Украіна вызваліла сяло Уражайнае. Чаму гэта важна


Намесніца міністра абароны Украіны Ганна Маляр пацвердзіла ранкам 16 жніўня, што Збройныя сілы Украіны вызвалілі сяло Уражайнае ў Данецкай вобласці – між Запарожжам, Данецкам і Марыупалем. 

Чуткі аб вызваленні сяла хадзілі ўжо некаторы час. Штурм паселішча пачаўся 8 жніўня. Аб адступленні расейскіх войскаў адтуль 13 жніўня пісалі расейскія праваенныя каналы. На 14 жніўня выглядала, што Уражайнае яшчэ ў шэрай зоне, якой не кантраляваў ніводзін бок.

Гэтае сяло – на бярдзянскім кірунку, а праз гэты кірунак Збройныя сілы Украіны могуць прарывацца да Азоўскага мора, узбярэжжа якога цяпер цалкам кантралюе Расея. Як адзначала выданне «The New York Times», ва Уражайным размяшчаўся ўмацаваны раён расейскіх войскаў на беразе ракі Мокрыя Ялы. Вызваленне паселішча вымусіць расейскія войскі адысці на другую лінію абароны.

Ад гэтага раёну ўсяго 80 км да акупаваных Бярдзянску і Марыупалю, буйных партовых гарадоў. Калі ўдасца вызваліць іх, то будзе перарэзаны «сухапутны мост» між акупаванымі Крымам і Данбасам, што істотна ўскладніць лагістыку расейскіх войскаў.

Марыупаль быў амаль цалкам зруйнаваны Расеяй падчас працяглага штурму і стаў адным з важных для расейскіх уладаў сімвалічных трафеяў вайны ва Украіне.

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) тым часам звяртае ўвагу на тое, што ЗСУ наступаюць прынамсі ў трох сектарах, прарываюцца таксама ў Луганскай вобласці і на захадзе Запарожскай вобласці, тады як Расея ладзіць наступальныя аперацыі на іншых кірунках і, падобна, мае нязначныя поспехі блізу Сватава і Бахмуту, а таксама абстрэльвае ракетамі ўкраінскія тылы.

Брытанская выведка ж заўважае, што Расея амаль дакладна пачала вытворчасць уласных дронаў на базе іранскіх «Шагэдаў» ды застаецца залежнай ад іранскіх дэталяў. Украінская паветраная абарона спраўляецца з большай часткай «Шагэдаў», але гэтымі дронамі нярэдка атакуюць мірнае насельніцтва – кожны нязбіты дрон можа прывесці да мноства ахвяраў.

Hавiны
ЗСУ рыхтуюцца да прарыву фронту на поўдні? Што адбываецца ва Украіне?
2023.08.15 20:06

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў