Міністэрства надзвычайных сітуацыяў атрымала зброю і загаварыла пра бамбасховішчы


У эфіры дзяржаўнага тэлеканалу АНТ вечарам 16 кастрычніка міністр надзвычайных сітуацыяў Беларусі Вадзім Сіняўскі расказваў пра зброю ад Міністэрства абароны і пра ўкрыцці на выпадак, калі «канфлікт перакінецца праз нашыя межы».

Міністр па надзвычайных сітуацыях Вадзім Сіняўскі.
Фота: mchs.gov.by

Вадзім Сіняўскі расказаў, што «свет такі, што можа быць сітуацыя, у якой давядзецца дзейнічаць аператыўна, у тым ліку ў межах грамадзянскай абароны». У размове наўпрост не згадвалася вайна ва Украіне, у якой Беларусь саўдзельнічае – прадстаўляе тэрыторыю расейскім войскам для нападу на Украіну.

Пасля абвяшчэння насельніцтва пра пагрозу наступны этап – укрыцце насельніцтва. Сіняўскі расказаў, што на ўсю Беларусь ёсць «звыш 5 тысяч розных закрытых пабудоваў, якія можна выкарыстоўваць для ўкрыцця насельніцтва ў выпадку ракетных удараў». Дзе гэтыя ўкрыцці, ён не расказаў: гэтая інфармацыя закрытая.

Вядоўца АНТ прызнаў, што беларусы «не асабліва ведаюць, дзе ў нас бамбасховішчы», але патлумачыў гэта тым, што «залішняе напружанне ў грамадстве недапушчальнае», але адзначыў, што «было б спакойней разумець, што ўсё ў нас арганізаванае, усё ёсць».

Міністр адказаў на гэта парадай хавацца ў падвалы шматпавярховых будынкаў, падземныя пераходы і станцыі метро, рабочым заводаў – у «адпаведныя закрытыя пабудовы».

Сіняўскі таксама расказаў, што даручэнне Аляксандра Лукашэнкі аб перадачы зброі ратавальнікам выканалі: зброю атрымалі і размясцілі ў пакоях для захавання зброі, асабовы склад навучылі. У выпадку ўзнікнення «ўзброеных нейкіх момантаў» МНС зможа выставіць каля 1500 чалавек. Першапачаткова ж размова ішла пра зброю на выпадак «масавых беспарадкаў».

Аналітыка
Хроніка эскалацыі. Як рэжым Лукашэнкі рыхтуецца да магчымага ўступлення ў вайну
2022.10.13 08:30

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў