«Расейскамоўны Бярдзянск цяпер стаў бандэраўскім». Як жыве горад пад расейскай акупацыяй


Партовы горад Бярдзянск быў акупаваны расейцамі ў першыя дні вайны, калі войска РФ ішло да Марыупалю. 26 лютага быў захоплены аэрапорт Бярдзянску, а 28 лютага – сам горад. Мірныя жыхары выходзілі на мітынгі супраць акупацыі, а расейцы разганялі іх з ужываннем сілы. Сёння горад застаецца на мяжы гуманітарнай катастрофы, але не здаецца. Як жыве Бярдзянск пад расейскай акупацыяй, мы паразмаўлялі з прадстаўніком Бярдзянскай гарадской рады Даніілам Вадалазкім.

Эвакуацыйныя аўтобусы з жыхарамі Марыупалю, якія праз Бярдзянск адвезлі людзей у Запарожжа. 18 сакавіка 2022 г.
Фота: Dmytro Smoliyenko / Zuma Press / Forum

У Бярдзянску жывуць каля 113 тысяч чалавек. Наш суразмоўца кажа, што сітуацыя ў горадзе даволі складаная.

«Бярдзянск і практычна палова Запарожскай вобласці акупаваныя расейскімі войскамі. У горадзе адбываецца гуманітарная катастрофа: няма цэнтралізаваных паставак харчоў, тавараў першай неабходнасці, дзіцячага харчавання, медыкаментаў. Некалькі дзён таму была спроба перадаць праз афіцыйны гуманітарны калідор дапамогу гораду – было адпраўлена 15 аўтобусаў, забітых даверху гуманітаркай, але расейцы ўсё адабралі. Кіроўцаў перасадзілі ў адзін аўтобус, а 14 астатніх адправілі ў Мэлітопаль. Я больш чым перакананы, што далей яны пайшлі ў Крым», – кажа спадар Данііл.

З’яўляецца інфармацыя аб тым, што расейцы пастаўляюць у горад сваю гуманітарную дапамогу. Аднак, са словаў нашага суразмоўцы, практычна ўсе харчы з расейскай гуманітаркі – украінскай вытворчасці.

Гісторыі
«Прайшлі праз фільтрацыю». Гісторыі ўцекачоў з Марыупалю
2022.04.14 21:04

«Напрыклад, прывозяць макарону «Кіеў Мікс» і гэтак далей. То бок гэта харчы, якія ці скрадзеныя з афіцыйнага гуманітарнага калідору, ці з харчовых крамаў і складоў, разрабаваных расейцамі на тэрыторыі Запарожскай вобласці. Некаторыя харчы расейцы прадаюць на рынках Бярдзянску. Кошты павялічыліся ў адпаведнасці з курсам расейскага рубля. Так, грэчка пасля акупацыі стала каштаваць 180 грыўняў, у мірны час каштавала 40, цукар цяпер каштуе 110 грыўняў, раней – 35», – адзначае Данііл Вадалазкі.

Ён распавядае, што ў пэўным сэнсе Бярдзянску пашанцавала: у горад увайшла вайсковая паліцыя, а не рэгулярныя войскі РФ. Яе мэта – сачыць за захаваннем правапарадку паводле расейскіх законаў, якія супярэчаць украінскаму заканадаўству. На пачатку акупацыі мясцовыя ўлады, Бярдзянская гарадская рада, працягвала працу ў сваім будынку ў цэнтры гораду.

«Вялікая ўдзячнасць выканальніку абавязкаў мэра, які ў той складаны момант не пакінуў гораду і сваіх падначаленых. Праз тры дні, як горад быў акупаваны, супрацоўнікаў гарадской рады і выканкаму выселіў «расейскі камендант», як ён сябе называе. Увесь аператыўны штаб перасяліўся ў новы будынак і працягнуў працаваць. Аднак 7 красавіка ён быў захоплены. Людзей трымалі з 10-й да 16-й гадзіны, праводзіліся індывідуальныя допыты, якія расейцы называлі «сумоўем». Правяраліся тэлефоны, асабістыя сувязі. Былі затрыманыя 5 чалавек, пазней трох адпусцілі. На дадзены момант расейцы ўтрымліваюць у палоне кіраўніка справамі Бярдзянскай гарадской рады Аляксея Юрчанку і нашага сісадміна Кузьменку», – кажа спадар Данііл.

Дзяўчына з Марыупалю прыбыла ў Запарожжа праз Бярдзянск, 18 сакавіка 2022 г.
Фота: Dmytro Smoliyenko / Zuma Press / Forum

З ягоных словаў, афіцыйныя гарадскія ўлады да сёння не пайшлі ні на якую супрацу з расейцамі.

«Расейцы адкапалі ў суседнім паселішчы Новапятроўка палітычны труп Савуленку і паставілі яго на месца выканальніка абавязкаў мэра Бярдзянску, каб праз яго праводзіць сваю палітыку. Але яго ніхто не прызнае. Яны спрабуюць перавесці бярдзянскія школы на расейскія рэйкі адукацыйнага працэсу, патрабуюць, каб Бярдзянскі аддзел адукацыі перайшоў на бок акупантаў. Але ўвесь аддзел адукацыі звольніўся на ўласнае жаданне. Школьныя настаўнікі таксама звальняюцца.

Ні адна школа, ні адзін жыхар гораду, ні адзін прадстаўнік законнай украінскай улады не прызнае расейскай акупацыйнай улады. Мы супрацоўнічаем толькі з афіцыйным Кіевам, афіцыйнай абласной уладай Запарожскай вобласці. Мы не прызнаем нікога, каго прызначаюць на пасады расейскія акупанты. Горад жыве паводле законаў Украіны», – падкрэслівае наш суразмоўца.

У першыя дні акупацыі жыхары Бярдзянску выходзілі на мітынгі супраць расейцаў. Спачатку 300, пасля яшчэ больш. Але арганізатараў атрымалі. Напрыклад, Таццяну Ціпакову забралі з дому, Шаўчэнку скралі проста з кавярні. Іх доўга трымалі, праз пэўны час адпусцілі.

«Расейскія паліцаі былі шакаваныя тым, што жыхары нават такога маленькага гораду мелі сілу духу выйсці супраць іх. Расейскім рабам гэтага не зразумець ніколі. Цяпер важна выжыць у тых умовах, якія стварылі расейцы. Цяпер людзі ў расейскай форме ходзяць па горадзе і ўсёй тэрыторыі Бярдзянскай аб’яднанай тэрытарыяльнай грамады (гэта бліжэйшыя паселішчы Азоўскае, Новавасілеўка, Роза) і шукаюць былых воінаў АТА, якія абаранялі Украіну з 2014 года на ўсходзе. А таксама актывістаў, удзельнікаў мітынгаў, валанцёраў, якія надаюць хоць якое падтрымку Украіне», – распавядае Данііл Вадалазкі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Запарожжа, Украіна. 18 сакавіка 2022 г.
Фота: Dmytro Smoliyenko / Zuma Press / Forum

З 8 сакавіка яму неаднаразова званілі з пагрозамі, прапановамі супрацоўнічаць з акупантамі, нават прапанавалі ўзначаліць цэнтральную выбарчую камісію для правядзення рэферэндуму. Але атрымлівалі адмовы.

«Пасля захопу аператыўнага штабу 6 красавіка я вырашыў з’ехаць. Цяпер перабываю ў Запарожжы, стараюся дапамагаць Бярдзянску, наколькі гэта магчыма. Як цяперашні афіцыйны прадстаўнік і былы супрацоўнік гарадской рады, у Запарожскай абласной вайсковай адміністрацыі займаюся тым, што збіраю грошы, фармую грузы і адпраўляю ў Бярдзянск – праз прыватных перавознікаў. З чацвярга мінулага тыдню, напрыклад, была сабраная вялікая колькасць прэпаратаў для людзей – гармоны шчытападобнай залозы, цукаразніжальныя і гіпатэнзіўныя прэпараты, таксама марфіны. Я вельмі здзіўлены, што расейскія вайскоўцы не забралі гэтага грузу.

Вельмі дапамагаюць іншыя людзі. Калі я кінуў кліч, што трэба сабраць сродкі на набыццё медыкаментаў, вельмі хутка сабралі 6 тысяч грыўняў, на якія мы закупілі медыкаменты для гарадской паліклінікі. Фонд армянскай царквы Запарожжа перадаў прэпараты для шчытападобнай залозы, якія цяпер у дэфіцыце ў Бярдзянку.

Хацеў бы вельмі падзякаваць за дапамогу Бярдзянску валанцёрам з Запарожжа, Адэсы, Вінніцы. Яны збіраюць грошы, лекі і адпраўляюць у горад. На днях паехаў другі груз з вялікай колькасцю рэагентаў для лабараторыяў крыві. Таксама хацеў бы выказаць падзяку польскаму гораду-пабраціму Бельску-Бялай за гуманітарную дапамогу», – кажа наш суразмоўца.

Бярдзянск за гэты час стаў вузлавым горадам для эвакуацыі жыхароў Марыупалю. Горад прыняў, накарміў і прытуліў некалькі дзясяткаў тысяч марыупальцаў, дапамог з далейшай эвакуацыяй у напрамку Запарожжа, Львова, Івана-Франкоўску.

«Праца нашага гуманітарнага штабу працягваецца ў штатным рэжыме. Гарадская ўлада робіць усё, што можа, каб горад працягваў працаваць ва ўмовах акупацыі. Але падкрэслю: горад ніхто не здаў. І ён абавязкова будзе вызвалены», – адзначае Данііл.

Нядаўна ён атрымаў інфармацыю, што на будынку гарадской рады хтосьці сарваў герб Украіны. «Гэта вельмі балюча. Я спадзяюся, што тыя, хто гэта рабіў, тыя, хто вешаў на будынак расейскі сцяг, будуць абавязкова пакараныя. Я спадзяюся, веру і ведаю, што ў Бярдзянск вернецца законная ўлада. Мы зноўку зоймем свой будынак гарадской рады на плошчы Еднасці 2 і будзем далей працаваць на развіццё гораду. Расейскі акупант не зможа зламіць волю бярдзянцаў, украінцаў», – перакананы суразмоўца.

Ён распавядае, што раней Бярдзянск як партовы горад прымаў шмат турыстаў з Расеі і Беларусі. У 2019 годзе нават ездзіў цягнік «Менск – Бярдзянск».

«Наш горад – перліна Азоўскага мора. Ён заўсёды быў расейскамоўным. Але цяпер Расея на гэтай тэрыторыі атрымала такога ж ворага, як у Львове, Букавэлі ці Івана-Франкоўску. У нас ніколі не было «бандэраўцаў», але цяпер я магу ўпэўнена сказаць, што Бярдзянск – гэта бандэраўскі горад.

Я вельмі ўдзячны нашым пабрацімам-беларусам, якія ваююць у ЗСУ. Праўда за намі. Разам мы паказалі сваю сілу. Таксама я вельмі ўдзячны беларускаму «Гаюну», які публікуе звесткі аб перамяшчэнні расейскіх войскаў, чым вельмі дапамагае ўкраінцам. І ўдзячны журналістам «Белсату», якія маюць сілу паказваць праўду і змагацца за яе. Так жа, як і ўкраінцы цяпер», – падсумаваў наш суразмоўца.

Гісторыі
«Вяртацца няма куды». Гісторыя ўцёкаў з Марыупалю на пабітых аскепкамі «Жыгулях»
2022.04.16 12:52

У ноч на 24 лютага Уладзімір Пуцін абвесціў пачатак вайны (у Расеі яе называюць «спецыяльнай ваеннай аперацыяй») з мэтай «дэнацыфікацыі і дэмілітарызацыі» Украіны. 27 лютага Украіна афіцыйна накіравала пазоў супраць Расеі ў Міжнародны суд ААН. У ім Кіеў просіць прыцягнуць Расею да адказнасці, у тым ліку за скажэнне паняцця «генацыд» дзеля апраўдання агрэсіі супраць Украіны. З пачатку вайны Украіну пакінулі больш за 4,8 млн асобаў.

Масавыя забойствы мірных жыхароў у прадмесцях Кіева заходнія медыі і палітыкі ўжо назвалі генацыдам. Расейскі бок афіцыйна абвяргае сваю датычнасць да забойстваў цывільнага насельніцтва.

СП belsat.eu

Стужка навінаў