«Усё, як у Менску, толькі нястрашна»: музыкі з «РСП» – пра пераезд у Кіеў


Удзельнікі гурту «Разбітае сэрца пацана» пасля содняў у Жодзіна.
Фота: rspband / Instagram

Пасля сарванага канцэрту, содняў і адмоваў Міністэрства культуры на выступы ў Беларусі палова гурта «Разбітае сэрца пацана» з’ехала з краіны ў Кіеў. Гэта музыкі Дзяніс Тарасенка і Павел Гарадніцкі, а таксама менеджарка гурта Настасся Доль. Мы пагутарылі з імі пра жодзінскі досвед і пераезд у Кіеў, пра далейшыя творчыя планы і выхад новых альбомаў.

Сарваны АМАПам канцэрт

Апошні канцэрт гурта ў Беларусі «адбыўся» 13 лютага на турыстычнай базе «Аганёк» каля Смалявічаў. Каля 70 маладзёнаў прыехалі паслухаць беларускую музыку. Спачатку выступіла спявачка Lear, а потым на сцэну выйшлі музыкі «Разбітага сэрца пацана». Толькі яны скончылі спяваць першую песню, «Бег», як пад воплескі ў зале выбіваюцца дзверы і ўрываецца АМАП. На гэтым канцэрт быў скончаны.

На ўдзельнікаў склалі пратаколы паводле артыкулу 23.34 КаАП за ўдзел у масавай акцыі, але дамова на правядзенне канцэрту была падпісаная. Прычынаю стаўся здымак у фотаапараце адной з удзельніц імпрэзы падчас агляду: на фота група людзей трымае бел-чырвона-белыя сцягі ў часе перапынку. На судзе менавіта гэты здымак выкарыстоўвалі ў якасці доказаў.

«Але калі б і не было гэтага сцяга, усё роўна б нешта знайшлі. Сказалі б, што ты нешта думаў не так», – лічаць музыкі.

«Гэта абавязкова павінна было здарыцца»

«Думаю, у нас да апошняга была надзея, што адпусцяць», – кажа Павел Гарадніцкі. У пратаколе са словаў участковага было напісана, што музыкі нешта выкрыквалі і бралі ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, але з доказаў быў толькі той здымак, на якім іх нават няма.

Фотаздымак з канцэрту перад затрыманнем.
Фота: pressmvd / Telegram

«Мне здавалася, што суддзя быў адэкватны: ён слухаў, ківаў, разумеў, што праўда на маім баку. Але гэтая сістэма настолькі прагніла, што ён проста даў столькі, колькі ў яго ўжо было напісана, – 15 содняў. І што б ты ні казаў, усе твае супердовады не спрацоўваюць, ён проста выконвае загад. І вось ад гэтага стала паскудна», – згадвае Павел.

Дзяніса судзілі апошнім з гурта, але ён ужо разумеў, што яму таксама дадуць 15 содняў: «Кажы ты ці не кажы, адвакат ці не адвакат, ты ўсё роўна будзеш сядзець, правы тут нічога не значаць. У мяне было толькі адно жаданне: каб мяне пакінулі ў маёй камеры».

«У мяне было адчуванне, што гэта абавязкова павінна было здарыцца. Так ці інакш, рана ці позна, а я свае содні адседжу. І вось гэты дзень настаў», – кажа Дзяніс.

Музыкі гурту «Разбітае сэрца пацана». Кіеў, Украіна. 10 красавіка 2021 года.
Фота: Ірына Мароз / Белсат

Хлопцы да канца не разумеюць, чаму гэтага не адбылося ранней: магчымасцяў быць затрыманымі было даволі шмат. Яны выступалі на дваравых канцэртах, хадзілі на акцыі і ўвесь час ім удавалася з іх вяртацца. «Побач людзей хапаюць, а мы ўдома», – кажуць музыкі. Але гэты дзень настаў. «Добра, што гэта было больш-менш спакойна, без збіцця ды іншых непрыемных рэчаў, пасля якіх людзі ў рэанімацыях апыналіся. Асабліва тое, што цяпер адбываецца ў Жодзіне, – гэта жах», – згадваюць хлопцы апошнія навіны з ізалятараў пра катаванне хлёркай і збіванне вязняў.

«Гэта тое, пра што казаў Марціновіч у апошнім інтэрв’ю пра ананімнасць зла. Яны вераць, што ўсё гэта будзе беспакараным, сама сістэма ім пра гэта кажа, што ім нічога не будзе. Яны ўжо так і робяць: ідуць фактычна да канца, а там ужо што будзе, тое будзе», – разважае Дзяніс.

Дзяніс Тарасенка.
Фота: Ірына Мароз / Белсат

Музыкі кажуць пра сваё затрыманне як пра досвед, які, бясспрэчна, лепш было б пазбегнуць, а калі немагчыма, то проста трэба гэта прыняць. «Гэта ж таксама частка жыцця, і вось такое нашае жыццё цяпер. Трэба назіраць, запамінаць свае адчуванні, як людзі сябе праяўляюць там, у такіх абставінах, з розных бакоў, – кажа Паша. – Затое цяпер ты ведаеш, што такое камера, прагулка, як гэта – стаяць тварам да сцяны, што такое вобшук».

«Там ніхто не зорка»

Стаўленне сукамернікаў да музыкаў было звычайным: «Не было такога, што ты зорка. Там ніхто не зорка. Усе аднолькавыя сядзельцы». Першы вечар у камеры ўсе знаёміліся, расказвалі пра сябе 2-3 хвіліны, і аказалася, што побач апынуліся вельмі цікавыя людзі, з настолькі рознымі лёсамі, што нават музыкі выглядалі звычайнымі: «Былі людзі, якія ўжо не першы раз ў Жодзіне, дасведчаныя, у якіх па 3-4 ходкі, і нам толькі вучыцца і вучыцца ў іх».

У ізалятарах усім не стае свабоды, але хлопцы адзначылі, што менавіта ім бракавала магчымасці курыць, бо курыць дазвалялася толькі на прагулках, а першая прагулка была на пяты дзень. І другое, чаго не ставала, – салодкага.

Музыкі гурту «Разбітае сэрца пацана». Кіеў, Украіна. 10 красавіка 2021 года.
Фота: Ірына Мароз / Белсат

Акрамя жыццёвага досведу, хлопцы вынеслі з-за сценаў жодзінскага ізалятару новы музычны альбом. «Шансoff» з васьмю трэкамі ўжо існуе ў жывым выканні. Цяпер музыкі шукаць сродкі, каб яго запісаць і аформіць. Выхад альбому плануюць на травень – чэрвень.

У траўні мае выйсці яшчэ адзін альбом – «Ашушчэнія», з 10 песнямі, якія ўжо запісаныя і зводзяцца ў Берліне.

Ад’езд з Беларусі

На пастанову пераехаць у Кіеў паўплывалі некалькі фактараў. Па-першае, музыкі баяліся прэвентыўных затрыманняў перад Днём Волі: «Тут такая латарэя: возьмуць цябе ці не возьмуць». Па-другое, поўная забарона на выступы. Музыкі тройчы спрабавалі атрымаць гастрольнае пасведчанне, але кожны раз была адмова без аніякіх прычынаў. Хлопцы зразумелі, што і чацвертая спроба будзе няўдалая, і пятая. Фактычная забарона канцэртаў у асноўным і справакавала адʼезд.

«Нам перакрылі кісларод, і мы пастанавілі паспрабаваць у Кіеве. Прыехалі ў выведку, і выведка зацягнулася», – кажа Дзяніс.

Музыкі гурту «Разбітае сэрца пацана». Кіеў, Украіна. 10 красавіка 2021 года.
Фота: Ірына Мароз / Белсат

Цяпер музыкі наладжваюць жыццё ў іншай краіне: маюць жытло, развіваюцца ў прафесійнай сферы, знаёмяцца з украінскімі музыкамі і прадзюсарамі: «Мне здаецца, музыка не павінна быць прывязаная тэрытарыяльна. Можна ж жыць у Кіеве і пры гэтым быць беларускім артыстам. Будуць лепшыя часы – мы прыедзем. А цяпер нават «Каста» не можа выступаць. Што ўжо казаць пра нас».

Цяпер творцы думаюць, як наводзіць масты, бо «РСП» заўсёды быў менавіта беларускім гуртом, а тут з’явілася магчымасць выйсці на міжнародную арэну, хаця б у межах Кіева і Варшавы.

Павел Гарадніцкі.
Фота: Ірына Мароз / Белсат

У час кіеўскага локдаўну музыкі здолелі зладзіць адзін бясплатны канцэрт для прыблізна 70 беларусаў: «Усё, як у Менску, толькі нястрашна. Нам самым хацелася яго правесці, і мы кайфанулі ад таго, што мы на сцэне, а побач слухачы, якія спяваюць разам з намі». Пасля локдаўну «РСП» плануе распачаць канцэртную дзейнасць.

Акрамя музычнай працы, Паша і Дзяніс спрабуюць сябе ў кінаіндустрыі, запісваюць відэавізітоўкі для акторскіх агентаў. У Кіеве ёсць магчымасць займацца акторскаю прафесіяй, у Менску ж на «Беларусьфільме» яны былі забароненыя з 2010 года.

Цяпер хлопцы спрабуюць здымацца ў кіно і паралельна займацца «РСП»: пішуць музыку, прыдумляюць тэксты. І плануюць запісаць песню разам з Лявонам Вольскім: «Мы з ім ужо спісваліся, і ён выказаў жаданне пасупрацоўнічаць, зрабіць такую калабарацыю».

Дзяніс Тарасенка і Павел Гарадніцкі. Кіеў, Украіна. 10 красавіка 2021 года.
Фота: Ірына Мароз / Белсат

Пасля вяртання на радзіму – у новую Беларусь – музыкі мараць пра вялікі оўпэн-эйр ля стэлы, фестываль усіх народных артыстаў і ўсіх тых, хто выступаў у дварах, каб там былі 200–300 тысяч асобаў: «І мы будзем там гэдлайнерамі, абавязкова».

АД belsat.eu

Стужка навінаў