Старшыня Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў Чайчыц: ёсць час, каб даказаць, што мы не палезем у палітыку


Віктар Чайчыц.
Фота: moka.by

4 сакавіка на справаздачна-выбарчай канферэнцыі Менскай гарадской калегіі адвакатаў абмяркоўваліся пытанні дзейнасці адвакатуры ў мінулым годзе і планы працы на год бягучы, паведамляе «Вясна». Старшыня Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў Віктар Чайчыц акрэсліў галоўныя праблемы галіны.

Пра ўхваленне жнівеньскіх катаванняў пасля выбараў і стаўленне да палітычнай апазіцыі Лукашэнкі

«Я ўпэўнены, што ўсе вы чыталі і слухалі выступ прэзідэнта на Усебеларускім народным сходзе, і я прашу вас звярнуць увагу на яго словы ў той частцы, дзе ён тлумачыў асобныя, ну, будзем так казаць, непапулярныя крокі, якія былі зробленыя дзяржавай, і казаў вельмі часта: «А як я, па-вашаму, павінен быў паступіць?! Трэба было ратаваць краіну». Вы зараз у больш спакойнай абстаноўцы, я ўпэўнены, што можаце неяк больш узважана падысці да тых лозунгаў і заклікаў, да чаго заклікаюць апазіцыянеры».

Пра ўхваленне ўпярэджанага стаўлення суддзяў да адвакатаў за агалошванне інфармацыі аб парушэннях правоў чалавека

«І калі вы думаеце, што гэта прынесла велізарную карысць – тое, што адвакат, не вашай калегіі, праўда, а іншай калегіі, злавіла суддзю на тым, што яна памылілася, выносячы пастанову аб прыцягненні да адміністратыўнай адказнасці, калі паказала, што доказам здзяйснення адміністратыўнага правапарушэння з’яўляецца той факт, што ў грамадзяніна была заключаная дамова з адвакатам, і гэта праз пяць хвілінаў пасля вынясення гэтай пастановы было выкінутае ў інтэрнэт, то вы памыляецеся. Хоць я думаю, што вы так не думаеце. Бо потым, як стала вядома, проста ўсе суддзі аб’ядналіся і сказалі: адвакаты нашага калегу, як кажуць, зганьбілі, давайце і мы неяк трошачкі будзем больш строгія да адвакатаў.

А ў межах закону быць больш строгім для суддзі – гэта не складана. Я вам гэта кажу адкрыта і прашу не выкідаць гэта ў інтэрнэт, а то заўтра яшчэ будзе больш нараканняў на адрас адвакатаў. І нехта скажа, што суды выносілі неправасудныя пастановы, бо яны пакрыўдзіліся на адвакатаў. Не. Мы гэтага ніколі, як кажуць, не дакажам».

Пра ўхваленне ціску на адвакатаў знутры калегій за выказванне імі прававога меркавання

«Вось Мікалай Міхайлавіч [намеснік міністра юстыцыі Старавойтаў. – Заўв. belsat.eu] задаў пытанне, і Аляксей Іванавіч [старшыня МГКА Швакаў. – Заўв. belsat.eu] чамусьці ніяк на яго не адказаў: а што зрабіла Рада Менскай гарадской калегіі адвакатаў для ўзняцця прэстыжу адвакатуры? Я лічу, што Рада зрабіла шмат. Мы ж пастаянна і разам з Беларускай рэспубліканскай калегіяй адвакатаў праводзілі мерапрыемствы. І намагаліся ўнушыць, спыніць адвакатаў ад вось гэтых палітычных заяваў, палітычных лозунгаў. І, магчыма, калі б не было вось гэтых мерапрыемстваў, то значна больш адвакатаў, дзесьці праз няведанне, улезлі б у гэтую палітыку».

Пра адвакатаў, якія «лезуць у палітыку»

«Нам трэба сваймі дзеяннямі паказаць тое, што мы ў стане ў сваёй карпарацыі, сваім інстытуце разабрацца, і што мы ў далейшым будзем больш строгія і больш патрабавальныя да тых адвакатаў, якія парушаюць закон і якія лезуць у палітыку. Паважаныя калегі, я прашу вас звярнуць на гэта ўвагу і зрабіць адпаведныя высновы, калі хтосьці іх яшчэ не зрабіў».

Пра цэнзуру

«І я ўжо ведаю, якое вы выношваеце дзеянне або што ж вы хочаце спытаць, дакладней, думаеце: а цікава, гэта будзе палітычным выказваннем або іншым? Дык вось, калі вы да мяне прыйдзеце або да Аляксея Іванавіча – мы падрабязьненька разгледзім вашую сітуацыю і дадзім вам адпаведныя рэкамендацыі».

Пра змены ў Закон аб адвакатуры

«І пытанне так ставіцца, што калі вы, паважаныя адвакаты, не змаглі працаваць самастойна і не прыслухоўваліся да парадаў органаў адвакацкага самакіравання, а я пра гэта вельмі часта таксама казаў, то вы будзеце кіравацца загадамі дзяржаўных органаў. Драматызаваць гэтую сітуацыю не трэба ні ў якім разе!»

«Напэўна, пяты ці дзясяты раз звяртаю вашу ўвагу: прэтэнзіяў цяпер з боку дзяржавы да адвакатаў вельмі шмат. Але ў нас яшчэ ёсць час для таго, каб даказаць, паказаць, што мы ўсе пытанні настроеныя вырашаць выключна ў прававым полі, што мы не палезем у палітыку, што тыя выпадкі, якія былі, – гэта нейкія адзінкавыя выпадкі. І тады, паверце, у нас шанцаў, што закон будзе нашмат мякчэйшы і лепшы для нас, значна, значна больш».

На сайце праваабарончага цэнтру можна паслухаць запіс выступу спадара Чайчыца.

МГМ belsat.eu

Стужка навінаў