Беларусь не мае амбасады ў Афганістане, але звяртацца можна ў амбасаду ў суседнім Таджыкістане. Ды мяжа з Таджыкістанам ужо пяць дзён пад кантролем талібаў.
Прэс-сакратар Міністэрства замежных справаў Беларусі Анатоль Глаз вечарам 15 жніўня даў каментар дзяржаўнаму тэлеканалу ОНТ аб сітуацыі ў Афганістане.
Учора баевікі радыкальнага ісламісцкага руху «Талібан» без бою ўвайшлі ў Кабул. Раней яны абвесцілі, што цалкам кантралююць тэрыторыю Афганістана. Многія краіны эвакуявалі свае амбасады. Расея сваю пакінула, а Беларусь і не мела.
Аднак Беларусь мае амбасаду ў суседнім Таджыкістане. Кантакты амбасады тут, звязацца з ёй можна па тэлефонах +99237 224-54-78 і +99237 224-54-95.
«Безумоўна, Міністэрства замежных справаў сочыць за развіццём сітуацыі ў Афганістане, – расказаў Глаз. – Фізічна там няма нашай амбасады, але па сумяшчальніцтве гэтую краіну куруе амбасада Рэспублікі Беларусь у Таджыкістане. Таму грамадзяне нашай краіны па консульскіх пытаннях альбо па аказанне іншага магчымага спрыяння ў межах Міністэрства замежных справаў могуць звяртацца ў нашую амбасаду ў Таджыкістане».
Колькі грамадзянаў Беларусі цяпер у Афганістане, невядома. Таксама незразумела, як з Афганістана можна будзе трапіць у Таджыкістан.
Талібы ўзялі пад кантроль межы яшчэ 11 жніўня, аэрапорт заставаўся адзіным выйсцем са сталіцы, але шанцы сесці на самалёт там учора былі невысокія: зашмат ахвочых, чуваць страляніну.
Аднак украінскі самалёт, які быў у Афганістане, у ноч на 16 жніўня вывез з Кабула грамадзянаў не толькі Украіны, але і Афганістану, Беларусі, Нідэрландаў, Харватыі. Колькі беларусаў на борце, не паведамляюць.
АА belsat.eu