У Польшчы сутыкнуліся пяць грузавікоў. Адзін беларус загінуў, другі – у цяжкім стане


Пад польскай Чэнстаховай адбылося сур’ёзнае ДТЗ: на трасе ў напрамку Лодзі сутыкнуліся пяць грузавых аўтамабіляў, некалькі машын загарэліся. Двое кіроўцаў былі з Беларусі. Адзін загінуў, а другі – у цяжкім стане ў бальніцы. Аб гэтым піша MOST са спасылкай на паведамленне мясцовай паліцыі.

Месца буйнога ДТЗ пад Чэнстаховай, дзе загінуў адзін з кіроўцаў — беларус. 14 снежня 2023 года.
Фота: czestochowa.policja.gov.pl

Трагедыя здарылася 14 снежня каля 18.00. Па папярэдніх дадзеных, кіроўца грузавога аўтамабіля Scania урэзаўся ў заднюю частку  аўтамабіля, які знаходзіўся наперадзе ў правай паласе руху ў корку. Машыны загарэліся. Сіла ўдару была такой, што аўтамабілі, якія сутыкнуліся, закранулі машыны, якія стаялі наперадзе. Тры грузавікі атрымалі пашкоджанні.

41-гадовы вадзіцель Scania загінуў на месцы, а 66-гадовы вадзіцель цягача Mercedes дастаўлены ў бальніцу ў цяжкім стане. Паводле інфармацыі польскіх медыяў, абодва вадзіцелі – беларусы.

Пракуратура Чэнстаховы пачала расследаванне па факце ДТЗ.

СП, belsat.eu

Стужка навінаў