Ад выбуху дамоў да «сірыізацыі». Як Пуцін ператварыўся ў новага Гітлера


Belsat.eu распавядае пра асноўныя вехі фармавання агрэсіўнай палітыкі пуцінскай Расеі, якую цяпер нярэдка параўноўваюць з гітлераўскай Нямеччынай.

Уладзімір Пуцін у падмаскоўнай рэзідэнцыі Нова-Агарова. 13 красавіка 2022 г.
Фота: Mikhail Klimentyev/Kremlin Pool / Zuma Press / Forum

Выбухі дамоў і вайна ў Чачэніі

Уладзімір Пуцін быў прызначаны прэм’ер-міністрам 9 жніўня 1999 года, а ўжо ў верасні ў Расеі адбылася серыя беспрэцэдэнтных тэрарыстычных актаў – выбухі дамоў у Маскве, Буйнакску і Валгадонску. Загінулі больш за 300 асобаў. Афіцыйна было заяўлена, што тэракты ўчынілі паўночнакаўказскія вахабіты. Але адразу з’явілася і альтэрнатыўная версія, паводле якой за гэтымі злачынствамі стаяла ФСБ. Мэта – павысіць рэйтынг Пуціна і пераканаць грамадства ў неабходнасці новай вайны ў Чачэніі, што распачалася неўзабаве.

На фоне тэрактаў і вайны рэйтынг Пуціна, якога яшчэ нядаўна мала хто ведаў, сапраўды рэзка пайшоў угару. 31 снежня 1999 года прэзідэнт РФ Барыс Ельцын пайшоў у адстаўку і перадаў уладу Пуціну.

Чачэнскія байцы каля цэнтральнага рынку Грознага. 1996 год.
Фота: Reuters Photographer / Reuters / Forum

Вайна ў Чачэніі, з якой пачалося кіраванне Пуціна, суправаджалася шматлікімі ваеннымі злачынствамі. У Новых Алдах пуцінскія сілавікі выразалі не менш за 56 мірных жыхароў, у тым ліку старых, жанчын і дзяцей. Працяглыя артабстрэлы і авіяналёты амаль зраўнялі горад Грозны з зямлёй. Тысячы чачэнцаў прайшлі праз катаванні ў фільтрацыйным лагеры ў Чарнакозаве, многія былі забітыя без суда.

Аналітыка
Ад Срэбрэныцы да Новых Алдоў. З якімі гістарычнымі падзеямі параўноўваюць бойню ў Бучы
2022.04.04 17:35

Жорсткасць і поўная дэгуманізацыя чачэнцаў прасоўвалася на найвышэйшым узроўні: генерал Уладзімір Шаманаў заяўляў журналістам, што жонак і дзяцей «бандытаў» ён таксама лічыць «бандытамі», а «бандытаў» трэба знішчаць. Сімвалам эпохі сталі словы Пуціна, які паабяцаў «мачыць тэрарыстаў у сарціры».

Першыя атакі за мяжой

Пасля прыходу да ўлады Пуцін стаў імкліва выбудоўваць аўтарытарную мадэль кіравання. Ключавыя пасады ў дзяржавы занялі ягоныя сябры і саслужбоўцы, у асноўным прадстаўнікі спецслужбаў. Пуцін знішчыў незалежнае тэлебачанне, пераследаваў алігархаў, якія крытыкавалі ўладу і фінансавалі апазіцыю, скасаваў губернатарскія выбары і цкаваў палітычных апанентаў.

Паступова дзеянні пуцінскага рэжыму сталі выходзіць за межы Расеі. У 2004 годзе ў Катары расейскія спецслужбы забілі ідэолага непрызнанай Чачэнскай Рэспублікі Ічкерыя Зелімхана Яндарбіева – бомбу заклалі ў ягоны аўтамабіль. А 26 лістапада 2006 года ў Лондане загінуў былы афіцэр ФСБ, палітычны ўцякач Аляксандр Літвіненка – яму падмяшалі ў гарбату палоній-210.

Літвіненка быў заўзятым крытыкам пуцінскага рэжыму, аўтарам кнігі «ФСБ узрывае Расею», у якой сцвярджаў, што за выбухамі дамоў стаялі расейскія спецслужбы. Брытанская паліцыя і суд прыйшлі да высновы, што Літвіненку забілі ў выніку спецаперацыі ФСБ, якую ўхваліла найвышэйшае расейскае кіраўніцтва.

Рэзананс ад тых падзеяў быў вялікі, але ніякіх наступстваў для Крамля гэта не мела. З таго часу палітычныя забойствы пры дапамозе баявых атрутных рэчываў як на тэрыторыі Расеі, так і ў Еўропе сталі візітоўкаю пуцінскага рэжыму.

Мюнхенская прамова

У лютым 2007 года Пуцін выступіў на Мюнхенскай канферэнцыі аб бяспецы з рэзкай крытыкай Захаду. Ён асудзіў аднапалярную мадэль свету, абвінаваціў ЗША ў тым, што іх сістэма права «перасягнула свае нацыянальныя межы ва ўсіх сферах». Таксама Пуцін назваў непрымальным пашырэнне NATO на ўсход і яе набліжэнне да расейскіх межаў.

Мюнхенскую прамову лічаць адпраўным пунктам агрэсіўнай вонкавай палітыкі пуцінскай Расеі. Некаторыя медыі і аналітыкі на Захадзе разважалі ў 2007 годзе, што прамова Пуціна сведчыць пра вяртанне да халоднай вайны, але вызначальнаю гэтая думка не стала. У цэлым Захад адрэагаваў на пуцінскі выступ вельмі спакойна і пераглядаць сваёй палітыкі ў дачыненні Крамля не стаў.

Выява з Пуціным на вуліцах Валенсіі, Іспанія. 4 сакавіка 2022 г.
Фота: Rober Solsona / Zuma Press / Forum

Гібрыдная атака ў Эстоніі

Першай праверкай Захаду на трываласць стала арганізацыя масавых закалотаў у Эстоніі.

Вясной 2007 года эстонскія ўлады пастанавілі перанесці манумент «Бронзаваму салдату» (помнік савецкім вайскоўцаў, якія загінулі ў часы вайны) з цэнтру гораду на вайсковыя могілкі. Масква рэзка асудзіла гэтую пастанову, пачала ціснуць на Эстонію і нагнятаць прапагандысцкую істэрыю. Прыхільнікаў пераносу помніку расейскія СМІ называлі «фашыстамі».

Сярод расейскай часткі насельніцтва Эстоніі пачаліся хваляванні, якія выліліся ў масавыя беспарадкі, пагромы, марадзёрства і сутыкненні з паліцыяй у Талліне 26–27 красавіка. Каля 1200 асобаў былі затрыманыя, 50 пацярпелі. Адзін грамадзянін РФ загінуў ад нажавога ранення.

Эстонская пракуратура прыйшла да высновы, што беспарадкі рыхтаваліся загадзя пры фінансавай дапамозе з боку Расеі. Афіцыйны Таллін заклікаў ЕЗ увесці супраць Расеі санкцыі, але еўрапейскія палітыкі на гэта не пайшлі.

Шантаж у Бухарэсце

У красавіку 2008 года на саміце NATO ў Бухарэсце сярод іншага ў парадку дня быў разгляд пытання пра далучэнне Грузіі і Украіны да Плану дзеянняў з мэтай сяброўства ў NATO.

На закрытым паседжанні NATO – Расея Пуцін заявіў, што Масква ўспрымае набліжэнне NATO да сваіх межаў як рэальную пагрозу і мае намер прыняць адэкватныя захады ў адказ. Ён намякнуў, што далучэнне Грузіі да Плану дзеянняў з мэтай сяброўства ў NATO прывядзе да таго, што Расея прызнае незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асеціі.

Паводле выдання «Коммерсантъ», калі гаворка зайшла пра Украіну, Пуцін ускіпеў. Звяртаючыся да амерыканскага прэзідэнта Джорджа Буша, ён сказаў: «Ты ж разумееш, Джордж, што Украіна – гэта нават не дзяржава! Што такое Украіна? Частка яе тэрыторыяў – гэта Усходняя Еўропа, а частка, і значная, падораная намі!» Пуцін вельмі празрыста намякнуў, што калі Украіну ўсё ж прымуць у NATO, то гэтая дзяржава проста спыніць існаванне.

Пуцінскі шантаж меў поспех: далучэнне Грузіі і Украіны да Плану дзеянняў з мэтай сяброўства ў NATO на саміце не ўхвалілі.

Вайна з Грузіяй

Стасункі Масквы і Тбілісі сталі імкліва пагаршацца пасля Рэвалюцыі ружаў у 2003 годзе. Крэмль быў вельмі незадаволены незалежнай палітыкай прэзідэнта-рэфарматара Міхэіла Саакашвілі. Каб учыніць ціск на Тбілісі, РФ «размарозіла» грузінска-асецінскі канфлікт, пачала актыўна падтрымліваць мясцовых сепаратыстаў.

У ліпені 2008 года Расея арганізавала вучэнні на Паўночным Каўказе, пад прыкрыццём якіх побач з мяжой была сканцэнтраваная вялікая групоўка войскаў. У пачатку жніўня актывізаваліся абстрэлы грузінскай тэрыторыі з боку Паўднёвай Асеціі. 3 жніўня паўднёваасецінскі лідар Эдуард Какойты абвясціў аб эвакуацыі сталіцы – Цхінвалі (тую ж схему – эвакуацыя перад уварваннем – Крэмль паўторыць з «ЛДНР» у лютым 2022 года).

Цырымонія развітання з грамадзянінам Грузіі, які загінуў на вайне супраць Расеі ва Украіне. Тбілісі, 26 сакавіка 2022 г.
Фота: Nicolo Vincenzo Malvestuto / Zuma Press / Forum

Грузію хацелі справакаваць на ўдар у адказ – і гэта атрымалася зрабіць. Саакашвілі распачаў ваенную аперацыю супраць сепаратыстаў – а гэтага Расея толькі і чакала: 8 жніўня было адразу абвешчанае правядзенне «аперацыі прымусу да міру». Пуцін ужо на другі дзень канфлікту заявіў пра «генацыд асецінскага народу», хаця гэта была нахабная хлусня. Насамрэч у той момант этнічныя чысткі адбываліся ў дачыненні грузінаў – тысячы людзей былі выгнаныя са сваіх дамоў.

Пуціну ў жніўні 2008 года атрымалася правесці «маленькую пераможную вайну». Грузія пацярпела паразу і фактычна пазбавілася шанцаў у найбліжэйшай будучыні вярнуць пад свой кантроль мяцежныя тэрыторыі. А Абхазію і Паўднёвую Асецію Масква прызнала незалежнымі дзяржавамі.

Большасць еўрапейскіх краінаў дыстанцыяваліся ад крызісу на Каўказе і проста заклікалі да агульнай дээскалацыі. Квінтэсенцыяй гэтага курсу стаў даклад камісіі пад кіраўніцтвам швейцарскай дыпламаткі Гайдзі Тальявіні, якая мусіла высветліць, хто вінаваты ў той вайне. Камісія фактычна падзяліла адказнасць паміж бакамі канфлікту, але сфармуляваныя высновы былі такім чынам, што галоўным вінаватым бокам выглядала менавіта Грузія.

Першы ўдар па Украіне

У 2014 годзе Пуцін надумаўся на яшчэ больш нахабную і дэманстратыўную агрэсію, гэтаму прыдаўся зручны момант – унутраная нестабільнасць ва Украіне пасля падзеяў Еўрамайдану. 27 лютага 2014 года расейскі спецназ захапіў будынкі дзяржаўных органаў Аўтаномнай Рэспублікі Крым у Сімферопалі. Пасля гэтага быў створаны марыянеткавы прарасейскі ўрад, што абвясціў рэферэндум аб далучэнні да Расеі. Анексія паўвострава адбылася амаль бяскроўна. Пасля гэтага Пуцін распачаў гібрыдную вайну на Данбасе, каб захапіць усходнія вобласці Украіны.

Расейскія вайскоўцы ў вёсцы Бугас Данецкай вобласці, Украіна. 1 сакавіка 2022 года.
Фота: МП / Белсат

Анексія Крыму стала першым пасля Другой сусветнай вайны выпадкам захопу чужой тэрыторыі ў Еўропе і гэта прымусіла заходніх лідараў пераасэнсаваць сваё стаўленне да Пуціна. «Я не ўпэўненая, ці захаваў спадар Пуцін сувязь з рэальнасцю. Ён перабывае ў іншым свеце», – заявіла тады канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель. Прэзідэнт ЗША Барак Абама назваў расейскую агрэсію адным з галоўных выклікаў глабальнай бяспецы. NATO задумалася над павелічэннем сваёй прысутнасці ва Усходняй Еўропе.

Але ЕЗ і ЗША дзейнічалі празмерна асцярожна. Заходнія краіны не рызыкнулі пастаўляць Украіне зброю, а першыя пакеты антырасейскіх санкцыяў наогул былі чыста сімвалічнымі.

Аднак упарты супраціў украінцаў і кансалідацыя міжнароднай супольнасці ўсё ж прымусіла Крэмль знізіць стаўкі. У 2014–2015 гадах Масква не пайшла на прызнанне «ДНР» і «ЛНР» і на адкрытае поўнамаштабнае ўварванне (удзел расейскай арміі ў канфлікце меў схаваны і абмежаваны характар). Пуцін палічыў за лепшае часова замарозіць канфлікт.

Аналітыка
Вайна ідзе месяц ці 8 гадоў? Што трэба ведаць пра гісторыю расейска-ўкраінскага канфлікту
2022.03.26 07:30

Сірыйскія «вучэнні» і рыхтаванне да вялікай вайны

Пасля Крыму і Данбасу міжнародныя пазіцыі Крамля пахіснуліся. Каб адцягнуць увагу ад Украіны, павялічыць свой уплыў на міжнароднай арэне і прымусіць сусветных лідараў з ім размаўляць, Пуцін надумаў умяшацца ў вайну ў Сірыі.

Афіцыйна Масква заяўляла, што ў Сірыі расейскія вайскоўцы ваююць з тэрарыстамі. Але насамрэч расейцы ваявалі супраць усіх праціўнікаў дыктатарскага рэжыму Башара аль-Асада, і ў першую чаргу супраць паўстанцкіх сілаў памяркоўнай апазіцыі.

Акцыя ў сталіцы Грузіі супраць вайны Расеі ва Украіне. Тбілісі, 24 сакавіка 2022 г.
Фота: IRAKLI GEDENIDZE / Reuters / Forum

Аперацыя ў Сірыі праводзілася пераважна сіламі авіяцыі, таму афіцыйныя страты Расеі былі нязначныя. У снежні 2015 года Пуцін цынічна назваў вайну ў Сірыі «найлепшымі вучэннямі». Падчас гэтых «вучэнняў» у выніку расейскіх авіяўдараў загінулі тысячы мірных жыхароў, бомбы знішчалі жылыя дамы, школы і шпіталі. Метады, якія Расея адпрацоўвала ў Сірыі (масаванае бамбаванне густанаселеных жылых кварталаў, поўнае разбурэнне гарадоў), цяпер паўтараюцца ва Украіне. Такую варварскую тактыку празвалі «сірыізацыяй».

Палітычныя задачы, што ставіў сабе Пуцін у Сірыі, у цэлым былі выкананыя. Наступным крокам стала паступовае рыхтаванне да вялікай вайны з Украінай. Прычым рыхтаванне вялося як у вайсковым плане, так і ў эканамічным (распрацоўванне адмысловых праектаў на выпадак санкцыяў і нават правядзенне стрэс-тэстаў) і ўнутрыпалітычным (зачышчэнне медыяў, апазіцыі і грамадскіх арганізацыяў). Усё гэта суправаджалася актывізацыяй ядравага шантажу, які мусіў перасцерагчы Захад ад умяшання.

Як вынік, 24 лютага 2022 года распачалося поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну – самы буйны ўзброены канфлікт у Еўропе з часоў Другой сусветнай вайны.

Hавiны
Уладзімір Зяленскі не выключае, што Расея можа выкарыстаць ядравую зброю
2022.04.15 23:37

РР belsat.eu

Стужка навінаў