Джоўзэф Байдэн і Уладзімір Пуцін правялі перамовы ў Жэневе. Онлайн


Сёння, 16 чэрвеня, у швейцарскай Жэневе адбыліся перамовы прэзідэнта ЗША Джозэфа Байдэна з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным. На сустрэчы сярод іншага абмяркоўвалася Беларусь. Belsat.eu будзе весці онлайн.

20:55. Прэс-канферэнцыя прэзідэнта ЗША завяршылася.

20:51. Байдэн лічыць, што немагчыма параўноўваць пераслед апазіцыі ў РФ і сітуацыю з захопам Капітолія (гэтыя паралелі агучваў Пуцін на сваёй прэс-канферэнцыі).

«Гэта жудаснае параўнанне. Адна справа, калі злачынцы ўрываюцца ў Капітолій, забіваюць паліцыянтаў. Іншая справа, калі людзі выходзяць, кажучы, што не могуць гаварыць свабодна, што не могуць атрымаць або рэалізаваць адно, другое, трэцяе», – кажа ён.

20:40. Байдэн: не думаю, што Пуцін хоча новай Халоднай вайны з ЗША.

Паводле Байдэна, Пуцін турбуецца, што яго рэжым могуць звергнуць.

20:38. Прэзідэнта ЗША спыталі, што будзе, калі ў турме памрэ Аляксей Навальны: «Наступствы будуць разбуральнымі для Расеі. Я сказаў, што гэта вельмі важны момант для краіны».

Па словах Байдэна, ён агучыў гэтую пазіцыю расейскаму прэзідэнту.

20:30. Байдэн заявіў, што на перамовах з Пуціным таксама абмяркоўвалася тэма Беларусі.

«Я казаў пра Беларусь. Ён (Пуцін) не супярэчыў мне», – заявіў прэзідэнт ЗША.

20:28. Байдэн сказаў Пуціну, што парадак дня ЗША не накіраваны супраць Расея, яна накіраваная на абарону амерыканцаў. Але абарона амерыканскіх інтарэсаў немагчымая без размоваў пра правы чалавека і дэмакратыю. Таму ў тым ліку закраналася тэма лёсу Аляксея Навальнага.

20:21. Распачалася прэс-канферэнцыя Байдэна.

19:43. Прэс-канферэнцыя Пуціна завершылася.

19:29. У Пуціна запыталі, ці з’явіліся ў яго пасля сустрэчы з Байдэнам нейкія новыя ілюзіі. «Ілюзіяў не было і быць не можа», – адказаў ён.

19:25. Пуцін распавёў, што Байдэн не запрашаў яго ў госці і што ён сам не запрашаў Байдэна прыехаць у Маскву. «Для такіх візітаў мусяць саспець умовы», – кажа ён.

19:11. Пуцін заявіў, што заклапочанасць ЗША з нагоды мілітарызацыі Арктыкі не мае пад сабой ніякіх падстаў. Нібыта гаворка ідзе пераважна пра аднаўленне інфраструктуры, якая існавала яшчэ ў савецкія часы.

19:07. У Пуціна спыталі наконт Навальнага. Паводле прэзідэнта РФ, гэты чалавек ведаў, што парушаў расейскае заканадаўства, ён мусіў адзначацца як асуджаная асоба. Але нібыта свядома праігнараваў гэтыя патрабаванні.

«Ён зрабіў тое, чаго хацеў. Пра што казаць», – дадаў ён. Пуцін пры гэтым прозвішча Навальнага так і не назваў.

Паводле Пуціна, на саміце прэзідэнт Байдэн закранаў тэму правоў чалавека. «Мы казалі пра гэта па яго ініцыятыве», – заявіў ён.

18:56. Пуцін ацаніў перамовы з Байдэнам як канструктыўныя, варожасці не было. Паводле яго, абодва бакі на саміце праявілі жаданне збліжаць пазіцыі.

18:54. Пуцін заявіў, што была дасягнутая дамоўленасць аб вяртанні амбасадара РФ і ЗША. Калі канкрэтна пасля вярнуцца, ён не ўдакладніў, адзначыўшы, што гэта пытанне тэхнічнае.

Пуцін таксама паведаміў, што абмяркоўвалася тэма Украіны. Паводле прэзідэнта РФ, Байдэн пагадзіўся з тым, што ў аснове ўрэгулявання сітуацыі на Данбасе павінны ляжаць менскія пагаднення. Што тычыцца пытання аб магчымым далучэнні Украіны да NATO, то Пуцін заявіў, што тэма закраналася толькі «мазком» і тут «няма чаго абмяркоўваць».

18:49. Распачалася выніковая прэс-канферэнцыя Уладзіміра Пуціна.

18:33. «РИА Новости» паведамляе, што Байдэн з’ехаў з вілы Ля-Гранж.

18:26. Сустрэча Пуціна і Байдэна ў пашыраным складзе завяршылася.

18:16. Расейскі бок прывёз у Жэневу сваю лабараторыю для правядзення тэстаў на каронавірус. Пра гэта паведаміў маскоўскі карэспандэнт The Independent Олівер Кэррол. Тым, хто хоча трапіць на прэс-канферэнцыю прэзідэнтаў, прыйшлося тройчы здаць аналіз.

«Вельмі старанная абарона для нібы прышчэпленага Пуціна», – піша журналіст.

https://twitter.com/olliecarroll/status/1405035203022688257?ref_src=twsrc%5Etfw%7Ctwcamp%5Etweetembed%7Ctwterm%5E1405035203022688257%7Ctwgr%5E%7Ctwcon%5Es1_&ref_url=https%3A%2F%2Fportal.24liveblog.com%2F%2Fevent%2F2810141560037205073%2Fnews%2Fadd

18:12. Перамовы ў пашыраным складзе ідуць ужо другую гадзіну.

17:51. Афіцыйная прадстаўніца ЗША Андрэа Калан выказалася наконт беларускай тэмы ў парадку саміту.

«Наша пазіцыя не змянілася. Прэзідэнт Байдэн заўсёды кажа: трэба каб Лукашэнка пачаў канструктыўны дыялог з грамадзянскай супольнасцю пры садзейнічанні АБСЕ», – адзначыла Калан.

17:42. Перамовы Пуціна і Байдэна ў вузкім складзе завяршыліся. Яны доўжыліся амаль дзве гадзіны – даўжэй, чым было запланавана. Акрамя двух прэзідэнтаў у гэтым блоку саміту ўдзельнічалі кіраўнік расейскага МЗС Сяргей Лаўроў і дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен.

Сустрэча Байдэна і Пуціна ў вузкім складзе, 16 чэрвеня 2021 года.
Фота: kremlin.ru

Пасля гэтага распачаўся другі раўнд перамоваў, у ім бяруць удзел дэлегацыі абедзвюх краін.

Дэлегацыя ЗША: дзяржсакратар Энтані Блінкен, яго намеснік Віктор’я Нулэнд, амбасадар у Маскве Джон Саліван, памочнік прэзідэнта па нацбяспекі Джэйк Саліван і старэйшы дырэктар рады нацбяспекі Эрык Грын.

Дэлегацыя Расеі: памочнік прэзідэнта Юрый Ушакоў, прэс-сакратар Дзмітрый Пяскоў, амбасадар РФ у ЗША Анатоль Антонаў, начальнік Генштаба Валерый Герасімаў, намеснік міністра замежных справаў Сяргей Рябкоў.

15:18. У Жэневе ў дзень саміту з’явіліся тры білборда з пытаннямі да Пуціна аб атручэнні апазіцыйнага палітыка Аляксея Навальнага.

  • Навальны атручаны «Новичком»
  • І да гэтага часу няма расследавання?
  • Як жа так, прэзідэнт Пуцін?

Плакаты ў Жэневе адсылаюць да амерыканскага мастацкага фільма «Тры білборда на мяжы Эббінга, Місуры».

14:43. Пуцін падзякаваў Байдэна за ініцыятыву сустрэцца. Амерыканскі лідар адказаў Пуціну, што сустрэча сам-насам карысная. Байдэн адзначыў, што трэба вызначыцца з Расеяй наконт пытанняў, якія ўяўляюць узаемную цікавасць, паведамляе «РИА Новости».

14:35. Сустрэча пачалася.

14:27. Джо Байдэн таксама прыбыў на вілу Ля-Гранж. Журналісты «Вот так» адзначаюць, што яго картэж быў больш, чым ва Пуціна. Перамовы пачнуцца з хвіліны на хвіліну.

14:04. Пуцін прыбыў на вілу Ля-Гранж, дзе мае адбыцца сустрэча з Байдэнам.

13:55.Самалёт з Уладзімірам Пуціным прызямліўся ў Жэневе. Борт прэзідэнта Расеі прыбыў па графіку.

Картэж Пуціна ўжо накіроўваецца на вілу Ля-Гранж. На вуліцах Жэневы, па якіх праедзе картэж, арганізаваны перакрыцця. Некалькі хвілін таму на вілу ўжо прыбыў міністр замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў.

12:58. «Вот так» паведамляе, што гарадскія ўлады Жэневы рыхтаваліся сустрэць Уладзіміра Пуціна ў аэрапорце ля трапа самалёта. Менавіта так напярэдадні сустракалі Джо Байдэна. Аднак расейскія прадстаўнікі адмовіліся ад гэтай цырымоніі, сказаўшы, што візіт Уладзіміра Пуціна не ёсць дзяржаўным, ён прыехаў у Жэневу дзеля перамоваў з амерыканскім лідарам.

12:45. Праезд да месца сустрэчы прэзідэнтаў перакрылі грузавікамі і бетоннымі блокамі. Браневікі і мноства паліцыянтаў дзяжураць ля вілы Ля-Гранж. Для мясцовых жыхароў нават закрылі пляж непадалёк, паведамляе карэспандэнт «Вот так».

12:01. Рух перад вілай Ля-Гранж перакрыты, падыходы пад узмоцненаю аховай.

Дарога перад вілай Ля-Гранж у Жэневе, 16 чэрвеня 2021 года. Скрыншот з відэа «Вот так»

12:00. Сустрэча пачнецца ў 14:35 паводле Менску. Згодна з планам, першым на вілу Ля-Гранж прыбудзе Пуцін, якога сустрэне прэзідэнт Швейцарыі, затым прыедзе Байдэн. Пасля саміту супольная прэс-канферэнцыя не прадугледжаная, паведамляе «Вот так».

Віла Ля-Гранж, дзе мае адбыцца сустрэча Пуціна і Байдэна. Скрыншот з відэа «Вот так»

Раніцай 16 чэрвеня было заяўлена, што Масква і Вашынгтон узгаднілі парадак саміту ў Жэневе. Тэмы для размовы лідараў Расеі і ЗША падзеленыя на некалькі блокаў, заявіў памочнік прэзідэнта Расеі Юрый Ушакоў. Перапынкі і рабочы абед не прадугледжаныя, як і пэўныя часавыя межы сустрэчы, аднак у Белым доме пацвердзілі, што арыентуюцца на 4-5 гадзін перамоваў.

У першым блоку Уладзімір Пуцін і Джо Байдэн абмяркуюць стан і перспектывы развіцця расейска-амерыканскіх стасункаў, асноўныя пытанні стратэгічнай стабільнасці, інфармацыйную бяспеку і барацьбу з кіберзлачыннасцю. Далей прэзідэнты пагавораць пра «канкрэтныя неразвязаныя пытанні двухбаковых стасункаў», праблемах эканамічнай супрацы, клімату, Арктыкі і супрацьдзеянне каронавірусу.

Паводле памочніка прэзідэнта РФ Юрыя Ушакова, на дэсерт пакінулі рэгіянальную праблематыку, у тым ліку Блізкі Усход, Сірыю, Лівію, сітуацыю вакол іранскай ядравай праграмы, урэгуляванне ў Афганістане, сітуацыю на Карэйскім паўвостраве і ў Нагорным Карабаху, а таксама Украіну. Акрамя таго, з ініцыятывы кіраўнікоў дзяржаваў могуць быць закранутыя іншыя тэмы.

Раней у Белым доме заяўлялі, што на сустрэчы таксама плануецца абмеркаваць Беларусь і нормы грамадзянскай авіяцыі. Адзначым, што беларускае пытанне сярод іншага закраналася на саміце G7, саміце Паўночнаатлантычнага альянсу і саміце ЕЗ – ЗША.

Аналітыка
Сустрэча Пуціна і Байдэна ўжо зусім блізка. Распыталі экспертаў, чаго ад яе чакаць Беларусі
2021.06.15 15:26

Перад пачаткам сустрэчы Джоўзэфа Байдэна і Уладзіміра Пуціна Святлана Ціханоўская зладзіла прэс-брыфінг, дзе распавяла, што перадала адміністрацыі прэзідэнта ЗША пазіцыю дэмакратычных сілаў Беларусі. Яна складаецца з 5 галоўных пастулатаў:

  • Лукашэнка – нелегітымны і мусіць сысці;
  • выбары прэзідэнта Беларусі павінны прайсці ў 2021 годзе;
  • пратэст у Беларусі – не геапалітычны;
  • замест падтрымання рэжыму Расея яшчэ можа стаць часткаю развязання крызісу ў Беларусі;
  • незалежнасць і суверэнітэт Беларусі не могуць быць прадметам гандлю.
Hавiны
Сустрэча Байдэна і Пуціна: Ціханоўская перадала прэзідэнту ЗША пазіцыю беларускіх дэмсілаў
2021.06.16 11:03

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў