«Я не магу вось так страціць бацьку». Дачка Уладзіміра Мацкевіча разам з Янай Латушкай запісалі відэазварот


Дачка палітвязня Уладзіміра Мацкевіча, які 4 лютага абвясціў галадоўку, запісала відэазварот з заклікам зрабіць усё магчымае, каб выратаваць бацьку. Да Надзеі Лучанок далучылася дачка кіраўніка НАУ Паўла Латушкі.

«Я прашу ўсіх беларусаў, прадстаўнікоў міжнародных арганізацыяў і замежных дыпламатаў дабівацца выканання ягоных патрабаванняў. Я не магу вось так зараз страціць бацьку, які сядзіць у турме за Беларусь. Які робіць усё для Беларусі.

І мы не можам без барацьбы страціць наш нацыянальны здабытак – філосафа, мысліцеля і патрыёта, які сядзіць за свабоду сваіх думак і перакананняў. Давайце зробім усё, што мы можам!» – кажа ў відэазвароце Надзея Лучанок.

Зварот падтрымала Яна Латушка.

«Я шчыра разумею Надзею Лучанок – дачку Уладзіміра Мацкевіча. Таму што ведаю, што такое перажываць за бацьку – за самага блізкага і роднага чалавека. Боль і пакуты Надзеі адгукаюцца ў маім сэрцы. Таму я далучаюся да яе закліку выратаваць Уладзіміра Мацкевіча», – сказала дачка Паўла Латушкі.

Яна заклікала ўсіх выказаць словы падтрымкі і размяшчаць свае звароты ў сацыяльных сетках.

Уладзіміра Мацкевіча затрымалі 4 жніўня 2021 года. Яго абвінавацілі ў арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК РБ). 4 лютага Мацкевіч абвясціў галадоўку і заявіў, што калі цягам 10 дзён ягоныя патрабаванні не будуць выкананыя, ён пяройдзе да сухога галадавання. 15 лютага ён пачаў галадаваць насуха. Уладзімір Мацкевіч утрымліваецца ў СІЗА-1 на вул. Валадарскага ў Менску.

Як падтрымаць Уладзіміра Мацкевіча

  • пісаць яму лісты падтрымання (адрас: СІЗА № 1, Валадарскага 2, 220030 Менск);
  • напісаць зварот у Генеральную пракуратуру і Цэнтральны апарат Следчага камітэту (шаблон тут, інструкцыя тут);
  • падпісаць петыцыю на Change.org;
  • прыцягваць увагу да галадоўкі, дэманстраваць усімі магчымымі шляхамі салідарнасць;
  • тыя, хто за мяжой, могуць звяртацца да ўладаў сваіх краінаў з просьбаю падтрымаць Мацкевіча.
Артыкулы
Агнешка Рамашэўская-Гузы: Адказнасць за жыццё Уладзіміра Мацкевіча ляжыць на Аляксандру Лукашэнку
2022.02.15 19:21

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў