«Vерните мужа! Я Zадолбалась». У Расеі пратэстуюць жонкі мабілізаваных


У Расеі расце колькасць пратэстаў жонак і сваячак мабілізаваных, якія настойліва патрабуюць дэмабілізацыі сваіх родных з фронту. Яны ладзяць пікеты, флэш-мобы, пішуць звароты ў дзяржаўныя органы і сутыкаюцца з актыўным супрацьдзеяннем расейскай дзяржаўнай машыны. Каардынацыяй гэтага руху займаецца Telegram-канал «Путь домой». Расказваем, што вядома пра іхныя акцыі, чаго яны патрабуюць і ці выступаюць яны супраць самой вайны.

З такімі пытаннямі выступаюць удзельніцы руху «Шлях дамоў».
Фота: Путь Домой / Telegram

Кантракт, які вядзе ў труну

Актывізацыя руху, які пачаў звяртаць увагу на тое, што мабілізацыя стала фактычна бестэрміновай, назіраецца ў Расеі ў верасні 2023 года, праз год пасля «частковай мабілізацыі», абвешчанай Уладзімірам Пуціным.

Нагадаем, што 21 верасня 2022 года з-за недахопу войскаў на фронце прэзідэнт РФ выдаў указ, адным з пунктаў якога было пазначана, што «кантракты аб праходжанні ваеннай службы, падпісаныя вайсковаслужбоўцамі, працягваюць сваё дзеянне да заканчэння перыяду частковай мабілізацыі, за выключэннем выпадкаў звальнення вайсковаслужбоўцаў з вайсковай службы на падставах, устаноўленых гэтым указам». Падставаў усяго тры: непрыдатнасць (у тым ліку раненне), дасягненне гранічнага ўзросту на службе (цяпер 65 гадоў) і здзяйсненне злачынства. Такім чынам, атрымлівалася, што разарваць падпісаныя кантракты вайскоўцы проста не могуць. Пагатоў, пазней стала высвятляцца, што многія з іх падпісвалі тыя кантракты, нават не чытаючы.

Адным з асноўных патрабаванняў, якія гучаць усё мацней, стала неабходнасць ратацыі мабілізаваных, а таксама ўсталяванне тэрмінаў службы. У адказ ад дзяржаўных службоўцаў жонкі расейскіх мабілізаваных або атрымлівалі адпіскі, або сутыкаліся з блакаваннем рэсурсаў, дзе ў каментарах пад выступамі чыноўнікаў публікаваліся іхныя звароты.

У сярэдзіне лістапада з’явілася і афіцыйная рэакцыя: адзін з журналістаў перадаў словы з сустрэчы Пуціна аб тым, што «ўсе ваююць да канца СВА». Гэтак жа на масавыя скаргі адрэагаваў і старшыня камітэту Дзяржаўнай думы ў справе абароны Андрэй Картаполаў, які заявіў, што мабілізаваныя будуць заставацца на службе да канца вайны ва Украіне.

«Vерните мужа! Я Zадолбалась»

Адной з першых прыкметных акцыяў, праведзеных удзельніцамі руху, стаў пікет на Тэатральнай плошчы ў Маскве 7 лістапада 2023 года. Тады каля 30 чалавек падчас мітынгу камуністаў у гонар Кастрычніцкай рэвалюцыі выйшлі з плакатамі «Мабілізаваным час дадому», «Не – бестэрміновай мабілізацыі». Падобныя мітынгі планавалася правесці 19 кастрычніка па ўсёй Расеі. Але ў тых гарадах і рэгіёнах Расеі, дзе падаваліся заяўкі на іх правядзенне, арганізатары атрымлівалі адмовы. У Кемераўскай вобласці і Краснаярскім краі да жанчын, якія былі ў ініцыятыўных чатах, прыходзіла паліцыя і праводзіла праверку тэлефонаў, папярэджваючы пра штрафы за ўдзел у акцыях.

Удзельнікі акцыі ў Маскве 7 лістапада.
Фота: Путь Домой / Telegram

Крыху пазней ва Ульянаўску прайшоў яскравы флэш-моб, падчас якога жанчыны размясцілі на шыбах сваіх аўтаў налепкі з надпісамі «Vерните мужа! Я Zадолбалась», «Vерните Zятя». Да арганізатарак гэтага флэш-мобу таксама прыходзіла паліцыя з патрабаваннем зняць налепкі і выдаліць фотаздымкі з сацсетак, а таксама з пагрозамі прыцягнуць да адказнасці «за дыскрэдытацыю арміі».

Удзельніцы флэш-мобу ў Расеі клеілі налепкі на шыбы аўтаў. Пры гэтым характэрна, што на шыбе ёсць літара «Z» – сімвал падтрымання вайны ва Украіне.
Фота: Путь Домой / Telegram

Паступова акцыі пачалі шырыцца па ўсёй Расеі, сімвалам гэтага руху жанчыны абралі белую хустку як своеасаблівую адсылку да мацярок Аргентыны, у якіх дзеці зніклі пры дыктатару Хорхэ Відэля.

«Насіце яе на любое мерапрыемства і выходзячы на вуліцу. Даведвайцеся і падтрымлівайце адна адну. Гэта будзе нашым аб’яднаннем. Гэта заява пра тое, што мы будзем змагацца за нашых мужчынаў да нашай перамогі. Перамогі родных вайскоўцаў! Мы – адно цэлае, і ўсё ў нашых руках», – з такім зваротам да ўдзельніц руху звярнуліся аўтары ідэі.

Шлях дамоў

Найбольш вядомым паблікам, у якім адбывалася каардынацыя ўсяго руху за вяртанне мабілізаваных з фронту, стаў тэлеграм-канал «Путь домой», які быў створаны 2 верасня 2023 года і на сённяшні дзень налічвае больш за 34 тысячы карыстальнікаў. Існуюць яшчэ некалькі каналаў з падобнай тэматыкай кшталту «Мобилизованным пора домой» ці «Мы вместе», але колькасць падпісчыкаў у іх меншая. У самім жа тэлеграм-канале «Путь домой» прыводзіўся спіс з 32 аднайменнымі паблікамі ў розных рэгіёнах Расеі, праўда, пры пераходзе па спасылцы на большасць з іх выдаецца памылка – каналу ўжо не існуе, а ў тых каналах, што застаюцца актыўнымі, колькасць удзельнікаў вагаецца ад 100 да 500 чалавек.

На пачатку восені «Путь домой» публікаваў заклікі да ўдзельнікаў з прапановамі пісаць каментары пад пастамі чыноўнікаў, патрабаваць замены мабілізаваных і ўнясення паправак у закон, каб прапісаць у ім даты службы на фронце. Але з часам патрабаванні станавіліся больш жорсткімі, пачалі гучаць галасы аб тым, каб вывесці мужчынаў з зоны баявых дзеянняў.

Дакладна не вядома, хто вядзе гэты канал, ягоныя аўтары не абазначаюць сябе, і на дадзеным этапе ўсе пасты публікуюцца ананімна. Але, як адзначае выданне «7х7», першыя пасты ў ім з’явіліся пад імёнамі Крысціна і Настасся. Паводле некаторых ускосных сведчанняў, аўтаркі могуць быць знаёмыя з грамадскімі кампаніямі і палітычнай актыўнасцю. Таксама не выключана, што яны могуць быць звязаныя з экс-дэпутатам расейскай думы ад ЛДПР Васілём Уласавым, які падтрымліваў Прыгожына.

Маніфест: поўная дэмабілізацыя

12 лістапада на канале выйшаў маніфест, у якім было сфармуляванае патрабаванне «пачаць вывад нашых мабілізаваных мужоў, братоў, сыноў, бацькаў, усіх нашых блізкіх мужчынаў з зоны СВА і вярнуць іх дадому да сваіх сем’яў». Акрамя гэтага, аўтары падкрэслівалі, што выступаюць за «поўную дэмабілізацыю» – каб цывільныя людзі не бралі ўдзелу ў баявых дзеяннях, патрабавалі ўсталявання гранічнага тэрміну службы не болей як 1 год з моманту прызыву, выканання Канстытуцыі і датрымання правоў чалавека, забеспячэння права на сацыяльны пратэст і публічныя зборы. У адным з пунктаў было прапісана, што яны выступаюць супраць фармавання меркавання, што «ўсе мабілізаваныя застаюцца ў зоне баявых дзеянняў добраахвотна і свядома». На іхную думку, падстава для праходжання службы – гэта прызыў, які «паводле сваёй прыроды ёсць прымусовым актам».

Пры гэтым у маніфесце асобным пунктам адзначаецца, што ўдзельніцам руху «абыякава», хто верне ім іхных мужчынаў. Таксама яны не выступалі супраць вядзення самой вайны.

«Мы не навязваем палітычны выбар адносна ўлады ці стаўлення да ўзброенага канфлікту на Украіне. Кожны мае права вызначацца самастойна. Аднак мы падтрымаем таго, хто верне нам нашых мужчынаў», – гаворыцца ў маніфесце.

Аўтары падкрэсліваюць, што імкнуцца да таго, каб «захоўваць свабоду слова» і папярэджваюць, што ў суполцы забараняецца «цкаванне ўдзельнікаў за іхную пазіцыю». Аднак пішуць, што не ўсталёўваюць цэнзуру і што «адэкватная і справядлівая крытыка любых адказных службовых асобаў – гэта неабходнасць. Без гэтага мы не даможамся вынікаў».

Пасля публікацыі маніфесту расейскія ўлады разгарнулі цэлую кампанію дыскрэдытацыі каналу «Путь домой» і ягоных рэгіянальных чатаў. У серыі каментароў сцвярджалася, што гэтыя суполкі былі створаныя фондам Аляксея Навальнага для ўзняцця пратэставай хвалі. Вынікам такой атакі стала тое, што Telegram надаў каналу пазнаку «Падстаўны» («Fake»).

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Путь домой / Telegram

Яшчэ адным важным пунктам у заявах руху стаў «Зварот да народу», апублікаваны 27 лістапада. У ім, у прыватнасці, гаворыцца, што мабілізацыя была «страшнай памылкай» і што «дзяржава адвярнулася ад тых, хто першым адгукнуўся на яе заклік аб дапамозе… ад саміх мабілізаваных і іхных блізкіх». У звароце выразна чытаюцца антыпуцінскія наратывы: «Мы памятаем, як прэзідэнт абяцаў, што рэзервістаў не паклічуць, што задачы на СВА выконваюць толькі прафесійныя добраахвотнікі. А потым нашых каханых забралі на Украіну». Менавіта ў гэтым звароце з’явілася фраза «Нас на***лі і вас на***ць», якая апошнім часам шырыцца ў расейскім сеціве ў якасці мэму.  Але, як ні дзіўна, тут жа побач напісана, што «спадзяемся, Прэзідэнт пачуе нашыя спадзяванні, бо мы такія ж выбарцы»…

«Мы адступім толькі пасля таго, як нашыя мужчыны будуць дома ў бяспецы (НАЗУСІМ, ратацыя нас не цікавіць)», – гаворыцца ў звароце, пасля чаго ягоныя аўтары заклікаюць усіх падпісаць іхны маніфест.

Напярэдадні 14 снежня рух актыўна займаўся масавай рассылкай пытанняў на простую лінію з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным. Удзельнікі самарскага чату «Путь домой»  казалі, што адправілі вялікую колькасць СМС-паведамленняў, у якіх скарділіся на адсутнасць адпачынкаў у мабілізаваных, праблемы з выплатамі за раненні, а таксама патрабавалі вярнуць мужчынаў з фронту. Аўтаркі ініцыятывы заклікалі і іншых далучыцца да іх: «Пішам, дзяўчаты, пішам, няхай яны там ахерэюць, сволачы».

Адметна, што падчас прэс-канферэнцыі Пуціна сапраўды на вялікіх экранах можна было бачыць пытанні пра дэмабілізацыю.

Пытанні пра дэмабілізацыю на экране ў зале, дзе праходзіла прэс-канферэнцыя Пуціна.
Фота: Путь домой / Telegram

Рух ці асобныя акцыі?

Ці можна казаць, што акцыі жанчын сапраўды аформіліся ў асобны рух? З гэтым пытаннем мы звярнуліся да расейскага палітолага Кацярыны Шульман. На яе думку, прыкметамі руху ёсць, па-першае, наяўнасць арганізацыйнага ядра з размеркаваннем абавязкаў, па-другое, рэгулярнасць дзейнасці, і, нарэшце, у яго павінна быць нейкае вонкавае афармленне: дэкларацыя мэтаў і шляхоў іх дасягнення.

«Што мы назіраем тут? Наконт органаў кіравання і складу мы нічога не ведаем: у нас ёсць тэлеграм-канал з нейкай колькасцю падпісчыкаў, але гэта не абавязкова прыхільнікі таго, што ў гэтым тэлеграм-канале напісана. Мы не ведаем, колькі іх, у якіх рэгіёнах яны канцэнтруюцца і як размеркаваныя. Што да рэгулярнай дзейнасці, то яна назіраецца: гэта было не аднаразовае з’яўленне, яны ўжо даволі доўга застаюцца ў публічным полі і, больш за тое, дзеляцца з публікай сваімі планамі на будучыню. І трэцяе: ці ёсць у іх нейкая ідэалагічная абалонка, дэклараваныя мэты і метады іх дасягнення? Рух можна назваць у агульным выглядзе антываенным: яго мэта – вярнуць людзей дадому. Метады – тыя, якія мы б назвалі мірнай палітычнай барацьбой: звароты, скаргі, публічныя выступы. З гэтага разбору зразумела, што пакуль гэта не рух. Або мы не ведаем пр тыя яго рысы, якія маглі б характарызаваць яго як рух. Шмат што выявіцца з часам», – мяркуе Кацярына Шульман.

Ці ёсць небяспека для расейскіх уладаў?

На пытанне аб тым, наколькі гэты пратэст небяспечны для расейскай улады, Кацярына Шульман адказала, што такая небяспека ёсць, бо пратэсты ставяць для ўлады своеасаблівую дылему. З аднаго боку, ён адносіцца да таго віду пратэстаў, «з якім нашая палітычная сістэма не ведае, што рабіць, – гэта пратэст лаялістаў». Пратэстуюць «свае» – жонкі герояў СВА, «якія не супраць СВА, якія проста жадаюць, каб гераізм іхных мужоў знайшоў сабе годную ўзнагароду – каб іх адпусцілі дадому».

З іншага боку, зазначае палітолаг, калі сапраўды сказаць гэтым жанчынам: «Вы крыху пацярпіце – і праблема вашая будзе вырашаная», то для ўсіх астатніх гэта прагучыць так: «Цяпер гэтых адпусцяць, а трыста тысяч новых адкуль возьмуць? Нас возьмуць!»

Таму, на думку Кацярыны Шульман, ёсць негалосны грамадскі кансэнсус, што «мабілізаваныя сышлі назаўжды, атрымалі квіток у адзін канец, але яны тым самым выкупаюць жыццё ўсіх астатніх: за гэта не будзе новай мабілізацыі. Так, гэтыя людзі загінуць, затое іншых ахвяраў не будзе».

«Як гэта выглядае з маральнага гледзішча, няхай кожны вырашыць за сябе сам, але рацыя ў гэтых развагах ёсць», – адзначыла Кацярына Шульман.

На пытанне аб тым, ці могуць гэтыя выступы перайсці ў паўнацэнны антываенны пратэст, экспертка адказала, што «такога роду рухі не зрынаюць рэжымы, але яны валодаюць бясцэнным капіталам маральнай праваты». Прыклады: дэманстрацыя жонак дэпартаваных габрэяў на Розэнштрасэ ў Берліне 1943 года – ледзь не адзіная прыкметная пратэставая акцыя ў нацысцкай Нямеччыне, – і рух «Маці плошчы Мая» і «Бабулі плошчы Мая» ў аўтарытарнай Аргентыне канца 1970-х – пачатку 1980-х гадоў. На патрабаванне жанчын вярнуць дадому сваіх блізкіх, гаворыць нашая суразмоўніца, нават самай лютай уладзе цяжка нешта запярэчыць: людзі відавочна хочуць таго, на што яны маюць права.

Дэманстрацыя ўдзельніц грамадскага руху «Маці плошчы Мая», у якую ўваходзілі аргенцінскія маці, чые дзеці зніклі падчас правядзення палітыкі «Бруднай вайны» ў перыяд ваеннай дыктатуры ў Аргентыне паміж 1976 і 1983 гадамі. Удзельніцы руху насілі белыя хусткі на галовах.
Фота: masa.media

«Калі яны пратрымаюцца даўжэй і здолеюць распаўсюдзіць інфармацыю аб сваёй бядзе шырэй, то гэта ўзмоцніць у тым грамадстве, якое і так вайну не любіць і не адчувае ніякага энтузіязму з яе нагоды, пачуццё несправядлівасці, бессэнсоўнасці таго, што адбываецца. Акрамя таго, гэты іх цяжкаўзнаўляльны лозунг з сэнсам «Як з намі паступілі, так і з вамі паступяць», трэба сказаць, знаходзіць водгук у многіх, бо гэта роўна тыя паводзіны, якіх нашыя людзі заўсёды чакаюць ад нашай улады. Так што гэтае злавеснае прароцтва гучыць даволі пераканаўча», – падкрэсліла Кацярына Шульман.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў