«Для кожнага замежніка на яго мове пісаць?» На чыгунцы растлумачылі, чаму на вакзале Менску схавалі надпісы на англійскай


Інфармацыйныя табло на менскім вакзале «прывялі ў адпаведнасць з заканадаўствам». Пра гэта карэспандэнту «Белсату», які звярнуўся як прыватная асоба, сказалі ва ўпраўленні Беларускай чыгункі. Насамрэч, на меркаванне аналітыкаў, ад англійскай мовы пазбаўляюцца, бо цяперашнія ўлады лічаць яе варожай, а нязручнасці для турыстаў нікога не хвалююць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Уваход у будынак чыгуначнага вакзалу ў Менску, Беларусь. 3 кастрычніка 2022 года.
Фота: Белсат

«У нас жа Рэспубліка Беларусь, у нас не іншая краіна, разумееце?» – адказалі ва ўпраўленні Беларускай чыгункі на пытанне, чаму на вакзале ў Менску схавалі ад вачэй пасажыраў надпісы на англійскай мове:

«У нас у краіне дзве афіцыйныя мовы: расейская і беларуская. Таму мы прывялі ўсё ў адпаведнасць з заканадаўствам».

Як цяпер замежнікам арыентавацца на вакзале, ва ўпраўленні не растлумачылі, але выглядае, нібыта там не ведаюць, што англійская – мова міжнародных стасункаў:

«Дык гэта трэба цяпер на кожнай мове пісаць, калі кожны замежнік будзе прыязджаць, ці як?»

Якое заканадаўства забараняе інфармацыйныя і навігацыйныя шыльды на ангельскай мове, супрацоўнік чыгункі не ўдакладніў.

чыгуначны вакзал Менск
Табло на чыгуначным вакзале Менску. 15 студзеня 2024 года.
Фота: Blizko.by

На самім вакзале прызналіся, што не ведаюць прычынаў лінгвістычнай «цэнзуры», і параілі тым, хто не разумее беларускай або расейскай, звяртацца да дзяжурнага на вакзале:

«На англійскай мове няма ўжо, усё папрыбіралі. Назад не вернуць. Пры патрэбе можна падысці да дзяжурнага на вакзале, ён суправодзіць да цягніка».

Стужкаю, падобнай на ізаляцыйную, на інфармацыйных табло заляпілі «Train», «Route», «Numeration from», «Arrival», «Departure» і «Delay» – усё неабходнае, каб знайсці патрэбны цягнік і пуць, даведацца час адпраўлення або прыбыцця.

Hавiны
«Варожая графіка»: на чыгуначным вакзале ў Менску англамоўныя надпісы заклеілі ізастужкаю
2024.01.15 23:25

«Гэта праява цяперашняга антызаходняга курсу беларускіх уладаў», – мяркуе палітычны аглядальнік інфармацыйнага агенцтва «Позірк» Аляксандр Класкоўскі. У каментары «Белсату» ён адзначыў, што сам выраз «калектыўны Захад» ужо гучыць у Беларусі як лаянка, вось і наступствы.

«Драбнейшыя чыноўнікі проста трымаюць нос па ветры і арыентуюцца на гэтую рыторыку, на гэтую антызаходнюю ідэалогію высокага начальства, таму яны шчыруюць. З гэтай жа оперы змаганне з беларускай лацінкаю, што знікла з метро. Хоць у свой час ганарыліся, гэтым казыралі, быў перыяд адлігі ў дачыненнях з Еўропай, з Захадам, і тады стараліся, каб было болей такіх прыкметаў адкрытасці Беларусі ўсяму свету. Ну а цяпер курс адваротны: на ізаляцыю, на аўтаркію», – кажа аналітык.

чыгуначны вакзал Менск
Табло на чыгуначным вакзале Менску. 15 студзеня 2024 года.
Фота: Blizko.by

Што тычыцца турыстаў, якіх прывабліваюць у Беларусь бязвізам, то збольшага гэтым карыстаюцца асобы, якія ведаюць расейскую ці беларускую, адзначыў Класкоўскі:

«Прыязджаюць жа пераважна людзі з суседніх краінаў, Літвы, Польшчы, і ў большасці выпадкаў яны разумеюць расейскую ці беларускую мову. На добры лад для іншаземцаў англамоўныя шыльды – прыкмета нейкай культуры, цывілізаванасці, але, калі ўзважваюць за і супраць, пераважвае жаданне быць у гэтым антызаходнім трэндзе. Сярод чыноўнікаў гэта такі арыенцір».

Рэдактар «Беларускага штогодніка» Вадзім Мажэйка назваў шкоднай і бессэнсоўнай ініцыятыву прыбраць англійскую мову на вакзале.

«Такая шызафрэнія – англійскую мы ізастужкаю залепім.

Робіцца гэта не з рацыянальных прычынаў, а з сімвалічных: на ўсялякі выпадак папрыбіраць усё заходняе. Гэта такое савецкае мысленне, што вораг на Захадзе, і гэта не толькі Літва і Польшча, не толькі беларуская лацінка, а гэта ўвогуле ЗША і розныя «англасаксы», адпаведна, англійская мова – мова ворага», – заўважыў эксперт у каментары «Белсату».

Ён лічыць невыпадковым змаганне з беларускай лацінкаю, ціск на школы польскай мовы, а цяпер – і вычышчэнне з публічнай прасторы англійскай мовы.

«У нейкіх з’явах, што раней здаваліся цалкам непалітычнымі кшталту надпісаў на вакзале ці курсы польскай мовы, цяперака бачаць нешта палітычнае. Гэта таксама кантэкст таго, што калі ты вынішчаеш усіх, каго больш-менш можна заўважыць і маркіраваць як ідэйных ворагаў, то тады ты пачынаеш паляванне на ўсё, што знойдзеш навокал», – падсумаваў Мажэйка.

Hавiны
«Варожая графіка»: на чыгуначным вакзале ў Менску англамоўныя надпісы заклеілі ізастужкаю
2024.01.15 23:25

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў