Катастрофа з-за шторму ў Лівіі і мацнейшы землятрус у Марока. Галоўныя падзеі тыдня ў здымках


Магутнейшая паводка з-за прарыву дамбаў у Лівіі, наступствы землятрусу магнітудай 6,8 у Атласкіх гарах у Марока, 22-ая гадавіна тэракту на Сусветны гандлёвы цэнтр у Нью-Ёрку, бушуючы лясны пажар у Інданезіі – сабралі здымкі з галоўных падзей за тыдзень.

Супрацоўнікі паліцыі апранулі бронекамізэльку на 10-гадовага Змітра перад яго эвакуацыяй з прыфрантавога мястэчка Стэпнагорск у Запарожскай вобласці, Украіна.
Фота: Stringer / Reuters / Forum
Пажарны глядзіць на імёны загінулых на мемарыяльным басейне ў 22-ю гадавіну тэрарыстычнага нападу на Сусветны гандлёвы цэнтр у Нью-Ёрку. Два з чатырох пасажырскіх самалётаў, якія былі захоплены тэрарыстамі 11 верасня 2001 года, урэзаліся ў вежы-двайняты ў Нью-Ëрку, якія ў выніку абрынуліся і забралі жыцці 2977 чалавек (без уліку 19 тэрарыстаў). Таксама загінулі ўсе пасажыры і чальцы экіпажа чатырох самалётаў. Нью-Ёрк, ЗША.
Фота: Bryan R. Smith / AFP / East News
Паліцыя сабрала частку мігрантаў у прыёмным цэнтры на востраве Лямпэдуза (Lampedusa) на Сіцыліі. Невялікі італьянскі востраў Лямпэдуза не спраўляецца з наплывам нелегальных мігрантаў з Паўночнай Афрыкі, колькасць якіх дасягнула 7000 чалавек, што эквівалентна ўсяму мясцоваму насельніцтву вострава. Лямпэдуза, Італія.
Фота: Alessandro Serranò / AFP / East News
Валанцёр суцяшае жанчыну, якая страціла ўсіх членаў сваёй сям’і, ля знішчанага будынку пасля смяротнага землятрусу магнітудай 6,8  у Марока. У выніку моцнага землятрусу ў Марока загінулі больш за 2900 чалавек, ратавальныя аперацыі дасюль трываюць. Высокі Атлас, Марока.
Фота: Bulent Kilic / AFP / East New
Ратаўнік заклікае ўсіх супакоіцца падчас чарговага штуршка ў вёсцы Імі Нтала (Imi N’Tala), пацярпелай ад землятрусу магнітудай 6,8 у Марока. Праца ратаўнікоў ускладняецца з-за лакалізацыі землятрусу: большасць загінулых і пацярпелых знаходзяцца ў аддаленых вёсках Атласкіх гор, на паўднёвы захад ад турыстычнага цэнтру Марракеш, Марока.
Фота: Fadel Senna / AFP / East News
Хасіды збіраюцца для святкавання габрэйскага Новага года (Рош ха-Шана) ва Умані, горадзе, дзе пахаваны духоўны лідар і заснавальнік хасідызму рабі Нахмана. Паломніцтва ва Умань мае духоўнае значэнне для хасідаў з-за вучэнняў рабі Нахмана і лічыцца, што яно прынясе благаславенне на новы год. У першыя дні ва Умані прысутнічала больш за 11 тысяч паломнікаў, але чакаецца, што лічба наблізіцца да 30 тысяч чалавек. У мінулым годзе, нягледзячы на вайну ва Украіне, на святкаванне Рош ха-Шана ва Умань прыбыло 29 тысяч хасідаў.
Фота: Wolfgang Schwan / Anadolu Agency / abacapress.com / East News
Людзі стаяць сярод будынкаў, разбураных у выніку магутнай паводкі ў выніку прарыву двух дамбаў вышэй па цячэнні ракі Дэрна з-за міжземнаморскага шторму Даньель. Як мяркуецца, да смяротных наступстваў прывяло і тое, што на працягу многіх гадоў плаціны не падтрымліваліся ў належным стане. Паводкі памерам з цунамі прывялі да гібелі па меншай меры 11 тысяч чалавек, больш за 20 тысяч лічацца зніклымі без вестак. Дэрна, Лівія.
Фота: AFP / East News
Лясны пажар бушуе ў акрузе Аган-Ілір (Ogan Ilir) на востраве Суматра, які з’яўляецца шостым па велічыні востравам у свеце. Суматра, Інданезія.
Фота: Al Zulkifli / AFP / East News

Агата Квяткоўская belsat.eu

Стужка навінаў