Аляксандр ІІ і Сталін на ўчастках, псаванне бюлетэняў зялёнкай: другі дзень прэзідэнцкіх выбараў у Расеі


16 сакавіка ў Расеі праходзіць другі дзень асноўнага галасавання на прэзідэнцкіх выбарах. Як і ў першы дзень, на некаторых участках былі зафіксаваныя спробы сапсаваць бюлетэні. Таксама людзі працягнулі прыходзіць на ўчасткі ў касцюмах гістарычных постацяў, казачных герояў, жывёлаў, у прыватнасці, Аляксандра ІІ, Сталіна, тыгра і т.п.

Прэзідэнцкія выбары ў Расеі.
Фота: NATALIA KOLESNIKOVA / AFP

Сапсаваць бюлетэні зялёнкай выбарнікі паспрабавалі ў Екацярынбургу і Краснаярскім краі. У Екацярынбургу мужчына разліў зялёную фарбу на выбарчым участку №1393 у Кіраўскім раёне – выбарніка спынілі на выхадзе з кабінкі, яго затрымала паліцыя.

У краснаярскім пасёлку Курагіна 47-гадовая жанчына заліла зялёнкай свой бюлетэнь і крышку урны на ўчастку ў доме культуры. У дачыненні да жанчыны распачалі крымінальную справу аб «замаху на перашкоду ажыццяўленню выбарчых правоў або працы выбарчых камісіяў».

Яшчэ два выпадкі псавання бюлетэняў зялёнкай зафіксаваныя ў вёсцы Майма рэспублікі Алтай і ў Калінінградскай вобласці.

Праз выпадкі псавання бюлетэняў і падпалаў у расейскіх рэгіёнах уводзяць агляды сумак на выбарчых участках. У Алтайскім краі каля урнаў для галасавання паставілі паліцэйскіх. Такія ж меры ўведзеныя ў анексаваным Крыме. На ўчасткі не прапускаюць людзей з бутэлькамі з вадкасцямі, прымушаюць пакідаць іх на адмысловых століках.

Дэпутаты Дзярждумы прапанавалі саджаць людзей у турму на восем гадоў за спробу сарваць правядзенне выбараў «шляхам падпалу ці іншым агульнанебяспечным спосабам».

Жыхары Чэлябінску распавялі пра патрабаванне чальцоў камісіі паказаць бюлетэні пасля галасавання. Таксама на ўваходзе на ўчасткі просяць паказаць асабістыя рэчы.

Выбары прэзідэнта Расеі ў акупаванай Херсонскай вобласці.
Фота: Dmitry Makeev / Sputnik

У Чыце ў Забайкальскім краі мясцовы жыхар прыйшоў на выбарчы ўчастак у вобразе Аляксандра ІІ і заклікаў расейцаў галасаваць, каб «надалей не дакараць кіраўнікоў за нядбайныя рашэнні». Таксама ў Чыце яшчэ адзін мясцовы жыхар прыйшоў у вобразе Сталіна і заявіў, што на галасаванні трэба паказаць «адзінства», каб ніхто не змог «паквапіцца на нашую з вамі Радзіму».

У Благавешчанску Амурскай вобласці мясцовых жыхар прыйшоў на выбары ў вобразе Аляксандра Пушкіна і зачытаў урывак з «Яўгенія Анегіна».

У Якуціі мужчына прыйшоў на ўчастак у касцюме багатыра, а ў Прымор’і – тыгра.

У першы дзень на ўчастках для галасавання былі заўважаныя выбарцы ў касцюмах Пятрушкі, Змея Гарыныча, гусей і т.п. Дэпутат Дзярждумы Мархаеў незадаволена выказаўся, што «прэзідэнцкія выбары ператварылі ў клаўнаду».

У Петрапаўлаўску-Камчацкім сям’я прыйшла на ўчастак для галасавання з катом.

Прэзідэнцкія выбары ў Расеі.
Фота: AP Photo

У пасёлку Агінскае Забайкальскага краю на адным з участкаў камісія сустракала выбарнікаў у нацыянальных касцюмах, а на сталах стаялі бліны і гарбата ў самавары.

У Цюмені дэпутат Дзярждумы ад вобласці выпек бліны наўпрост каля выбарчага ўчастку.

Паводле афіцыйных дадзены ЦВК, у першы дзень яўка на выбарах склала 35,24%. Найбольшая, паводле ЦВК, – на Чукотцы, у Кузбасе і Тува – 61 – 63%.

У першы дзень былі затрыманыя прыхільнікі палітыка Барыса Надзеждзіна.

Аб’ектыў
На перавыбары Пуціна ёсць тры дні
2024.03.15 20:34

У Цэнтрвыбаркаме РФ заявілі, што за няпоўныя два дні галасавання на ўчастках у дваццаці рэгіёнах Расеі заўважана 29 выпадкаў, калі людзі паспрабавалі заліць бюлетэні вадкасцямі або зладзіць падпал. Паводле падлікаў «Сірэны», такіх акцыяў было роўна 30.

У ЦВК таксама падлічылі, што «беззваротна сапсавана» 214 бюлетэняў.

Уладзімір Пуцін балатуецца на пяты прэзідэнцкі тэрмін. Акрамя яго, на выбарах тры кандыдаты: Уладзіслаў Даванкоў – віцэ-спікер Дзярждумы ад партыі «Новыя людзі», дэпутаты Дзярждумы Мікалай Харытонаў ад партыі КПРФ і Леанід Слуцкі ад ЛДПР. Галасаванне праходзіць з 15 па 17 сакавіка. Незалежныя назіральнікі і эксперты ацэньваюць выбары ў Расеі як несвабодныя і несумленныя.

Абноўлена
Кактэйлі Молатава, падпалы, зялёнка. Як расейцы выказваюць сваё стаўленне да выбараў
2024.03.15 16:51

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў