16 штатаў падалі ў суд на Трампа за будаўніцтва сцяны на мяжы з Мексікай


Кааліцыя з 16 амерыканскіх штатаў падала пазоў да прэзідэнта ЗША Доналда Трампа праз ягонае рашэнне прафінансаваць у абыход Кангрэса будаўніцтва сцяны на мяжы з Мексікай.

Як паведамляе The New York Times, пазоўнікі спрабуюць аспрэчыць планы Трампа выкарыстаць рэжым надзвычайнага становішча, каб накіраваць на будаўніцтва грошы, выдзеленыя на барацьбу з наркотыкамі, вайсковае будаўніцтва і праваахоўныя органы.

У пазове, пададзеным у акруговы суд Сан-Францыска, гаворыцца, што прэзідэнт ЗША не мае права пераразмяркоўваць федэральнае фінансаванне, паколькі выдаткі кантралюе Кангрэс.

15 лютага прэзідэнт ЗША Доналд Трамп абвясціў, што ўвядзе ў краіне надзвычайнае становішча праз сітуацыю на мяжы з Мексікай. Рэжым надзвычайнага становішча дае прэзідэнту пашыраныя паўнамоцтвы для барацьбы з крызісам.

Спрэчка стала прычынай самага працяглага ў гісторыі прыпынення работы ўрада ЗША. Трамп патрабаваў, каб на будаўніцтва выдзелілі пяць мільярдаў долараў, але Кангрэс пагадзіўся даць толькі 1,375 млрд долараў.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў