Двух жыхароў Менску схапілі 15 сакавіка, калі яны паспрабавалі ачысціць ад смецця бамбасховішча ва ўласным двары, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».
Пакуль суседзі чысцілі сховішча, у двор прыехалі «бусікі» і сталі спыняць людзей і правяраць ва ўсіх тэлефоны. Тыя, што займаліся бамбасховішчам, паспелі зайсці ў пад’езд, аднак сілавікі пайшлі за імі, таксама прымусілі паказаць тэлефоны і затрымалі. Дзе цяпер абодва затрыманыя – не вядома.
З пачатку вайны ва Украіне інфармацыя пра бамбасховішчы і ўкрыцці грамадзянскай абароны стала вельмі запатрабаванай у Беларусі. Улады на гэты конт нічога не распавядаюць. Звесткі пра сховішчы закрытыя. Беларусы самі шукаюць патрэбную інфармацыю. У Менску на падставе здабытых звестак валанцёры стварылі мапу сховішчаў.
ГГ, belsat.eu