«У Беларусі я нібыта перашкаджала дактарам». Беларуска – пра тое, чым адрозніваюцца роды ў ЗША і Беларусі


Былая журналістка «Белсату» Вольга Чайчыц з мужам, аператарам Андрусём Козелам з’ехалі ў ЗША разам з дваімі дзецьмі яшчэ ў пачатку мінулага года. Такую пастанову сям’я прыняла праз узмацненне рэпрэсіяў, немагчымасць працаваць у Беларусі і адкрытыя пагрозы адабраць дзяцей. У красавіку 2020-га яны папрасілі палітычнага прытулку ў ЗША. Нядаўна стала вядома, што Вольга стала мамаю трэці раз – нарадзіўся сын Міраслаў. Мы звязаліся з ёй і распыталі, чым адрозніваюцца роды ў ЗША і Беларусі.

«За адзін прыём гінеколага мне выпісалі рахунак 700 долараў. Але страхоўка ўсё пакрывае»

«У нас двое дзяцей: Янку – 11, Веры – 5 гадоў. Больш дзяцей мы не планавалі. І тут я даведваюся, што цяжарная. Я вельмі спалохалася, бо ў нас на той момант не было яшчэ ні дазволу на працу, ні сацыяльнага забеспячэння, без якога немагчыма набыць медычную страхоўку. А ўсе медычныя паслугі, у тым ліку роды, тут каштуюць вельмі дорага. Мне было вельмі страшна», – пачынае расповед Вольга.

Сям’я жыве ў Эшвіле, штат Паўночная Караліна. У кожным горадзе ёсць бясплатныя Цэнтры падтрымання цяжарнасці, гэта дабрачынныя арганізацыі. У кожнай жанчыны можа быць свая праблема, і тут дапамагаюць яе развязаць, падыход вельмі індывідуальны.

Вольга Чайчыц у радзільнай палаце. Фота для рэдакцыі

«Я пайшла ў такі цэнтр, бо не ведала нават, з чаго пачынаць, куды ісці. Гэта іншая краіна, і тут усё зусім па-іншаму. Там мне бясплатна зрабілі першае УГД, сказалі, што магу хадзіць да іх у школу цяжарнасці, падказалі, якія дакументы сабраць, каб атрымаць бясплатную медычную страхоўку. Бо, калі маленькі даход ці яго няма наагул, тут забяспечваюць страхоўкамі», – адзначае беларуска.

Вольга аформіла дакументы і атрымала страхоўку «Medicare», яна пакрывае ўсё, што звязанае з нараджэннем і родамі. Плюс бясплатна застрахаваныя Янка і Вера.

Амерыканцы звычайна набываюць страхоўку ўвосень – на наступны год. Такія страхоўкі забяспечваюцца працадаўцамі як частка сацыяльнага пакету для работнікаў. Калі чалавек працуе на сябе, то набывае медычную страхоўку сам. Яна таксама нятанна каштуе – некалькі соцень долараў кожны месяц, і пры гэтым не ўсё пакрывае. Але калі нешта здараецца, і страхоўкі няма, можна згалець.

Цікава, што, калі пайсці ў клініку са страхоўкай, усе расцэнкі на паслугі – у разы даражэйшыя.

«Да таго, як я атрымала страхоўку, я адзін раз схадзіла на прыём да гінеколага. Мне выпісалі рахунак – 700 з хвосцікам долараў. Калі б у мяне была ўжо страхоўка, рахунак быў бы ўдвая вышэйшы – 1400 долараў. Але страхоўка ўсё гэта пакрывае», – кажа Вольга.

Разам з тым у ЗША ёсць шмат дзяржаўных фондаў і асобных праграмаў падтрымання ад шпіталяў. Часта людзі ахвяруюць грошы тым, хто не мае магчымасці пакрываць рахункаў за медычныя паслугі. Гэтак, калі няма грошай, існуюць розныя спосабы дапамогі.

Даведка
Вольга Чайчыц на 9-м месяцы цяжарнасці. Фота для рэдакцыі

«Мужу спадабалася браць удзел у родах. Ён не чакаў, што будзе так хутка і класна»

«Догляд падчас цяжарнасці ў ЗША і ў Беларусі вельмі розніцца. У ЗША радзей ходзіш да доктара і здаеш значна менш аналізаў, чымся ў Беларусі, дзе ты мусіш прайсці медычную камісію ў пачатку і ў канцы. У ЗША такога няма зусім. Доктар глядзеў мяне на крэсле толькі раз у пачатку цяжарнасці і потым у канцы тэрміну, калі я была на дзявятым месяцы, каб паглядзець, калі прыблізна пачнуцца роды. Паміж гэтым я здавала толькі аналіз мачы, і ўсё. На прыёмах у доктара ўсё будавалася на размовах: як я сябе адчуваю, ці непакоіць мяне нешта. У Беларусі па-іншаму: цябе шторазу глядзяць на крэсле, здаеш кроў і шмат іншых аналізаў. Калі ёсць нейкія пагрозы – вядома, трэба больш пільная ўвага. Але калі ўсё добра, то навошта гэта? Шторазу, здаючы аналізы і праходзячы камісіі, жанчына рызыкуе, седзячы ў чэргах у беларускіх паліклініках сярод хворых людзей. Мне ў Беларусі кожны раз было страшна, асабліва калі мяне прымушалі здаваць аналізы ў перыяды грыпу», – згадвае Вольга.

Вольга Чайчыц з сынам Міраславам на наступны дзень пасля выпіскі. Малому 4 дні. 22 жніўня 2021 года. Фота для рэдакцыі

Працэс прымання родаў у ЗША і Беларусі таксама вельмі адрозніваецца.

«У Беларусі, калі я прыязджала ў радзільны дом, я пастаянна запытвала, што яны робяць. Мне адказвалі, што гэта не мая справа. Адкрываюць воды, даюць нейкія кропельніцы – і ты нават не ведаеш, што табе колюць, яны не хочуць казаць. Маўляў, вы ўсё роўна ў гэтым не разбіраецеся, гэта справа доктара. У ЗША пры кожным дзеянні запытваюць, ці могуць яны зрабіць тое ці гэтае. Тлумачаць, для чаго гэта робіцца. Усе вельмі далікатныя і ветлівыя. У Беларусі на мяне крычалі за тое, што я крычу ад болю. У Беларусі псіхалагічна мне было даволі складана нараджаць, нібыта я ім перашкаджаю прымаць гэтыя роды. У ЗША табе ўвесь час кажуць: «Good job!» Кажуць, што ты малайчынка, ты вельмі добра спраўляешся, усяляк імкнуцца цябе падтрымаць», – распавядае жанчына.

У ЗША прынята і вельмі распаўсюджана нараджаць з партнёрам: мужам, мамаю, сяброўкаю. Муж Вольгі, Андрусь, спачатку не збіраўся ехаць на роды, планавалі, што ён застанецца са старэйшымі дзецьмі. Але, калі Вольга нараджала, у іхным горадзе быў моцны шторм, рэкі павыходзілі з берагоў.

«Мы ледзь даехалі да шпіталю. Праз дзве гадзіны, як мы прыехалі, я нарадзіла. Муж быў са мною, пасля родаў яшчэ на некалькі гадзінаў застаўся побач. Мне вельмі спадабалася, бо, калі побач блізкі чалавек, усё лягчэй. І мужу таксама спадабалася: ён не чакаў, што будзе так хутка і класна», – згадвае Вольга.

У Беларусі, калі Вольга нарадзіла дзіця, яго доўга – больш за 8 гадзінаў! – не вярталі ёй:

«Я ведаю, што гэта вельмі важна – як найхутчэй да сябе прытуліць дзіця, прыкласці скура да скуры, пакарміць. Мне не давалі, колькі я ні прасіла. Калі ты толькі нарадзіла, то слаба сябе адчуваеш, у тым ліку псіхалагічна, і ты не маеш сілаў адстойваць сваё меркаванне. Мяне даводзілі проста да слёзаў».

У ЗША адбылося ўсё па-іншаму: дзіця нарадзілася – і яго адразу паклалі на жывот маці, папрасілі прыкласці да грудзі. Сын паўтары гадзіны еў.

«Я нават не ведала, што так бывае. Усе чакалі, пакуль ён наесца, каб толькі пасля гэтага рабіць усе неабходныя працэдуры: узважыць і памераць яго. Там ні разу не выносілі дзіцяці з пакою, сын увесь час быў пры мне. У шпіталі вешаюць на ножку датчык, які паказвае, дзе дзіця. І калі яго хтосьці паспрабуе вынесці са шпіталю, гэта адразу ўбачаць. Была такая смешная сітуацыя. Праз 24 гадзіны дзіця ўжо мыюць у купальні. Медсястра, калі мыла сына, занесла яго ў нішу, і датчык паказаў, што ён у іншым пакоі. Адразу ж прыбегла ахова, каб праверыць, дзе дзіця, што адбываецца. То бок гэта рэальна працуе», – смяецца Вольга.

«Пасля родаў на сняданак мне прынеслі шакаладнае марозіва і каву»

Галоўнае, што спадабалася Вользе, – гэта тое, што ў ЗША да цябе ставяцца як да чалавека: паважаюць, лічацца, робяць усё, каб пацыент быў задаволены, бо гэта твае роды і тваё дзіця. У Беларусі ж робяць усё наадварот, каб зручна было доктару альбо акушэркам.

«У ЗША падчас родаў ты можаш прымаць любыя позы, цябе папярэджваюць, што ты можаш рабіць што заўгодна, а яны прыстасуюцца да цябе. У Беларусі ты мусіш слухацца дактароў: як табе сказалі, так ты і мусіш нараджаць», – кажа жанчына.

Адрозніваюцца таксама і падыходы да нагляду за дзецьмі і маці. У Беларусі лічаць, што дзіця трэба класці на бок, у ЗША кладуць толькі на спінку. У Беларусі да родаў будучыя маці маюць шмат абмежаванняў у ежы, пасля родаў амаль нічога нельга. У ЗША – па-іншаму.

«Мне мой доктар перад родамі казаў, што я яшчэ маю час на прыемнасці: еж што хочаш, адпачывай, гуляй, адрывайся, бо пасля будзе складаней. Ясна, што алкаголь ды іншыя шкодныя рэчы нельга, а вось у плане садавіны няма ніякіх забаронаў. У Беларусі пасля родаў забараняюць есці агародніну чырвонага колеру, шакалад, мёд, салодкасці, піць каву. А тут ранкам пасля родаў мне на сняданак прынеслі яечню, аўсянку, мяса, да гэтага – апельсінавы сарбет, трускаўку, шакаладнае марозіва і каву. Харчаванне вельмі смачнае і збольшага складаецца з таго, што ў Беларусі забаронена. У мяне ў Беларусі дзіця высыпала, і на мяне сварыліся дактары, што ж я такое з’ела, а я нічога не ела, макарону толькі. Тут у мяне сына таксама высыпала, пытаю: можа, на ежу? Мне кажуць, што не, усіх дзяцей высыпае, калі яны нараджаюцца, гэта нармальна. А ежа таксама ўплывае на твой настрой», – распавядае Вольга.

Нараджала беларуска ў прыватным шпіталі. У ЗША звычайна выбіраюць не клініку, а доктара. Тут папулярна нараджаць удома, і доктар прыязджае да пацыенткі.

Палата клінікі выглядае як нумар у гатэлі, у кожнай жанчыны – свая. Ёсць тэлевізар, душ, лядоўня, качалка, ложак рэгулюецца – можна, напрыклад, падняць ногі вышэй. Прадугледжана таксама ўсё для партнёра: канапа, бялізна. Плюс рознае абсталяванне для дзіцяці: кропельніцы, маніторы, датчыкі.

Сняданак у шпіталі. Фота для рэдакцыі

Радзільная палата ў ЗША таксама выглядае як нумар у гатэлі – вельмі камфортны і прыгожы, дзе прыемна нараджаць. У Беларусі ж – як у звычайным шпіталі: ложак, пафарбаваныя ці кафляныя сцены.

«Я за тое, каб з дзецьмі спаць. Калі ў беларускім шпіталі я спрабавала ўзяць дзяцей у ложак і хаця б пакарміць, на мяне адразу пачыналі сварыцца медсёстры: маўляў, я яго прыдушу, казалі седзячы карміць. А пасля родаў жанчына слабая, хутка стамляюцца мышцы, шыя, спіна, рукі пачынаюць хутка балець, калі сядзіш. На другі–трэці дзень ты ледзь жывы. Лежачы значна прасцей. У амерыканскай клініцы мне ніхто ні разу ніякай прэтэнзіі не сказаў. Гэта цалкам твая справа», – распавядае Вольга.

«На наступны дзень пасля выпіскі мы пайшлі ў горы»

У ЗША пасля родаў і аглядаў, калі ўсё добра, выпісваюць ужо праз 24 гадзіны. Вольга нарадзіла позна ўвечары, таму прабыла ў клініцы паўтара дня. Усё зроблена для таго, каб быў добры настрой і самаадчуванне. І настрой сапраўды добры. Усім вядома пра пасляродавую дэпрэсію. У ЗША вельмі шмат намаганняў прыкладаюць, каб яе не было. Пастаянна тэстуюць і распытваюць пра самаадчуванне, ці ёсць пачуццё, што нічога не хочацца рабіць.

«У мяне аксітацын бамбіў так, што я проста лётала ад шчасця! На наступны дзень пасля выпіскі мы пайшлі ў горы, да вадаспаду, малому тры дні было. Я 10 кіламетраў адхадзіла, хоць так нельга, але паводле самаадчування мне было вельмі добра. Мы жывём у горах, у нас вельмі прыгожа, я на апошніх месяцах цяжарнасці ўжо не магла хадзіць па мясцінах, а мне вельмі хацелася. То як нарадзіла – мы ўжо адарваліся. Адчувала шмат энергіі, сілаў. У Беларусі ўсе забароны, тое, што ты ў шпіталі ні на што не можаш паўплываць, вельмі ўплываюць на настрой. Памятаю, як пасля выпіскі я яшчэ некалькі тыдняў адыходзіла ад родаў, псіхалагічна вельмі цяжка сябе адчувала», – адзначае Вольга.

Муж Вольгі Андрусь разам з сынам Міраславам на наступны дзень пасля выпіскі са шпіталю. Малому 4 дні. 22 жніўня 2021 года. Фота для рэдакцыі

Праз два тыдні пасля родаў жанчыне трэба было ехаць да доктара на агляд. Гэта была звычайная размова – пра настрой і прыкметы дэпрэсіі. Паўнавартасны медычны агляд, як аказалася, будзе толькі праз месяц.

«У Беларусі я была ў шпіталі прыкладна па тыдні: і першы, і другі раз. У дзяцей была жаўтуха. Лічыцца, што чым больш дзіця «ходзіць» у падгузак, тым хутчэй выводзіцца білірубін. І ў шпіталі дзяцей дапойвалі нечым, каб хутчэй гэты білірубін выводзіўся. Гэта даводзіла мяне да слёзаў. Я за натуральнае кармленне. Ёсць жа іншыя спосабы выводзіць гэтае рэчыва: напрыклад, класці дзіця пад лямпы. Пастанаўляць, чым карміць дзіця, мусіць мама. І я пастаянна рыдала, калі мне прыносілі дзіця, і яно не хацела есці малака, бо яго ўжо нечым накармілі», – згадвае Вольга.

У сына Міраслава таксама аказаўся павышаны ўзровень білірубіну. Але ў ЗША, наадварот, казалі: чым часцей карміць грудзьмі, тым лепш, білірубін хутчэй выйдзе. Дамоў для дзіцяці выдалі адмысловае пакрывала з сінім святлом – ад яго хутчэй гэтае рэчыва выводзіцца. Паступова ўсё наладзілася.

«Ёсць у цябе грошы, няма грошай – ты ўсё адно атрымаеш клопат»

У ЗША няма панятку «дэкрэтны адпачынак».

«Мне казалі, што можна падацца на праграму, каб мне аплацілі некалькі месяцаў удома, але мы не рабілі гэтага. А так тут ёсць дзяржаўныя праграмы падтрымання для маладых маці, дзе на два гады можна пакрыць выдаткі на харчаванне для маці і дзіцяці. Можна браць карткі і за іх набываць харчы.

Ёсць шмат недзяржаўных арганізацыяў, якія таксама падтрымліваюць маці. Я хадзіла ў Цэнтр падтрымання цяжарнасці, і там мне дарылі розныя падарункі: напрыклад, дзіцячы вазок, крэсла, розныя слінгі, шмат падгузкаў. Я дасюль магу бясплатна браць там падгузкі. Там мяне запісалі на двухгадовую праграму, да нас прыходзіць бясплатная медсястра: яна распытвае пра маё здароўе, пра дзіця, прыносіць падгузкі. Медсястра прыходзіць столькі, колькі мне трэба, у любы час. Мне шмат не трэба, таму пасля родаў мы бачыліся адзін раз. Але яна некалькі разоў прыходзіла да родаў, мы размаўлялі, як усё будзе праходзіць, як трэба даглядаць дзіця. Мая медсястра распавядала, што іх часам выклікаюць, каб мама проста магла адпачыць гадзінку», – кажа Вольга.

Жанчына адзначае, што ў ЗША медсёстры, дактары – усе вельмі клапоцяцца пра псіхалагічны стан. Найбольш пытанняў менавіта пра гэта і пра неабходнасць падтрымаць.

«Тут клапоцяцца пра чалавека. Ёсць у цябе грошы, няма грошай – ты ўсё адно атрымаеш гэты клопат», – падсумавала Вольга.

СП belsat.eu

Стужка навінаў