Затрымалі супрацоўніка «Беларуснафты», які запісваў зварот супраць гвалту


Дзмітрыя Грышчанку вечарам 15 траўня забралі ў гомельскі ізалятар часовага ўтрымання. Яго затрымалі нібыта за «спробу схавацца», хоць ён не быў пад падпіскай аб нявыездзе.

Былая лекарка Валерыя Саварына паведаміла ў Instagram пра затрыманне супрацоўніка «Беларуснафты» Дзмітрыя Грышчанкі. Яна непакоіцца: невядома, у чым яго вінавацяць, могуць «намаляваць абвінавачанне ў падрыхтоўцы дзяржперавароту, крадзяжы любімага сабакі імператара».

Валерыя Саварына і Дзмітрый Грышчанка.
Фота: valeria_savarina / Instagram

«Шэсць месяцаў таму запісаў для Tut.by зварот ад імя супрацоўнікаў прадпрыемства супраць гвалту і за перамовы, – расказвае жанчына пра Грышчанку. – Пасля гэтага і пачалося. На працы застаўся цудам, але ў спакоі яго, як і Беларуснафта, не пакінулі. Сярод супрацоўнікаў апошні час праводзіліся ператрусы, некалькі чалавек загрымелі ў ізалятар, у самога Дзімы адабралі тэхніку. І ўчора, 15 траўня, каля 8 вечара яго забралі ў ІЧУ на Міжгародняй».

Валерыя тлумачыць «Белсату»: Дзмітрый збіраўся з’яжджаць з краіны пасля ціску на супрацоўнікаў кампаніі, але меў на тое права – не быў ні пад якой падпіскай пра нявыезд. Цяпер яна непакоіцца, што яму могуць задняй датай выставіць нешта, што не дазваляла б яму з’ехаць.

Знаёмая Дзмітрыя Ніна Літвінка кажа, што ператрус у яго ладзілі праз абвінавачанне ў негатыўным каментары на кагосьці з чыноўнікаў у сацсетках. Аднак абвінавачанне знялі, тэхніку яму вярнулі на гэтым тыдні. Ды ён казаў, што на допыце пыталі ў тым ліку пра яе, глядзелі перапіску ў Telegram. Апошні раз яны звязваліся 14 траўня каля 18 гадзінаў, аднак ужо пасля 20 ён не здымаў слухаўку. У суботу Дзмітрый збіраўся прыехаць да яе ў Менск, але не даехаў. Сёння раніцай яго пачалі шукаць. Тады яго сястра паведаміла, што «тэлефанаваў следчы і сказаў, што Дзіма на Міжгародняй, 26, затрыманы ўчора і яму пагражае штраф ці да 3 гадоў няволі за спробу схавацца».

АА belsat.eu

Стужка навінаў