У Польшчы працуе 387 беларускіх IT-кампаній


З больш за 17 тысяч ІТ-кампаній, якія зарэгістраваныя ў Польшчы, 387 – з беларускім капіталам. Гэта 2% ад агульнай колькасці. Пра гэта dev.by распавялі ў польскім Цэнтры эканамічнай інфармацыі. Большасць з іх адкрыты пасля 2020 года.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: Unsplash

Так, 90% ІТ-кампаній з беларускімі каранямі ў Польшчы – гэта 336 бізнесаў – былі зарэгістраваныя ў перыяд са студзеня 2020 па верасень 2023 года.

На канец 2019 года ў Польшчы дзейнічала ўсяго 76 беларускіх ІТ-кампаній. У 2020 годзе ў Польшчы з’явілася 27 ІТ-кампаній з беларускім капіталам, у 2021 зʼявілася 82 кампаніі, а ў 2022 ужо амаль 140. Па апошніх звестках з пачатку 2023 года ў Польшчы было адкрыта 88 беларускіх ІТ-кампаній.

Гэта значыць, што з 2020 года колькасць польскіх ІТ-кампаній з беларускім капіталам павялічылася ў 5 разоў.

Усяго ў Польшчы, паводле звестак Цэнтру эканамічнай інфармацыі, на канец верасня было зарэгістравана каля 6 тысяч кампаній з беларускім капіталам. Асноўная колькасць кампаній – 4,4 тысячы або больш за 70% – былі таксама адкрыты з 2020 года.

Беларусь па колькасці адкрытых кампаній з замежным капіталам у Польшчы ўваходзіць у топ-3. На першым месцы Украіна – амаль 27 тысяч кампаній, далей ідзе Нямеччына – 9621 кампанія. Далей Беларусь – 5988 кампаній.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў