Сяргей Будкін: Канцэпцыя развіцця нацыянальнай культурнай прасторы – сюррэалістычны твор


12 верасня на сайце Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь з’явілася абвестка пра пачатак грамадскага абмеркавання канцэпцыі развіцця нацыянальнай культурнай прасторы ўва ўсіх сферах жыцця грамадства на 2024–2026 гады. Абмеркаванне працягнецца да 1 кастрычніка. А абмеркаваць там сапраўды ёсць што. Разам з кіраўніком Беларускай рады культуры Сяргеем Будкіным мы звярнулі ўвагу на самыя цікавыя моманты гэтага дакументу.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: unitsolutions.ru

Што за дакумент

Канцэпцыя, якая з’явілася на сайце Міністэрства культуры Беларусі 12 верасня, – гэта праграмны дакумент, у якасці мэтаў якога абазначаныя «запэўніванне культурнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, стварэнне нацыянальнай культурнай прасторы краіны, здольнай задаволіць духоўныя патрэбы грамадзянаў, а таксама выхаванне патрыёта Беларусі».

Дакумент складаецца з пяці частак і насычаны словазлучэннямі, характэрнымі для Беларусі сённяшняга часу: «культурніцкае імпартазамяшчэнне», «традыцыйныя духоўныя каштоўнасці беларусаў», «стваральны патрыятызм», «патрыятычнае выхаванне» ды інш.

Назвы раздзелаў канцэпцыі варта прывесці цалкам, бо яны найлепш характарызуюць дух дакументу.

  1. Гістарычны досвед беларускага народу – аснова культурніцкага імпартазамяшчэння.
  2. Захаванне традыцыяў беларускай культуры ды іх культываванне сярод моладзі. Пашырэнне сферы выкарыстання вынікаў творчай дзейнасці беларускіх аўтараў.
  3. Развіццё беларускай мастацкай літаратуры як сродку фармавання нацыянальнай самасвядомасці грамадзяніна Рэспублікі Беларусь.
  4. Гуманітарная адукацыя, выхаванне дзіцяці як патрыёта Беларусі і прыхільніка традыцыйных маральных каштоўнасцяў.
  5. Захаванне культурнай самабытнасці рэгіёнаў і забеспячэнне роўнага доступу да культурных дабротаў грамадзянаў Беларусі.

У кожным з раздзелаў абазначаецца праблематыка, а пасля прыводзяцца кірункі рэалізацыі канцэпцыі ў тым ці іншым кірунку.

Прапісалі ў канцэпцыі і пэўную справаздачнасць аб яе выкананні. Згодна з задумай аўтараў, штогод будзе праводзіцца аналіз вынікаў выканання плану захадаў для рэалізацыі канцэпцыі. А ў 2026 годзе стваральнікі маюць намер правесці рэспубліканскае апытанне, на якім высветляць узровень задаволенасці разнастайных сацыяльна-дэмаграфічных групаў насельніцтва «станам і дынамікаю працэсаў развіцця нацыянальнай культурнай прасторы ўва ўсіх сферах жыцця грамадства».

Канцэпцыя vs Кодэкс аб культуры

Гэта не першы дакумент, які акрэслівае развіццё культуры ў краіне. Да з’яўлення канцэпцыі існаваў Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб культуры – асноватворны дакумент дзяржаўнага апарату, які выпрацоўваўся доўгі час і ў які ўвесь час уносіліся праўкі, адзначае Сяргей Будкін. Менавіта той кодэкс на заканадаўчым узроўні замацаваў увядзенне цэнзуры праз стварэнне рознага кшталту камісіяў і ідэалагічных правяранняў.

Але нават у параўнанні з кодэксам апублікаваная канцэпцыя, адзначае кіраўнік БРК, «наводзіць большы жах, бо гэта «прывітанне, Паўночная Карэя».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Саламяныя скульптуры ад «Гарадзілава». Маладзечанскі раён, Беларусь. 14 верасня 2022 года.
Фота: Mlyn.by

З’явілася канцэпцыя, на думку нашага суразмоўцы, у звязку з «адчуваннем дыскамфорту людзей, якія захапілі ўладу, і людзей, якія прыслугоўваюць тым, хто захапіў уладу», яны хочуць «схавацца ў сваім цёмным падвале і нікога туды не пускаць».

«Аўтары гэтага дакументу ўспрымаюць культуру як лубок, як сферу, якая выконвае сервільную функцыю, як, зрэшты, гэта і адбывалася больш за 25 гадоў», – кажа Сяргей Будкін.

Што ў дакуменце: гісторыя, святы, мова

У дакуменце вялікая ўвага нададзеная ідэалагічнай базе, месца ёй знаходзіцца амаль у кожным раздзеле. Асаблівую цікавасць у гэтым плане ўяўляе ўводная частка, бо тут выкладзеныя ідэалагічныя падмуркі канцэпцыі.

Гэтак, неабходнасць распрацаваць гэты дакумент абумоўленая «пэўным негатыўным уплывам палітычных, маральных, эстэтычных поглядаў і каштоўнасцяў замежнага паходжання ды створаных на іх аснове культурніцкіх прадуктаў, вынікаў інтэлектуальнай і творчай дзейнасці на светапогляд, мараль, сацыяльныя паводзіны грамадзянаў». На думку стваральнікаў дакументу, уплыў гэтых поглядаў і каштоўнасцяў уяўляе «патэнцыйную пагрозу палітычнай, сацыяльнай і дэмаграфічнай бяспецы Рэспублікі Беларусь».

«Гэты абзац раскрывае матывацыю, сутнасць і трывогу аўтараў, бо яны адчуваюць пагрозу звонку, яны гэтага не баяцца прызнаць і не баяцца паказацца разгубленымі: у гэтых словах чытаецца страх перад вонкаваю пагрозаю», – каментуе тэкст Сяргей Будкін.

У раздзеле «Гістарычны досвед беларускага народу – аснова культурніцкага імпартазамяшчэння» адзначаецца, што рэалізацыя канцэпцыі будзе спрыяць «папулярызацыі сродкамі мастацкай культуры гістарычных перыядаў, спрыяльных для развіцця беларускага народу».

Далей стваральнікі нават апісваюць перыяды, якія, на іхную думку, былі спрыяльнымі: сярод іх, напрыклад, перыяд старажытнаславянскай дзяржавы, заснаванне БССР, аб’яднанне Заходняй і Усходняй Беларусі ў 1939 годзе, перыяд Вялікай Айчыннай вайны, а таксама абвяшчэнне суверэннай Рэспублікі Беларусь. Але вось час існавання Беларусі ў складзе Рэчы Паспалітай ахарактарызаваны як «супрацьстаянне спробам польскай асіміляцыі беларускага народу».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: БелТА

Адным з вынікаў ажыццяўлення канцэпцыі аўтары бачаць фармаванне і замацаванне практыкі святкаванняў народных і сучасных грамадзянскіх святаў, «якія адлюстроўваюць традыцыйныя каштоўнасныя арыентацыі беларускага народу». Да такіх святаў яны адносяць Дзень Незалежнасці, Дзень народнага адзінства, Дзень Перамогі, Дзень маці, Дзень бацькі, народныя святы, звязаныя з сельскагаспадарчым календаром. А вось ад замежных святаў, такіх як Дзень святога Валянціна або Гэлаўін ды іншыя, мяркуюць аўтары, трэба адмаўляцца.

Надзяляецца ў канцэпцыі ўвага і праблематыцы дзяржаўных моваў. На думку аўтараў, традыцыйнае двухмоўе – частка гістарычнай і культурнай спадчыны беларускага народу. Але пры гэтым для беларускай мовы праблемаю ёсць «скарачэнне яе выкарыстання ў жывым маўленні грамадзянаў», а для расейскай – засмечванне яе лаянкавымі выразамі. І ўжо для абедзвюх моваў сур’ёзная праблема – «неабгрунтаванае выкарыстанне замежных (пераважна англамоўных) найменняў» у назвах кампаніяў, аб’ектаў гандлю, мастацкіх калектываў.

Як збіраюцца змагацца з гэтымі праблемамі? З дапамогаю штрафаў: за абразу моваў, за нецэнзурную лаянку. Роўнасць выкарыстання моваў будуць забяспечваць праз выданне нарматыўных прававых актаў, укараненне дзяржаўных моваў (няўжо і расейскай таксама?) у дзейнасць сродкаў масавай інфармацыі. Таксама прапануецца скараціць колькасць замежных словаў і абрэвіятураў у найменнях юрыдычных асобаў, мастацкіх калектываў, гандлёвых марак.

Фільмы, канцэрты, музеі, кнігі

У галіне захавання традыцыяў беларускай культуры аўтары адзначаюць, што найбольш «імпартазалежныя» кінапракат і гастрольна-канцэртная дзейнасць. Гэтак, на думку складальнікаў дакументу, у афішах кінатэатраў «катэгарычна недастаткова прэм’ерных фільмаў беларускай вытворчасці», асабліва для дзяцей і моладзі, у тым ліку на патрыятычную тэму. Пры гэтым у дакуменце аўтары адзначылі і свой боль, расказаўшы, што «ў 2022 годзе адмова сямі галівудскіх кінакампаніяў прадаць правы на паказ фільмаў у Рэспубліцы Беларусь фактычна прывяла да прыпынення працы кінапракатных арганізацыяў».

Як адзначыў Сяргей Будкін, у цікаўнага чытача тут можа паўстаць пытанне: а ў чым прычына такой адмовы галівудскіх кампаніяў ад супрацы з Беларуссю? Аднак са зразумелых прычынаў гэта ў дакуменце не згадваецца. (Нагадаем, што забарона на дэманстрацыю галівудскіх фільмаў у нашай краіне адбылася ў выніку трапляння Беларусі пад санкцыі пасля ўдзелу ў поўнамаштабнай агрэсіі супраць Украіны.) «Гэта таксама вельмі цікавы радок, які паказвае, што ў аўтараў дакументу ўсё ж такі ёсць адчуванне нейкага капца», – пракаментаваў згадку ў дакуменце пра галівудскія кампаніі суразмоўца.

Развязаннем гэтага пытання аўтары бачаць павелічэнне колькасці спектакляў і канцэртаў паводле твораў беларускіх аўтараў, а таксама павелічэнне колькасці фільмаў беларускай вытворчасці (да 2026 года іх павінна быць у кінатэатрах не менш за 30 % ад усяго рэпертуару). Таксама прапануецца ўвесці рэжым «найбольшага спрыяння пры арганізацыі гастроляў беларускіх творчых калектываў і выканаўцаў (не менш за 80 % ад агульнай колькасці імпрэзаў)».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

Цікавы пасаж пра бібліятэкі: аказваецца, маюць месца факты набыцця замежнай літаратуры, якая ўплывае на фармаванне, прапаганду і распаўсюд поглядаў, якія супярэчаць традыцыйным духоўным каштоўнасцям беларусаў. І тут аўтарам бачыцца выйсце ў рыхтаванні поўных збораў твораў класікаў нацыянальнай літаратуры, а таксама ў выданні «Залатой калекцыі беларускай літаратуры ў 50 тамах» (ці ўвойдуць туды класічныя творы Дунін-Марцінкевіча «Плывуць вятры» і «Гутарка старога дзеда», нядаўна прызнаныя пракуратурай экстрэмісцкімі, застаецца пад пытаннем).

Не менш важным для аўтараў канцэпцыі бачыцца і неабходнасць перагледзець «ва ўмовах сучаснай гістарычнай праўды» змест музейных экспазіцыяў, прысвечаных перыяду Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Яны лічаць мэтазгоднаю пабудову або рэканструкцыю будынку для Нацыянальнага гістарычнага музею з экспазіцыяй, «якая цэласна адлюстроўвае айчынную гісторыю са старажытных часоў да нашых дзён».

Не канцэпцыя, а сюррэалістычны, абсурдысцкі, антыўтапічны твор

Кіраўнік Беларускай рады культуры мяркуе, што гэты праект – «спосаб падвесці хоць нейкую ідэйную базу ды развязаць рукі ідэолагам і прапагандыстам». Канцэпцыя распрацоўвалася калі не самым КДБ, то пры шчыльнай супрацы з гэтым ведамствам, бо гэта фактычна «спосаб апісаць, як яны бачаць інфармацыйную бяспеку – як абсалютна закрытую прастору без вокнаў, без дзвярэй, дзе няма ніякага паветра, і ёсць прапанова ў ёй нейкім чынам дыхаць».

На думку Сяргея Будкіна, адным са штуршкоў для з’яўлення Канцэпцыі развіцця нацыянальнай культурнай прасторы ўва ўсіх сферах жыцця грамадства на 2024–2026 гады мог паслужыць дакумент пад назваю «Дарожная мапа падтрымання і развіцця сферы культуры Беларусі», у стварэнні якога брала ўдзел Беларуская рада культуры разам з іншымі арганізацыямі культурніцкай сферы. У ім прасоўваецца канцэпцыя «больш, чым культура» і гаворыцца пра тое, што агульная задача зараз не ратаваць культуру, а дазволіць ёй развівацца, «ствараючы ўмовы для сталага росту, не пунктавыя датацыі і прымусовае адміністраванне, а перазапуск культурніцкай дынамікі», якая ёсць падмуркам самаарганізацыі грамадзянскай супольнасці. Бо культура, на думку прадстаўнікоў Рады, – «гэта зброя, спосаб захавання самой нацыі».

У той жа час у аўтараў канцэпцыі ад Мінкульту, кажа Сяргей Будкін, «культура не ўспрымаецца як нешта самастойнае, культура – гэта нешта, што абслугоўвае, тое, што можна забараніць, тое, што можна трактаваць з пазіцыі расейцаў». Бо ў гэтым дакуменце «вельмі заўважная лінія, дзе аўтары часам губляюцца, хто яны такія». У апараце паняткаў канцэпцыі ад Мінкульту не прапісаны панятак «айчына», што ў ёй прысутнічае, а насамрэч, кажа кіраўнік Рады культуры, цікава было б спытаць у аўтараў, што яны маюць на ўвазе пад гэтым паняткам.

«І ў прынцыпе ўвесь дакумент вельмі блытаны, непаслядоўны», заўважае Сяргей Будкін, і відаць, што пры рыхтаванні за аснову браліся, як гэта часта бывае, расейскія дакументы.

«Не пакідае адчуванне, што гэты дакумент пісаўся як абсалютна сюррэалістычны, абсурдысцкі, антыўтапічны твор, які цалкам пярэчыць законам жыцця і развіцця асобы», – рэзюмаваў кіраўнік Беларускай рады культуры.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў