Пракуратура пачала крымінальную справу за скандаванне «Ганьба!» пасля прысуду Вітольду Ашурку


Пракуратура Гарадзенскай вобласці пачала крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 339 КК РБ («Хуліганства, здзейсненае групай асобаў»), паведамляе тэлеграм-канал «Задержания, суды в Лиде». Падазраваныя – усе, хто прысутнічаў падчас абвяшчэння ў студзені гэтага года прысуду Вітольду Ашурку і скандаваў «Ганьба!» ды «Верым, можам, пераможам!».

18 студзеня 2021 года суддзя Максім Філатаў абвесціў прысуд актывісту з Бярозаўкі Вітольду Ашурку – 5 гадоў калоніі. Прысутныя абурыліся і пачалі скандаваць «Ганьба!», «Верым, можам, пераможам!». Пазней за гэта некалькіх асобаў прыцягнулі да адказнасці як удзельнікаў незаконнага пікетавання (на той момант гэта быў артыкул 23.34 КаАП РБ, цяпер – 24.23).

Гісторыі
«Ён загінуў, каб Беларусь была свабоднай». Вітольду Ашурку сёння споўніўся б 51 год
2021.10.13 14:34

Аднак цяпер абласная пракуратура пастанавіла завесці крымінальную справу. Яе вядуць два следчыя з Горадні. Усіх прысутных тады на судзе дапытваюць як падазраваных. Удома ў людзей праводзяць ператрусы, патрабуюць даваць падпіскі пра нявыезд і неразгалашэнне. Максімальная санкцыя паводле ч. 2 арт. 339 – да шасці гадоў пазбаўлення волі.

Актывіста з Бярозаўкі Вітольд Ашурка затрымалі летась 19 верасня на аўтавакзале ў Лідзе, калі ён вяртаўся з акцыі пратэсту. Працэс праходзіў у закрытым рэжыме. Ашурка засудзілі на 5 гадоў калоніі, абвінаваціўшы ў арганізацыі закалотаў і гвалце над міліцыянтам. У пачатку траўня яго этапавалі з Горадні ў шклоўскую калонію № 17, дзе 21 траўня загінуў пры нявысветленых акалічнасцях.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў