Былая кандыдатка на прэзідэнцкую пасаду Святлана Ціханоўская пракаментавала інфармацыю пра ператрусы ў офісе Беларускай асацыяцыі журналістаў, філіялах праваабарончай арганізацыі «Вясна» і ў незалежных журналістаў.
«Яны шукаюць «злачынцаў» сярод тых, хто дапамагае палітвязням і піша пра барацьбу беларусаў за свабоду. Яны шукаюць «злачынцаў» у дамах іхных бацькоў. Але ў пошуку злачынцаў ім варта зазірнуць у офісы АМАПу, ГУБАЗіКу і ўсіх адказных за рэпрэсіі.
Гэта і ёсць сапраўдны дзяржаўны крызіс, бо дзеля ўтрымання ўлады рэжым рэпрэсуе нават тых, хто абараняе правы людзей. Пакуль гэта адбываецца, у небяспецы ўсе беларусы.
Але беларусы ведаюць, як вырашыць гэты крызіс. Такімі дзеяннямі Лукашэнка сам збірае матэрыялы справы для міжнароднага трыбуналу супраць сябе і сваіх набліжаных. І мы ўжо перадалі інфармацыю ў Еўразвяз і Раду ААН у справе правоў чалавека з патрабаваннем зрабіць захады», – запэўніла Cвятлана Ціханоўская.
Сёння сілавікі праводзяць ператрусы ў праваабаронцаў і незалежных журналістаў. Лік людзей, якія трапілі пад гэтую хвалю, ужо ідзе на дзясяткі. Следчы камітэт паведамляе, што ператрусы ладзяць у арганізацыях, «што пазіцыянуюць сябе як праваабарончыя», у межах папярэдняга расследавання з мэтай высвятлення акалічнасцяў фінансавання пратэставай дзейнасці.
ЯП belsat.eu