Чаму людзі падтрымліваюць агрэсію Расеі ва Украіне? Спыталі ў тых, хто выступае за вайну


Цімур жыве ў Маскве, але нарадзіўся і вырас на Данбасе. Арцём жыве ў Бабруйску, ён сябра адной з прарасейскіх грамадскіх арганізацыяў. «Белсат» пагутарыў з мужчынамі, якія падтрымліваюць агрэсію Расеі ва Украіне, каб даведацца, да якіх каштоўнасцяў апелююць прыхільнікі вайны.

Людзі з плакатам «Несмяротны полк» і сцягамі каля манументу на плошчы Перамогі. У беларускай сталіцы прайшло традыцыйнае шэсце з нагоды 77-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, пасля чаго пачаліся святочныя гулянні гараджанаў. Менск, Беларусь. 9 траўня 2022 года.
Фота: Белсат

Што вы думаеце пра ўвод расейскіх войскаў на тэрыторыю Украіны?

Цімур: На маю думку, гэта лагічны вынік усіх падзеяў, якія адбываліся на постсавецкай прасторы з 1991 года. Ва Украіне адбыўся фашысцкі ўзброены мяцеж і быў скінуты законна абраны прэзідэнт (гаворка пра Віктара Януковіча). Прычым законнасць ягонага абрання была прызнаная ўсімі, у тым ліку Злучанымі Штатамі і заходнееўрапейскімі краінамі.

Арцём: Я не мілітарыст, я чалавек увогуле не крыважэрны. Рэч у тым, што той рэжым, які сфармаваўся на Украіне, невыпадкова назвалі нацысцкім. Вядома, тут адразу пачынаюцца контраргументы, што вось там дэмакратыя, і наагул прэзідэнт – габрэй. Тое, што прэзідэнт – габрэй, не выключае таго, што сам рэжым ён падтрымлівае нацысцкім. Дэнацыфікацыя, безумоўна, патрабуецца. Яна спатрэбілася Нямеччыне пасля 1945 года, яна была паспяхова праведзеная. З таго часу паспрабуй выйсці дзе-небудзь у Берліне і так ад сэрца да сонца жэст зрабі: рызыкуеш застацца ў Нямеччыне надоўга ў мясцовай турме. Калі гэта зрабіць дзе-небудзь у Кіеве, там прымуць за свайго. Асабліва ў такіх арганізацыях, як полк «Азоў».

Параненыя абаронцы «Азоўсталі» ў Марыупалі, Украіна.
Фота: kztsky / Instagram

Якую пагрозу Украіна несла Расеі?

Цімур: Гэта была прыхаваная пагроза. Ствараліся ў вайсковым ведамстве, у вайсковым міністэрстве вайсковыя цэнтры інфармацыйных псіхалагічных спецаперацыяў. У іх служылі афіцэры, якія былі афіцыйна на вайсковай службе. Гэта адкрытыя звесткі.

Арцём: Пагрозу ваеннага паражэння наўрад ці. Бо ўсё-такі Расея – гэта ў вайсковым плане звышдзяржава з ядраваю зброяй. Расейская армія апрыёры мацнейшая. Але вось гэтыя амерыканскія бактэрыялагічныя лабараторыі ва Украіне – гэта вельмі сур’ёзна. Мог бы быць другі СOVID-19 ці нешта паболей.

Пры якой умове могуць наладзіцца дачыненні Украіны і Расеі?

Арцём: Пры змене ўкраінскага рэжыму. Заплюшчваць вочы на адкрыты нацызм ва Украіне – гэта ў Расеі будзе ўспрынятае як ваенная параза ад праціўніка, які саступае ў сілах. Будзе проста нацыянальная катастрофа, і Расея на гэта не пойдзе. Магчыма, нейкае замірэнне будзе падпісанае, я не выключаю гэтага. Але Украіна сама па сабе не самадастатковая дзяржава, яна шмат у чым застаецца пад кантролем з боку Захаду.

Цімур: Я прытрымліваюся камуністычных перакананняў, таму для мяне ў прынцыпе і расейскі рэжым, і беларускі, і ўкраінскі – капіталістычныя рэжымы. Таму для мяне ідэальна было б аднаўленне Савецкага Саюзу.

Разбураны фасад жылога дому ў раёне Паўночная Салтаўка ў Харкаве, Украіна. 28 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Каментуе псіхолаг з Эстоніі Анжаліка Ленсмент:

Такая падзея, як вайна, прадугледжвае як мінімум агрэсара і ахвяру. І вось вельмі цікава, што ў такіх выпадках звычайна з боку агрэсара, калі мы бярэм псіхатып тых, хто падтрымлівае вайну, ёсць людзі і ў пазіцыі агрэсара, і ў пазіцыі ахвяры. У пазіцыі агрэсара выступаюць тыя, хто так стрымана, цалкам аддаючы сабе справаздачу, ідучы за ўладаю, за грашыма, за нейкімі, можа быць, ідэалагічнымі інтарэсамі развязвае гэтую вайну. У пазіцыі агрэсара, вядома, будуць і тыя, хто падтрымлівае гэтую вайну, бо самі людзі дэспатычныя, аўтарытарныя, жорсткія, і яны хочуць далучыцца да сілы. Людзі ў пазіцыі ахвяры – гэта тыя, каму вайна дае магчымасць адчуць нейкую датычнасць да сілы. Дае ім магчымасць адчуць, што, можа быць, яны ў бяспецы. Гэта ілюзія, вядома.

Падтрыманне вайны тлумачыцца тым, што ў людзей наагул няма досведу, а ёсць жаданне весці звычайнае жыццё. Уявіце чалавека, які, можа быць, і не вельмі паспяховы, і будучыня яго не вельмі вызначаная, сацыяльныя ліфты ў краіне не пабудаваныя. І тут раптам ён падтрымлівае вайну сваёй краіны, адчувае сябе моцным, паспяховым. Але досведу ў яго няма, сам на вайне ён не быў. Такое падтрыманне канчаецца, калі ім самім прапаноўваюць адправіцца на гэтую вайну. Гэта падтрыманне на ўзроўні псіхалагічным, каб нейкія свае комплексы зрэалізаваць, падвысіць сваю самаацэнку. А калі да рэальнасці даходзіць, то ахвотных, менавіта сярод моладзі, рэальна падтрымаць на полі бітвы робіцца ўсё менш.

Hавiны
Чаму расейцы падтрымліваюць вайну ва Украіне. Тлумачыць незалежны сацыёлаг
2022.05.14 08:30

АМ belsat.eu

Стужка навінаў