«Укрэнерга»: 15 лістапада адбылася самая вялікая атака ў гісторыі энергетыкі, ад якой пацярпелі ўсе рэгіёны Украіны


Расея 15 лістапада запусціла па тэрыторыі Украіны больш за 90 ракетаў, 70 з якіх былі збітыя ўкраінскай СПА, таксама ажыццяўляўся запуск дронаў. Некаторыя з іх трапілі ў мэты – аб’екты ўкраінскай энергетыкі і жылыя дамы. «Укрэнерга» паведамляе, што 15 лістапада адбылася самая маштабная атака ў гісторыі энергетыкі, якая закранула ўсе рэгіёны Украіны.

У Кіеве адключаюць асвятленне дзеля эканоміі электраэнергіі.
Фота: Белсат

Найбольш складаная сітуацыя на захадзе Украіны, а таксама ў цэнтральных і паўночна-ўсходніх вобласцях.

Паведамляецца, што для стабілізацыі энергасістэмы «Укрэнерга» выкарыстоўваліся графікі аварыйных адключэнняў. Гэта дазволіла не дапусціць поўнага зацямнення краіны. Пра гэта заявіў старшыня праўлення «Укрэнерга» Уладзімір Кудрыцкі.

Пасля абстрэлу ўкраінскіх тэрыторыяўэнергетыкі неадкладна пачалі аднаўляць электразабеспячэнне спажыўцоў і пашкоджаных сетак і электрастанцыяў. У ведамстве запэўніваюць, што яны будуць працаваць дзень і ноч, каб вярнуць святло.

«Бліжэйшыя дні будуць складаныя: набліжаюцца халады, і спажыванне электраэнергіі вырасце, адпаведна, павялічыцца і нагрузка на сеткі. Таму просім з разуменнем ставіцца да адключэнняў, якія будуць ажыццяўляцца пры неабходнасці, а таксама не пакідаць звычку ашчадна выдаткоўваць электраэнергію», – паведамляе «Укрэнерга».

У ведамстве адзначылі, што ў іх ёсць план рэагавання на розныя сітуацыі, у тым ліку на самыя горшыя, а ўкраінцам варта быць гатовымі да істотных перабояў з энергазабеспячэннем і мець неабходны запас вады, зараджаныя прылады і паўэрбанкі.

Абноўлена
Расея ўчыніла масаваны абстрэл энергетычнай інфраструктуры Украіны. Трапілі ў жылыя дамы ў цэнтры Кіева
2022.11.15 16:59

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў