Беларус, які выкрыў катаванні ў расейскіх калоніях, просіць палітычнага прытулку ў Францыі


Партал пра сучасныя рэпрэсіі ў Расеі Gulagu.net паведаміў, што беларускі IT-спецыяліст Сяргей, дзякуючы якому інфармацыя пра масавыя катаванні ў расейскіх турмах патрапіла ў шырокі доступ, ужо знаходзіцца ў Парыжы.

«Мы будзем звяртацца заўтра ў тэрміновым парадку да ўладаў Францыі і прасіць абараніць Сяргея. Сам Сяргей ужо звярнуўся да паліцыі аэрапорту па дапамогу і пачалася першасная працэдура для просьбітаў палітычнага прытулку.

Гэтая гісторыя, калі б я чытаў пра яе з боку, нагадвала б мне сюжэты стромкіх галівудскіх блокбастараў. Але не, гэта рэальнае жыццё, і гэта нашы з Сяргеем жыцця, якімі мы рызыкнулі, выкрываючы катавальныя турмы таталітарнай сістэмы», – піша заснавальнік праекту Gulagu.net Уладзімір Асечкін.

Сяргей жыў у Расеі. У 2013 годзе знаёмыя папрасілі перадаць торбу, у якой былі наркотыкі. Сяргей кажа, што не ведаў пра змесціва торбы. У 2015 годзе Сяргея асудзілі на дзевяць гадоў. Ён адбываў пакаранне ў Саратаўскай вобласці і таксама падвяргаўся жорсткаму абыходжанню.

Як ІТ-спецыяліста яго вымусілі супрацоўнічаць з турэмнай службай, на працягу гэтага часу ён кіраваў камп’ютарнай сеткай турмы і забяспечваў доступ да відэафайлаў з усёй расейскай пенітэнцыярнай сістэмы. Гэта дазволіла яму атрымаць доступ да відэазапісаў катаванняў, якія практыкаваліся ў калоніі, і перадаць іх праваабаронцам.

Артыкулы
«Я здолеў стаць даволі высокай велічынёй там». Беларус, які выкрыў катаванні ў расейскіх калоніях, даў інтэрв’ю
2021.10.10 17:22

Нагадаем, што праваабарончы праект Gulagu.net паведаміў, што атрымаў больш за 40 гігабайт відэа, дакументаў і фатаграфій катаванняў і згвалтаванняў зняволеных у расейскіх турмах. Некаторыя відэазапісы ўжо апублікаваныя.

Пасля публікацыі трох запісаў здзекаў з вязняў у Саратаўскім сухотным шпіталі, была распачатая крымінальная справа. Некалькі кіраўнікоў рэгіянальнага ўпраўлення турэмнага ведамства звольненыя.

Артыкулы
Gulagu.net: Расейскія спецслужбы дапамагалі беларускім у катаваннях жніўня-2020
2021.10.06 14:27

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў