«Ляцелі шкло, камяні, пыл, крычалі людзі». Аповед дзяўчыны, якая перажыла бамбаванне тэатру ў Марыупалі


Роўна два гады таму, 16 сакавіка 2022 года, расейцы скінулі бомбу на Марыупальскі драмтэатр, у якім хаваліся людзі. Юлія Мароз, былая жыхарка Марыупалю, распавядае, як перажыла той дзень.

Драмтэатр у Марыупалі пасля бамбавання.
Фота: armyinform.com.ua

Аповед Юліі апублікавала «Суспільне». Мы перадрукоўваем яго, далей ідзе прамая гаворка.

«З 24 лютага па 6 сакавіка мы жылі ўдома. Жылі як у пекле, без святла, вады, газу і цяпла. Было вельмі страшна, асабліва калі самалёт скідваў авіябомбы на жылыя дамы.

6 сакавіка мы вырашылі паехаць з суседзямі за горад. На блокпасту ўсю калону развярнулі, бо пачаўся абстрэл, і мы спыніліся ля драмтэатру. У той час ён выкарыстоўваўся як бамбасховішча.

У драмтэатры далі кіпеню. Памятаю, як мы дзве гадзіны стаялі ў чарзе па кіпень. Я стаяла і плакала: у ХХІ стагоддзі стаю за кіпенем, хто б мог падумаць. Я стаяла за гэтым кіпенем і плакала.

Падвал і бамбасховішча былі ўжо запоўненыя. Мы ўтрох – я, мама, тата і была яшчэ нашая котка – сядзелі на другім паверсе ў тэатральных фатэлях. Сказалі, што будзе «зялёны калідор», і мы зможам выехаць, будуць аўтобусы. З 6 па 16 сакавіка мы былі ў драмтэатры. Людзей было шмат.

Бацькі Юліі Мароз.
Фота: асабісты архіў Юліі Мароз / suspilne.media

16 сакавіка шмат людзей пакінулі драмтэатр. У гэты дзень з’ехала вельмі шмат людзей з нашага другога паверха – тых, што сталі нам блізкімі. Гэта выратавала ім жыццё.

Людзі былі на першым, другім і трэцім паверхах. Я думаю, што гэта адбылося каля 9:30 – 9:40. Мы былі на другім паверсе. Я спусцілася ў залу драмтэатру. Адразу адбыўся вельмі моцны выбух. Мяне прыціснула да калоны. Ляцелі шкло, камяні, пыл. Людзі пачалі крычаць. Я нырнула ў гэты пыл, пабегла на другі паверх, бо там былі мае бацькі.

Калі прыбегла, то ўбачыла, што маці ў крыві. У яе адкрытая чэрапна-мазгавая траўма. Мы ўтрох спусціліся ў падвал драмтэатру. Там я, як магла, лячыла рану маці. У сумцы былі перакіс і бінт, я дапамагала маме. Прамыла вадой рану, заматала трохі, і мы пайшлі ў філармонію.

Потым пачалі крычаць, што гарыць драмтэатр, і нам трэба сыходзіць. Было шмат параненых, было вельмі страшна. Мы выйшлі, але было вельмі страшна, таму што ўвесь час працягваўся абстрэл. Потым стралялі круглыя содні.

Мы перабраліся ў філармонію, што ў 15 – 20 хвілінах ад драмтэатру. У філармоніі была медсястра, у яе былі лекі. Яна лячыла маю маці, давала мне антыбіётыкі для яе.

Тую ноч мы правялі ў філармоніі. А на наступны дзень хлопец, які быў там камендантам, выклікаў «хуткую», бо ў маці быў крывацёк. Сказаў, што можна будзе паспрабаваць з’ехаць. Мы хутка сабралі рэчы і паехалі.

«Хуткая» даставіла нас у Мангуш, што за 20 кіламетраў ад гораду. У шпіталі ўжо быў доктар, ён апрацаваў рану маёй маці. У Мангушы, калі маме лячылі рану, яна патэлефанавала сяброўцы, і тая адвезла нас да бацькоў у Ялту.

Гісторыі
Задакументаваць пекла на зямлі: расеец фіксуе злачынствы РФ у Марыупалі і просіць дапамогі
2023.06.11 16:30

Мы яшчэ там дзесяць дзён сядзелі без вады, без усяго. Адтуль валанцёры павезлі нас у Вінніцу. Двое содняў ехалі ў Вінніцу, у грузавым «бусе» на падлозе. Праехалі 13 расейскіх пунктаў пропуску. Калі мы прыехалі, мама ляжала ў больніцы, потым ёй далі другую групу інваліднасці.

Нашая котка галадала. Мы бралі для яе корм, але калі быў авіяўдар, мы там усё страцілі. А яна, бедная, галадала. Яна таксама галадала ў Мангушы. Корму нідзе не было – усё было закрыта. Да прыезду ў Вінніцу яна галадала. Цяпер пасля стрэсу яна як толькі недзе шорхне – адразу пужаецца.

Бацька застаўся ў філармоніі. Адтуль яго вывезлі расейскія вайскоўцы ў Мангуш і змясцілі ў дзіцячы садок. Яшчэ месяц мы пра яго нічога не ведалі. Потым ён звязаўся з намі. Калі ён выйшаў на сувязь, вывезці яго было няпроста. Мы знайшлі таксі да Бярдзянску, з Бярдзянску – зноў на таксі да Запарожжа. Адтуль ён да нас дабраўся толькі праз два месяцы.

Увесь гэты час мы плакалі. Мы не ведалі, ці еў тата. Ён быў вельмі хворы. Калі ён вярнуўся да нас, ён важыў каля 50 кілаграмаў, моцна схуднеў. Мне вельмі цяжка гэта ўспамінаць. У нас быў другі дзень нараджэння. Дзякуй Богу, што мы жывыя.

Мы сышлі ні з чым, у чым былі. Забралі з сабой дакументы і котку. Вось і ўсё, больш нічога не было. Я працавала ў Марыупалі ў бюджэтнай сферы і працягваю працаваць бухгалтаркаю ў бюджэтнай сферы. Цяпер з 1 сакавіка нам перасталі плаціць «перасяленскія», і гэта вельмі цяжка. Хоць я ўсё роўна кажу, што мы цэнім жыццё значна больш, чым раней. Я разумею, што ўсе каштоўнасці, якія здаваліся важнымі, дробязі, якія нас хвалявалі, – усё гэта так няважна. Трэба жыццё цаніць.

Юлія Мароз.
Фота: асабісты архіў Юліі Мароз / suspilne.media

Марыупаль ужо стаў зусім іншым. Я вельмі хачу, каб ён вярнуўся ва Украіну, каб быў мір. Вядома, ёсць мара вярнуцца дадому. Але толькі ва Украіну».

Працягваецца дасудовае расследаванне выбуху ў Марыупальскім драмтэатры. Злачынства кваліфікавана паводле ч. 2 арт. 438 КК Украіны: «Парушэнне законаў і звычаяў вайны». Паводле папярэдніх дадзеных, апублікаваных пракуратурай Данецкай вобласці, у сакавіку 2022 года, наколькі вядома следству, загінулі каля 600 чалавек, яшчэ 400, якія знаходзіліся ў тэатры, атрымалі раненні.

Сёлета ў адказ на запыт журналістаў Данецкая абласная пракуратура паведаміла: СБУ працягвае дасудовае расследаванне, падрыў драмтэатру праходзіць у абʼяднанай крымінальнай вытворчасці.

«Следчымі 2 упраўлення ДСНС Украіны ў Данецкай і Луганскай вобласцях пад працэсуальным кіраўніцтвам Данецкай абласной пракуратуры праводзіцца дасудовае расследаванне па абʼяднаных крымінальных вытворчасцях, у тым ліку па факце падрыву будынкаў «Данецкі акадэмічны абласны драматычны тэатр» і «Цэнтр першаснай медыка-санітарнай дапамогі № 3 гораду Марыупалю» па прыкметах крымінальнага злачынства, прадугледжанага часткай 2 артыкулу 438 Крымінальнага кодэксу Украіны», – распавяла пракуратура.

Hавiны
Расейцы хочуць прыцягнуць беларускіх зняволеных да будаўнічых прац у Марыупалі?
2023.04.11 15:01

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў