«Дзеці – смелыя і сумленныя – плацяць за нашую абыякавасць». Размова з маці 18-гадовага палітвязня


Ціхан Клюкач з Берасця летась скончыў школу, хацеў стаць цырульнікам-мадэльерам, паступіў у каледж побытавага абслугоўвання. Правучыцца ён паспеў тыдзень – хлопца арыштавалі на Маршы адзінства ў Менску 6 верасня. Маладзёна абвінавацілі ў нанясенні надпісаў на шчыты сістэмы «Рубеж» разам з 18-гадовай Соф’яй Малашэвіч. Суд накіраваў юнака на 1,5 года ў калонію агульнага рэжыму. «Белсат» паразмаўляў пра Ціхана з ягонай маці.

Пасталеў за час зняволення

Жыхарцы Берасця Іне Калацкай, маці Ціхана Клюкача – 42 гады. Яна псіхолаг паводле адукацыі. Жыве разам з маці-пенсіянеркай, бабуляй Ціхана. Цяпер кожны дзень для іх – чаканне і надзея, што сумленне і закон перамогуць, і Ціхан вернецца дадому.

З 26 лістапада, калі Ціхана ўзялі пад варту, спадарыня Іна бачыла сына толькі на судах і падчас адзінага спаткання на пачатку лютага. Юнак цяпер у Менску, у СІЗА на Валадарцы. Да суда Ціхана трымалі ў следчай турме ў Жодзіна, але 22 студзеня, пасля абвяшчэння Кастрычніцкім судом Менску выраку, адвезлі на Валадарку. Паводле спадарыні Іны, умовы ў СІЗА прымальныя, «наколькі ўвогуле магчыма ў такім месцы». З перадачамі праблемаў няма – берасцейка прывозіць іх сыну штотыдзень.

Ціхан Клюкач з маці. Фота з асабістага архіву

Ціхан трымаецца добра, вельмі пасталеў за час зняволення, зазначае маці. Ні на што не скардзіцца. Засмучаны, што лісты даходзяць са спазненнем.

– Я памятаю, як плакала над ягоным першым лістом пасля арышту, – згадвае спадарыня Іна. – Сын пытаўся: чаму вы не пішаце, я думаў, што першы ліст будзе ад вас. Але я, як толькі з Менску тады вярнулася, адразу напісала. А ліст спазніўся. Потым мы ўсе зразумелі, як цяжка з ліставаннем.

Мастак-самавук, умее бачыць прыгожае вакол сябе

Спадарыня Іна кажа, што вырак стаў для яе шокам. Насуперак усяму, што бачыла, чытала пра іншыя суды, жанчына спадзявалася калі не на апраўданне, то хаця б на хатнюю хімію.

– Ён жа яшчэ дзіця зусім, толькі выйшаў са сценаў гімназіі, толькі 18 гадоў улетку споўнілася, не ведае гэтага жыцця, а яго вось так адразу – у мясарубку, – зазначае берасцейка. – Мне, як маці, вельмі цяжка гэтую жорсткасць прымаць і перажываць.

Паводле спадарыні Іны, Ціхан – «хатні і беспраблемны» хлопец. Добра вучыўся. Ніколі ні ён, ні ўвогуле ўся сям’я не мелі канфліктаў з законам, з міліцыяй.

Ціхан Клюкач. Фота з асабістага архіву

– Вельмі разважлівы, удумлівы, пераборлівы ў адносінах, у яго няшмат блізкіх сяброў, ён адкрываецца толькі тым, каму давярае, – кажа маці пра сына. – Любіць жывёлінаў – у нас заўсёды быў поўны дом гадаванцаў: і птушкі, і чарапахі, вужак жыў цэлы год, потым адпусцілі на волю. Не кажу ўжо пра котак і сабак, якіх мы разам з Ціханам уратавалі з вуліцы, і яны дагэтуль жывуць з намі. У кожным лісце сыну пішу, як яны сумуюць па ім.

Ціхан з дзяцінства захапляўся маляваннем, асабліва падкрэслівае маці. У мастацкую школу не хадзіў, ён самавук. Малюе збольшага партрэты, але часам і пейзажы.

– Ён любіць бавіць час на прыродзе – проста гуляць па лесе, хадзіць у грыбы, разбіраецца ў раслінах, дрэвах, птушках. Умее бачыць прыгожае вакол сябе, – кажа спадарыня Іна.

Ціхан працягвае шмат маляваць за кратамі, дасылае малюнкі ў лістах сябрам.

У міліцыі чытаў напамяць «Хто ты гэткі?» Янкі Купалы

Сярод Ціханавых захапленняў – гістарычная літаратура, замежныя мовы, гісторыя і культура Беларусі. Яшчэ да школы навучыўся чытаць, і з таго часу не ўяўляе сябе без кніг. Ужо ў трэцім класе, згадвае маці, прачытаў «Графа Монтэ-Крыста». Улюбёныя творы – «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» Уладзіміра Караткевіча, «Кабзар» Тараса Шаўчэнкі на ўкраінскай мове. Ціхан валодае таксама англійскай мовай.

Малюнкі з турмы

Калі трапіў у СІЗА, складаў спісы з кніг, прасіў, каб перадавалі яму, але, паводле спадарыні Іны, з волі літаратуру ў ізалятары не прымаюць. Тады Ціхан стаў карыстацца мясцовай бібліятэкай, стараецца знаходзіць там нешта цікавае, нядаўна, паводле спадарыні Іны, прачытаў «Архіпелаг ГУЛАГ».

Цікавасць да Беларусі ў сына прачнулася ў старэйшых класах, кажа маці. Цяпер маладзён добра размаўляе па-беларуску.

– У роднай мове нават больш пісьменны, чым у расейскай, – зазначае маці. – Ведае напамяць шмат вершаў, баек. Калі ў верасні яго затрымалі яшчэ паводле адміністратыўнага пратаколу, ён у міліцыі ў адказ на словы «Вашае пакаленне нічога не ведае» прачытаў напамяць «Хто ты гэткі?» Янкі Купалы.

У 2020 годзе Ціхан скончыў берасцейскую гімназію № 1, але паступаць у вышэйшую навучальную ўстанову не хацеў.

– Казаў, што лічыць вышэйшую адукацыю не абавязковай, каб дасягнуць поспеху ў жыцці, і што калі яна яму спатрэбіцца, то паспее яшчэ паступіць, – кажа спадарыня Іна. – Магчыма, ён прадбачыў тое, што адбудзецца, таму не хацеў у беларускі ўніверсітэт.

Цвёрда вырашыў застацца на радзіме

Ціхан ні ў якім разе не хацеў з’язджаць за мяжу, хоць яму і прапаноўвалі.

– Канечне, за мяжой у яго было б больш магчымасцяў, – кажа маці. – Але ён цвёрда вырашыў застацца. Гэта ягоны патрыятызм. Ён працягвае верыць у справядлівасць і сумленнасць, сапраўды любіць сваю радзіму.

Малюнкі з турмы.

Пасля школы Ціхан паступіў у Берасцейскі каледж побытавага абслугоўвання, хацеў стаць цырульнікам-мадэльерам. У якасці экзамену трэба было здаваць малюнак, але Ціхан не змог, бо ўжо быў у следчым ізалятары, і таму яго «перакінулі ў групу звычайных цырульнікаў», кажа маці. Правучыцца паспеў літаральна тыдзень. А ў кароткі перыяд на волі паміж вызваленнем пасля адміністратыўнага арышту і да затрымання паводле крымінальных артыкулаў забраў дакументы – разумеў, што вучыцца там ужо не зможа, тлумачыць спадарыня Іна.

Сынава затрыманне бачыла ў жывым эфіры

Затрыманне ў верасні – не першае для Ціхана Клюкача. Юнак трапіў пад хапун на самым пачатку – у паслявыбарчы вечар 9 жніўня. Берасцеец тады выйшаў на родныя вуліцы разам з іншымі гараджанамі, каб выказаць нязгоду з падлікам галасоў. «Выключна мірным шляхам», – падкрэслівае маці. Хлопца тады адпусцілі праз пару дзён без пратаколу і суда – у тую хвалю, калі пачалі масава выпускаць усіх затрыманых.

– Тады была надзея на перамены, і што яшчэ будзе працаваць закон, – кажа спадарыня Іна пра першае затрыманне сына. – А цяпер…. Навіны штодня ўсё больш абсурдныя і жудасныя, я часам нават адмаўляюся чытаць, раблю сабе дні разгрузкі, бо інакш ты як аголены нерв, гэта немагчыма вытрымаць.

Малюнкі з турмы.

Іна Калацкая была супраць, каб Ціхан ехаў на той Марш адзінства ў Менск 6 верасня.

– Я адгаворвала яго, нібыта адчувала, што нешта можа здарыцца, але Ціхан сказаў, што ён мяне не пытаў, а паставіў перад фактам, што паедзе, – згадвае жанчына. – Як я магла забараніць даросламу сыну?

Паводле спадарыні Іны, Ціхан заўсёды быў упарты, меў уласнае меркаванне і ўмеў яго адстойваць, і калі ён у нечым перакананы, то адгаварыць яго амаль немагчыма.

Затрыманне сына на маршы берасцейка бачыла ў жывым эфіры.

– Я якраз глядзела навіны ў інтэрнэце, нейкае відэа, і тут бачу – да майго сына падышлі і амаль панеслі яго, – распавядае жанчына. – Мы потым ледзь адшукалі яго на Акрэсціна – дужа цяжка было атрымаць хоць нейкую інфармацыю.

Малюнкі з турмы.

«Здаецца, на судзе на справядлівасць спадзявалася толькі я»

Тады Ціхану далі штраф паводле артыкулу 23.34 КаАП РБ, а таксама абвесцілі, што ён падазраваны ў крымінальнай справе. Але адпусцілі пад падпіску аб яўцы. Праз некаторы час, ужо ў Берасці, Ціхана зноў затрымалі – як кажа ягоная маці, за ўдзел у жнівеньскіх акцыях, – паводле трох пратаколаў юнак адседзеў 45 содняў. 26 лістапада яго выклікалі ў Следчы камітэт у Менск, і там абвесцілі, што захада стрымання змененая з падпіскі на ўтрыманне пад вартай.

Спадарыня Іна не сумняваецца – ейны сын ні ў чым не вінаваты. Ён не размалёўваў шчытоў, што было даказана на судзе, – з хлопца знялі абвінавачанне ў хуліганстве паводле артыкулу 339 КК РБ, застаўся артыкул 342 – удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Але нічога такога Ціхан не рабіў, сцвярджае маці. Ён проста быў на мірным маршы разам з дзяўчынай са свайго каледжу, той самай Соф’яй Малашэвіч.

Малюнкі з турмы.

– Здаецца, падчас суда на справядлівасць спадзявалася толькі я, хоць і разумела, дзе я жыву, – кажа спадарыня Іна. – У выніку колькі пракурор запытала, столькі і далі – 1,5 года. Я дагэтуль не прызвычаілася. Да такога нельга прызвычаіцца.

Адвакатка Ціхана падала апеляцыю, цяпер і сам Ціхан, і ягоная сям’я жывуць чаканнем разгляду скаргі Менскім гарадскім судом.

«Нашыя дзеці заслугоўваюць большага, чым сядзець на нарах»

Маці палітвязня кажа, што яе вельмі цешаць і падтрымліваюць добрыя водгукі пра Ціхана, якія яна цяпер часта чуе, – ад ягоных сукамернікаў ці тых, хто сустракаўся з хлопцам падчас этапавання.

– Я разумею, што я не заўважала ў ім гэтага: гонару, адвагі, прынцыповасці, якія я бачу цяпер, і пра што мне кажуць ягоныя сябры, знаёмыя, і нават чужыя людзі, – кажа жанчына.

І зазначае, што цяпер выразна бачыць: Ціхан – не адзін такі. Спадарыню Іну цешыць, што сярод маладога пакалення шмат людзей з каштоўнасцямі ды прынцыпамі.

Малюнкі з турмы.

– Нашыя дзеці заслугоўваюць у гэтым жыцці нашмат большага, чым сядзець на нарах, – кажа Ціханава маці. – Яны смялейшыя і больш сумленныя, чым мы, – плацяць цяпер за нашую памяркоўнасць і абыякавасць на працягу ўсіх гэтых гадоў.

Сяброўку Ціхана Соф’ю Малашэвіч, з якой яны разам былі на маршы, суд прызнаў вінаватай паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі: ч. 1 артыкулу 339 – хуліганства, ч. 1 артыкулу 342 – арганізацыя або ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і ч. 1 артыкулу 368 – абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Дзяўчыну асудзілі на 2 гады зняволення. Яе выключылі з каледжу. Абодвух – Ціхана і Соф’ю – праваабаронцы прызналі палітвязнямі.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў