Што дае ўзяцце Уражайнага і ці адбудзецца напад на Украіну з Беларусі?


16 жніўня з’явілася інфармацыя пра тое, што ўкраінскія войскі ўзялі населены пункт Уражайнае. Што гэта значыць для ЗСУ і якія перспектывы раскрывае для далейшага наступу. «Белсат» паразмаўляў з палкоўнікам ЗСУ ў запасе Раманам Світанам, каб знайсці адказы на гэтыя пытанні, а заадно высветліць, ці рыхтуецца напад на Украіну з тэрыторыі Беларусі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вайскоўцы ЗСУ. Крыніца: Україна Online: Політика, новини / Telegram

Уражайнае – ключ да асноўнай лініі

«Уражайнае было такім ключыкам на асноўную лінію ў раёне Старамлынаўкі», – адзначыў Раман Світан. Справа ў тым, што без вызвалення Уражайнага ўкраінскім вайскоўцам было практычна немагчыма рухацца да асноўнай лініі размяшчэння сіл ворага. Расейскі гарнізон, які размяшчаўся ў гэтым населеным пункце, «навісаў» над левым флангам украінскіх войскаў.

Таму ўкраінцы ўзялі яго ў напаўакружэнне, пасля нанеслі паражэнне з дапамогай артылерыі і адрэзалі расейцам шляхі для падыходу і адыходу – яны папросту ўцяклі з Уражайнага, адкрыўшы для ўкраінскіх войскаў левы фланг.

Зараз, адзначае эксперт, адбываюцца баявыя дзеянні на поўдзень ад Уражайнага, дзе ёсць яшчэ два населеныя пункты, якія перашкаджаюць наступаць украінскім гарнізонам. Калі яны будуць узятыя, то з’явіцца магчымасць заняцца лініяй абароны праціўніка ў раёне Старамлынаўкі. Раман Світан мяркуе, што гэта здарыцца цягам некалькіх тыдняў, і ўжо ў верасні ў гэтым раёне ўкраінскія войскі будуць «ускрываць» расейскую лінію абароны.

Украінцы ўмацоўваюць мяжу, чакаючы нападу з Беларусі?

Таксама мы запыталі ў Рамана Світана, ці ёсць на дадзены момант верагоднасць таго, што з беларускага боку можа адбыцца напад беларускіх ці расейскіх частак. Асабліва ў святле таго, што ўкраінскія ўлады выдаткоўваюць дадатковыя 35 мільёнаў долараў на тое, каб умацаваць межы Харкаўскай і Чарнігаўскай абласцей, што мяжуюць з Беларуссю.

Адказваючы на гэта пытанне, наш суразмоўца адзначыў, што гэта наўрад ці адбудзецца, бо ў Беларусі зараз вельмі мала расейскіх частак, таму што практычна ўсе яны выведзеныя, у тым ліку і авіяцыя. Адпаведна, на яго думку, расейскіх сілаў з боку Беларусі дакладна недастаткова для выканання баявых задачаў. А што датычыцца беларускай арміі, то Раман Світан лічыць, што яна не будзе ўдзельнічаць у ваенных дзеяннях супраць Украіны, бо «няма прычыны выконваць такога роду дзеянне».

«Таму з гэтага пункту гледжання мы ад беларусаў не чакаем, нават ад акупацыйнага рэжыму Лукашэнкі, ніякіх праблем», – сказаў палкоўнік ЗСУ ў запасе.

Што ж тычыцца ўмацавання мяжы з украінскага боку, то яно праводзіцца «ў графіку агульнага ўмацавання дзяржаўнай мяжы», прычым яна будзе ўмацоўвацца па аналогіі з лініяй фронту. Гэта значыць, на ёй будуць зробленыя мінныя палі, прамініраваныя «танканебяспечныя кірункі», а таксама будуць узводзіцца фартыфікацыйныя збудаванні.

Умацаванне дзяржаўнай мяжы наш суразмоўца назваў постваеннай дадзенасцю. Так, на яго думку, па заканчэнні вайны дзяржаўная мяжа з Расеяй, а гэта больш за тысячу кіламетраў, будзе складацца з франтавых інжынерна-тэхнічных збудаванняў.

Аналітыка
Ілюзія ракетнай атакі з тэрыторыі Беларусі: хітры план Расеі ці выпадковасць?
2023.08.07 19:36

Раман Шавель belsat.eu 

Стужка навінаў