Што кіраўніцтва NATO думае пра агрэсіўную рыторыку Лукашэнкі?


Пра беларускія акцэнты на сустрэчы міністраў абароны краінаў NATO у Бруселі журналіст Сяргей Пеляса распавёў у праграме «ПраСвет».

Зміцер Міцкевіч: Што думае кіраўніцтва NATO пра агрэсіўную рыторыку Лукашэнкі? Сяргей Пеляса быў у Бруселі, дзе адбывалася пасяджэнне прадстаўнікоў антыпуцінскай кааліцыі, а таксама сустрэча міністраў абароны краінаў NATO. Што важнага было сказана і падпісана на гэтых мерапрыемствах менавіта для нашага рэгіёну? 

Сяргей Пеляса: Беларускіх акцэнтаў было даволі шмат. Мне ўдалося задаць некалькі пытанняў міністрам абароны дзяржаваў NATO. Я запытаў новага латвійскага міністра пра тое, ці ў межах пабудовы балтыйскай лініі абароны: сеткі бункераў, мінных палёў і іншых канструкцыяў – яны будуць узводзіць гэта ўсё і на мяжы з Беларуссю. Аказалася, што Латвія і, хутчэй за ўсё, Літва будуць будаваць гэтую лінію абароны, балтыйскую сцяну і на мяжы з Беларуссю.

Hавiны
Латвія пабудуе лінію абароны на мяжы з Расеяй і Беларуссю
2024.02.15 12:16

Ініцыятыва цікавая, але пытанне, наколькі гэта практычна і ці ў чымсьці дапаможа. Мы бачым, што артылерыйскія сродкі цяпер граюць найвялікшую ролю. Расейцы ў нашым рэгіёне робяць стаўку на ядравы патэнцыял.

Латвія плануе збудаваць фізічныя перашкоды, фізічныя сродкі стрымлівання наступу ворага. Тут могуць быць розныя вынаходкі: ад зубоў цмока, супрацьтанкавых вожыкаў да мінных палёў; могуць капаць равы, будаваць бункеры. Што дакладна будуць рабіць – невядома. Ці артылерыя і ядравая зброя дапаможа Пуціну пераадолець балтыйскую сцяну? Ядравая зброя – вядома, але ніхто сабе не ўяўляе ядравай вайны ў сучасным свеце. Балтыйскія дзяржавы бяруць пад увагу досвед Украіны і Расеі. Гэтак званую лінію Суравікіна, праз якую ўкраінцы з цяжкасцю прабіваюцца і не могуць прабіцца (яна складаецца з зубоў цмока і мінных палёў) і ўкраінскія абарончыя лініі пад Аўдзееўкай і ў іншых месцах. Выкарыстоўваючы досвед вайны ва Украіне, балтыйскія дзяржавы будуюць сабе лінію Манэргэйма, як Фінляндыя збудавала ў 30-я гады супраць СССР, каб стрымаць магчымы будучы наступ Расеі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі.

Без сінхранізацыі дзеянняў з Польшчай які ў гэтым сэнс? Мы ведаем асноўную канцэпцыю вайны Расеі – прабіццё калідору да Калінінграду. Наколькі гэта абмяркоўваецца, і ці цяпер Сувалкаўскі калідор прысутнічае ў ваеннай дыскусіі?

Пачынаюцца вучэнні «Непахісны абаронца». Гэта самыя вялікія вучэнні NATO з 1988 года. Вучэнні не толькі маштабныя – задзейнічаюць больш 91 тысячу вайскоўцаў, – але і сцэнар будзе выкарыстаны ўпершыню. Гэты сцэнар прапагандысты Лукашэнкі называюць рэпетыцыяй Трэцяй сусветнай вайны. Насамрэч гэта будзе першае выпрабаванне новых рэгіянальных планаў абароны NATO, якія былі прынятыя летась на саміце ў Вільні. Уявіце, што Расея ў будучыні пачынае вайну супраць дзяржаваў Балтыі ці Польшчы. Адразу аказваецца ў атачэнні Калінінградская вобласць. Як можна ў Калінінградскую вобласць паставіць тэхніку, боепрыпасы? Паветрам і морам нельга, застаецца толькі тэрыторыя Беларусі. Прабіўшы гэты 75-кіламетровы калідор праз тэрыторыю Літвы і Польшчы, расейцы могуць спалучыць сваю тэрыторыю, падкантрольную ім Беларусь, з Калінінградскаю вобласцю. У найбліжэйшыя месяцы гэты сцэнар будзе апрацоўвацца на вучэннях.

ПраСвет
NATO адпрацоўвае новыя сцэнары ля межаў Беларусі. «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою
2024.02.09 17:12

Далучэнне Фінляндыі і Швецыі да NATO істотна псуе расейцам планы ў балтыйскім рэгіёне, бо не атрымаецца адрэзаць балтыйскія краіны ад дапамогі іншых краінаў NATO.

З’явіцца праблема, якая называецца «ядравая дээскалацыя». Расейцы запужваюць NATO, што ў іх вельмі шмат тактычнай ядравай зброі. У дзяржаваў NATO гэтай зброі значна менш. Тут зноў выходзіць на першы план пытанне Беларусі. Што, калі яна будзе там? Я задаў пытанне міністру абароны Эстоніі, ці нейкім чынам уплывае на бяспеку Эстоніі той факт, што ў Беларусі можа знаходзіцца расейская тактычная ядравая зброя. Ханна Пэўкур адказаў, што для іх няма розніцы, ці размесціць Расея ядравую зброю ў Беларусі. Яны ведаюць дальнабойнасць зброі. Паводле яго, ядравыя галоўкі ў Беларусі ніяк не ўплываюць на адпужванне і рэакцыі.

Адным краінам усё роўна, дзе тая ядравая зброя будзе знаходзіцца, але Беларусі не ўсё роўна. Бо ў выпадку чаго адказнасць можа быць перакінутая на рэжым Лукашэнкі. Па-другое, канвенцыйны адказ ці не можа па тэрыторыі Беларусі прыляцець? Увогуле, наколькі ядравыя сцэнары там прагаворваюцца. Мне здаецца, гэта ўжо перайшло мяжу звычайнага шантажу. Гучыць канкрэтная пагроза. Рыторыка Пуціна і Лукашэнкі дае гэта зразумець.

Я з табою крыху не пагаджуся, прынамсі, з пункту гледжання NATO. Яны ўспрымаюць гэтыя пагрозы як чысты шантаж. Ніхто не прадугледжвае магчымасці выкарыстання ядравай зброі Пуціным. Калі гэта адбудзецца, адказ, хутчэй за ўсё, будзе канвенцыйны. Заходнія дзяржавы, якія валодаюць ракетным узбраеннем, адкажуць звычайнымі ракетнымі ўдарамі па цэлях на тэрыторыі Расеі і Беларусі. Натуральна, у першую чаргу яны знішчаць пускавыя ўстаноўкі «Іскандэр», якія знаходзяцца ў Беларусі. У другую чаргу, думаю, гэта будуць удары па лагістычных цэнтрах. У Беларусі гэта могуць быць удары па чыгуначных вузлах у Маладзечне, Лідзе, Горадні, Менску. Тыя чыгуначныя станцыі, праз якія расейцы будуць пастаўляць свае войскі і тэхніку на Захад для атакі супраць NATO.

Яны гавораць пра тое, што расейская агрэсія ў розных кірунках і сферах ужо экстрапалюецца на Захад. Расейцы выкарыстоўваюць гібрыдныя атакі дзеля дасягнення ўсіх сваіх мэтаў і дзеля магчымасці выкарыстання ваенных сродкаў. Ці на Захадзе гэта разумеюць?

Праблемы выкарыстання гібрыдных агрэсіяў абмяркоўваюцца з 2014 года. Тады NATO размясціла свае сілы ў краінах Балтыі і Польшчы. Рэалісты кажуць, што, хутчэй за ўсё, поўнамаштабная вайна супраць NATO немагчымая, але штосьці накшталт гібрыднай прыхаванай пагрозы можа быць выкарыстанае. Цяжка ўявіць такі сцэнар, улічваючы, што альянс нарошчвае прысутнасць у краінах Балтыі і ў Польшчы. Нямеччына плануе размясціць там сваю брыгаду з танкамі «Леапард» у Літве.

Гэта страшны сон Лукашэнкі. Ягоная прапаганда будзе расказваць, што немцы акупавалі Літву і нямецкія танкі пагражаюць Менску.

Гэта становіцца рэальнасцю. Праз тое, што Лукашэнка – саюзнік Пуціна, і ніхто статусу суагрэсара не адмяняў, ён мусіць баяцца. Нямецкія падраздзяленні танкавыя будуць размешчаныя, між іншага, у вёсцы Руднінкай. Гэта некалькі кіламетраў ад мяжы з Беларуссю. У выпадку расейскай агрэсіі супраць дзяржаваў Балтыі нямецкія саюзнікі Літвы могуць правесці контрудар па тэрыторыі Беларусі. Паміж літоўскай мяжой і Менскам практычна няма вайсковых частак, акрамя памежнікаў у Смаргоні. Для Лукашэнкі гэта рэальна страшны сон – нямецкія танкі, якія едуць з Вільні на Менск.

Ці на закрытых сустрэчах, на якіх ты быў, пытанне Беларусі падымалася? Наколькі мы застаёмся ў фокусе NATO?

Адбыўся брыфінг з высокапастаўленым прадстаўніком кіраўніцтва альянсу. Адбылася досыць шчырая размова. Прагучала пытанне аднаго з украінскіх калегаў, ці NATO бачыць пагрозу з тэрыторыі Беларусі для Украіны. Быў агучаны адназначны адказ: расейскія сілы ў Беларусі абмежаваныя. Таксама колькасць вагнэраўцаў невялікая. Самае важнае – Беларусь не зацікаўленая далучацца да барацьбы. Ён дадаў, што не думае, што мы ўбачым нешта большае, чым палітычны прэсінг. Яны заўважаюць той факт, што Лукашэнка, з аднаго боку з’яўляючыся саўдзельнікам агрэсіі, не зацікаўлены ў далучэнні да вайны.

Яшчэ адзін беларускі акцэнт прагучаў. Наш калега, журналіст «Зеркала» Аляксей Мінчонак, задаў пытанне генеральнаму сакратару NATO Енсу Стольтэнбэргу, ці NATO павінна разгледзець новую стратэгію, дапамагчы беларускаму народу. У адказе на гэтае пытанне генеральны сакратар пацвердзіў, што Беларусь мае статус саўдзельніка агрэсіі. Зразумела, не беларускі народ, а рэжым Лукашэнкі. Генеральны сакратар у адказе на маё пытанне падчас аднаго з ранейшых самітаў падкрэсліваў, што яны адрозніваюць рэжым ад беларускага народу. Латвія пачне будаваць фізічныя перашкоды, нямецкая механізаваная брыгада з’явіцца на мяжы з Беларуссю ўжо праз тры гады – і гэта тое, што рэальна мусіць непакоіць Лукашэнку. Для альянсу Беларусь застаецца суагрэсарам у вайне Расеі супраць Украіны.

belsat.eu

Стужка навінаў