«Ні Байдэн, ні Макрон не прачынаюцца з думкамі пра Беларусь». Анатоль Лябедзька – пра тых, хто зʼехаў, і тых, хто застаўся


Якою будзе новая беларуская Канстытуцыя? Што будзе далей і што істотнага змянілася за год пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі? Прадстаўнік Святланы Ціханоўскай у справах парламенцкай супрацы і канстытуцыйнай рэформы Анатоль Лябедзька распавёў пра сваю працу, магчымасці палітыка за мяжой і тое, што да пераменаў варта быць максімальна падрыхтаваным.

Фота: АП / Белсат

Ужо 4 месяцы Анатоль Лябедзька застаецца за мяжою. Кажа, што для яго такая сітуацыя вельмі нязвыклая:

«Я доўгі час быў настойлівы ў тым, што ніколі не выеду з Беларусі, але так склаліся абставіны. Лічу гэта доўгаю працоўнаю камандзіроўкаю. Напярэдадні гадавіны рэвалюцыі мяне папрасіла сям’я, каб я выехаў на нейкі час. І ў мяне быў квіток назад. Але пакуль не вярнуўся. Як аптыміст я бачу ў гэтым не толькі мінусы, але і плюсы. У Беларусі я б проста самазахоўваўся ў рэжыме самацэнзуры ды абмежаваных дзеянняў. Цяпер я магу рабіць шмат чаго для Беларусі і пераменаў».

Hавiны
Анатоля Лябедзьку вывезлі з Акрэсціна тварам уніз і высадзілі ў Сляпянцы
2021.06.13 13:15

Палітык прызнаецца: мае настолькі шмат працы, што няма часу паглыбляцца ў самоту. Анатоль Лябедзька згуртоўвае прыхільнікаў новай Беларусі ў парламентах розных краінаў і працягвае займацца праектам Канстытуцыі Беларусі.

Пра Канстытуцыю

«З вясны змянілася багата што. Гэта супраца большасці актыўных палітычных суб’ектаў. Мы прайшлі трэцяе чытанне праекту Канстытуцыі, і сёння гэта дакумент, з якім мы звярнуліся ў Венецыянскую камісію, а гэта галоўны эксперт у пытаннях канстытуцыйных рэформаў. Мы гатовыя да аналізу і заключэння, у іх вельмі высокія патрабаванні і крытэры. Гэта вынік працы вялікай колькасці людзей над дакументам, паводле якога Беларусь можа жыць дзесяцігоддзі», – распавёў прадстаўнік Ціханоўскай.

Фота: АП / Белсат

Анатоль Лябедзька адзначыў, што праект Канстытуцыі ўжо атрымаў добрыя ацэнкі ад экспертаў у сферы рэформаў. Але гэта не нагода спыняць працу, мяркуе палітык:

«Мы шліфуем гэты брыльянт, каб ён атрымаў новыя грані. Мы сустракаліся са студэнтамі ЕГУ, і скажу з задавальненнем, што там стварыліся групы, якія пішуць свае прапановы. Гэта вельмі важна, каб маладыя людзі, якім жыць паводле гэтага дакументу, адчувалі, што гэта іхная Канстытуцыя».

Hавiны
5 галоўных пытанняў аб Канстытуцыі
2021.02.07 15:52

Эксперт распавёў, што нават цяперашняй складанай сітуацыі ў Беларусі праходзяць сустрэчы з людзьмі, якія маюць прапановы ці пытанні аб праекце Канстытуцыі.

Пра рэферэндум Лукашэнкі

Канкрэтнай даты рэферэндуму пакуль няма, але гавораць звычайна пра люты. Адсутнасць даты Анатоль Лябедзька лічыць не выпадковаю:

«Лукашэнку не трэба рэферэндум: той не надае яму легітымнасці, не павялічвае кола прыхільнікаў. А магчыма, справакуе новыя выступы людзей. Такая пагроза, хоць і не вялікая, але ёсць. Таму для Лукашэнкі найлепшая сітуацыя – працягваць утрымліваць уладу з дапамогаю гвалту. Канстытуцыйная рэформа больш патрэбная Пуціну, які б хацеў перапыніць ці спыніць працэс нарастання антыкрамлёўскіх настрояў сярод беларусаў».

На меркаванне палітыка, Пуцін забірае на сябе таксічнасць дзеянняў Лукашэнкі і краіны хацеў бы перавесці Лукашэнку ў стан Назарбаева, які пайшоў з пасады прэзідэнта, але працягвае кіраваць дзяржаваю.

Фота: АП / Белсат

«Вядома, гэта інтарэс Масквы, і ён ніяк не звязаны з інтарэсам 9 мільёнаў беларусаў. У Лукашэнкі – свой інтарэс. У нас – трэці. Ці будуць нейкія выступы, мне цяжка прагназаваць. Лукашэнка вельмі моцна працуе са сваім хаўруснікам – страхам. Каб людзі баяліся. А калі да гэтага дадаць яшчэ і эканамічную залежнасць большасці людзей, то гэта моцная рука на горле людзей. Пакуль галоўны інвестар у стварэнні негатыву да ўлады – гэта Лукашэнка», – перакананы суразмоўца.

Аб працэсах, якіх не было раней

Анатоль Лябедзька распавёў, што шмат працэсаў, пачатых у месяцы да выбараў 2020 года ці адразу пасля, раней не назіраліся ў беларускай гісторыі ды палітычна-сацыяльным жыцці.

«Мы зразумелі, што ў нас вельмі моцная дыяспара. Раней пульс быў вельмі слабенькі. А цяпер іначай. Я быў у Нідэрландах у чалавека, які з’ехаў з Беларусі 30 гадоў таму і не падаваў ніякіх прыкметаў беларуса. Проста жыў. А летась ён прачнуўся, пачаў цікавіцца. І такіх людзей – тысячы па ўсім свеце», – адзначае дарадца Ціханоўскай.

На думку Лябедзькі, менавіта дыяспары могуць адыграць вялікую ролю ў аднаўленні Беларусі пасля цяперашняга крызісу:

«Гэта людзі адукаваныя, якія не чакаюць нечага ад дзяржавы, дзе жывуць. Гэта абсалютна новая з’ява і новы рэсурс для новай Беларусі. Раней была дыскусія, дзе ўзяць 1100 суддзяў, каб замяніць тых, хто сёння перастаў быць суддзямі. Я думаў, што гэта будзе складана, а цяпер бачу, што гэта вырашальна. Бо вялікая колькасць беларусаў мае выдатную юрыдычную адукацыю, атрыманую за межамі краіны, працуе адвакатамі і юрыстамі. Я ўпэўнены, што яны адгукнуцца на покліч: вернемся ў Беларусь і створым новую незалежную судовую сістэму, якая будзе гарантыяй Канстытуцыі. Гэта дадае аптымізму».

Фота: АП / Белсат

Палітык таксама адзначыў, што дыскусія паміж беларусамі, якія з’ехалі з краіны, і тымі, хто застаўся ў Беларусі, траціць вастрыню:

«Нейкі час дыскусія была вельмі вострая. Цяпер людзі пачынаюць разумець, што пытанне не ў тым, дзе ты. Галоўнае, што ты робіш штодня, каб прасоўваць перамены. Хай нешта маленькае, але рабіць. У Смаргоні, у Буда-Кашалёва, у Варшаве, у Вільні, у Парыжы. Свет іншы. Цяпер інтэрнэт стварае такія магчымасці, якіх не было раней».

Яшчэ адною новаю рысаю цяперашніх працэсаў эксперт назваў сістэму працы дэмакратычных сілаў:

«У нас такога не было. Раней была апазіцыя, заўсёды было супрацьдзеянне рэжыму, але ніколі не было такой сістэмы супраціву і прыняцця рашэнняў, якая ёсць цяпер. Вельмі важна, што ў нас ёсць палітык, у якога ёсць легітымнасць: Святлана Ціханоўская. А легітымнасць – гэта давер мільёнаў людзей. Мы не ведаем, колькі дакладна за яе прагаласавала, але мы ведаем, што яна атрымала падтрыманне большасці выбарнікаў. Такога ніколі не было раней. Калі б яе не было, я перакананы, што апазіцыя б з’ела сябе знутры. Дэмакраты цяжка яднаюцца ў любой краіне. Тут не нашая спецыфіка».

Спадар Анатоль адзначыў, што цяперашняя сістэма не ідэальная, але срыяе інтарэсам краіны.

Яшчэ адною выбітнаю з’яваю Лябедзька назваў вялікую колькасць ініцыятываў, што маюць сваю сферу адказнасці:

«Ёсць «ByPol», «BySol», згуртаванне спартоўцаў, прадстаўнікоў культуры, НАУ, Каардынацыйная рада. Яны маюць вялікую аўтаномію і адказнасць. Таму яны вельмі эфектыўныя. І гэта вельмі аб’яднаўчы фактар».

Фота: АП / Белсат

Палітык таксама распавёў, што ў Беларусі цяпер моцны партызанскі рух, калі людзі нават ходзячы на працу ў дзяржаўныя ўстановы, працягваюць рабіць дробныя ды істотныя крокі для падтрымання адно аднаго і агульнага руху.

Тры дасягненні за мінулы год

Першым дасягненнем супольнай працы ўсіх дэмакратычных сілаў Анатоль Лябедзька назваў захаванне Беларусі на парадку дня і стварэнне моцнай міжнароднай каманды, якая падтрымлівае нашую краіну:

«Беларусь – краіна без нейкіх адметнасцяў, што робяць яе істотнай у сусветным кантэксце. Ні Мэркель, ні Байдэн, ні Макрон не прачынаюцца з думкамі пра Беларусь. Таму быць у гэтым парадку дня вельмі важна. Для гэтага трэба вялікія рэсурсы ды моцныя лідары, і гэта ўдаецца. Пра нас не забываюць, не махнулі рукою. Цяпер у краіне трывае акопнае супрацьстаянне, і ў такой сітуацыі ўзрастае вага вонкавых чыннікаў. Таму нам так трэба замежная падтрымка».

Другім дасягненнем палітык назваў захаванне супраціву:

«Ён набыў нейкія іншыя формы. Але людзі не здрадзілі сабе і сваім каштоўнасцям. Нават калі чалавека прымушаюць на камеру зачытваць нейкія тэксты, гэта выглядае абсалютна абсурдна. Не стане чалавек пасля такога ябацькам. Людзі застаюцца перакананыя ў сваім жаданні перамогі».

Фота: АП / Белсат

Трэцяе дасягненне, на думку эксперта, – рыхтаванне алгарытмаў для новай Беларусі:

«Мне падаецца, што мы прасунуліся ў стварэнні пакету дакументаў, той жа Канстытуцыі. Таго, што трэба для хуткіх рэформаў у Беларусі. Цяпер такія напрацоўкі ёсць. Бліжэйшым часам гэта ўсё можна будзе скампанаваць. Вельмі важна, калі прыйдзе час Х, каб мы не марнавалі часу на дыскусіі ды абмеркаванні. У нас мусіць быць гатовы пакет дакументаў, і шмат што з гэтага пакету ўжо зроблена».

Што будзе далей?

«Калі грамадзяне нічога не захочуць, нічога і не адбудзецца. У такім працэсе шмат інвестараў. Моцны інвестар пераменаў – сам рэжым Лукашэнкі, які сваімі дзеяннямі правакуе, каб людзі выступалі за перамены. Нават калі ў іх няма пытання, як дажыць да заробку. У нас рухальнаю сілаю быў сярэдні клас з нармальным дастаткам, але ім трэба нешта большае. Калі людзі вымушаныя былі з’ехаць з краіны і працягваюць працаваць на перамены, гэта таксама інвестары рэвалюцыі», – разважае палітык.

Анатоль Лябедзька глядзіць у будучыню аптымістычна:

«Далей будзе жыццё. Я веру ў тое, што перамены прыйдуць. Я не Ванга, каб сказаць дату. Але я веру, што гэта будзе абавязкова. Таму я канцэнтрую свае высілкі, каб мы былі максімальна падрыхтаваныя да гэтага часу. Каб мы ў першыя 100 дзён пасля Лукашэнкі зрабілі шмат чаго, каб людзі адчулі, што яны не дарма выходзілі на вуліцы, не дарэмна сядзелі ў турмах».

Фота: АП / Белсат

Сам жа прадстаўнік Ціханоўскай прызнаецца, што расставанне з радзімаю даецца яму не проста:

«Я лічу, што і не знікаў з радараў Беларусі. У мяне цяпер адзіны моцны дыскамфорт – гэта тое, што мае родныя застаюцца ў Менску, а я – за межамі. За гэты час мне ўдалося пабачыцца з маёй унучкай, і гэта для мяне было самае вялікае шчасце: патрымаць яе на руках, палашчыць. Мяне супакойвае, што я не б’ю лынды, бачу вынікі сваёй працы ды займаюся справаю».

МГМ belsat.eu

Стужка навінаў