар-класы народных танцаў.

Адэля Дубавец, «Навіны культуры»

Стужка навінаў