У АБСЕ заклікалі вызваліць Пачобута, Бяляцкага і іншых палітвязняў


На паседжанні пастаяннай рады АБСЕ ў Вене 16 лютага прадстаўнікі Еўразвязу і Вялікай Брытаніі паднялі пытанне аб палітычных рэпрэсіях у Беларусі.

У заяве прадстаўніцтва Еўразвязу пры АБСЕ адзначаецца, што амаль кожны дзень зʼяўляюцца новыя прыклады адвольных і жорсткіх палітычна матываваных прысудаў на палітычных працэсах у Беларусі, агульная колькасць палітвязняў перавышае 1440 чалавек. На мінулым тыдні на падставе сфабрыкаванага абвінавачвання быў вынесены прысуд журналісту і аднаму з лідараў Саюзу палякаў Анджэю Пачобуту.

«Гэты ганебны вырак скіраваны не толькі супраць гэтага мужнага журналіста, але зʼяўляецца чарговым актам у антыпольскай кампаніі беларускіх уладаў», – падкрэсліваецца ў заяве.

Таксама ў Вене згадваўся суд над сябрамі Праваабарончага цэнтру «Вясна» і ягоным кіраўнікоў, Нобэлеўскім лаўрэатам Алесем Беляцкім. Падкрэсліваецца, што палітычна матываваныя абвінавачванні адносяцца да законнай праваабарончай дзейнасці «Вясны».

ЕЗ рашуча асуджае жорсткія палітычныя рэпрэсіі і абяцае працягнуць падтрымліваць усіх людзей, якія імкнуцца да свабоднай, дэмакратычнай і незалежнай Беларусі.

«ЕЗ паўтарае свой заклік да Менску неадкладна і безумоўна вызваліць і рэабілітаваць усіх незаконна затрыманых, у тым ліку Анджэя Пачобута і ўсіх сябраў «Вясны», спыніць парушэнне правоў чалавека і асноўных свабодаў беларускага народу, распачаць сапраўдны і інклюзіўны дыялог з дэмакратычным сілам і забяспечыць мірны палітычны пераход да дэмакратычнага грамадства», – падкрэсліваецца ў заяве.

Прадстаўнік Польшчы пры АБСЕ Адам Халацынскі ў сувязі з сённяшнім паседжаннем у Вене напісаў на сваёй старонцы ў Twitter:

«Беларусь пераможа таталітарызм. І гэта адбудзецца дзякуючы мужнасці сваіх людзей, у тым ліку зняволеных рэжымам. Злоўжыванне ўладай заканчваецца стратай улады».

З заклікам вызваліць палітвязняў у Беларусі выступіла таксама намесніца прадстаўніка Вялікай Брытаніі пры АБСЕ Дэйдра Браўн. Яна асобна звярнула ўвагу на пераслед журналістаў і нагадала, што цяпер за кратамі ў Беларусі застаюцца 33 прадстаўніка медыяў.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў