У Польшчы адмовіліся рамантаваць беларускі цягнік, што сутыкнуўся з цягачом


Беларуская чыгунка звярнулася да польскага вытворцы цягнікоў «PESA Bydgoszcz» з просьбай адрамантаваць цягнік, выпушчаны прадпрыемствам у 2019 годзе для БЧ. Аднак вытворца адказаў, што з улікам цяперашняй сітуацыі не можа ўзяцца за такую замову, паведамляе польскі партал «Nakolei».

Фота: nakolei.pl

Прадстаўнік «PESA Bydgoszcz» паведаміў, што кампанія не змагла задаволіць запыту беларускага перавозчыка з увагі на сітуацыю, звязаную з вайной на Украіне і з санкцыямі, уведзенымі ЕЗ у дачыненні Расеі і Беларусі.

Паводле інфармацыі выдання, цягнік да гэтага часу не адрамантаваны, бо Беларуская чыгунка не можа выканаць рамонт сваімі сіламі.

Аварыя на чыгуначным пераездзе адбылася амаль 10 месяцаў таму, у сакавіку 2022 года, пры станцыі Зазерка пад Менскам. Кіроўца цягача праехаў проста пад сустрэчны цягнік і зачапіўся аб яго сваім паўпрычэпам.

Крыніца: transport_minska/Telegram

На шчасце, у аварыі ніхто не пацярпеў, хаця цягнік урэзаўся ў паўпрычэп на вялікай хуткасці. Вагон быў выраблены для Беларускай чыгункі паводле кантракту, заключанага з «PESA Bydgoszcz» у 2013 годзе.

Беларусы не маюць доступу да многіх складнікаў, у іх ёсць праблемы з самастойным выкананнем працы, піша выданне і ўзгадвае «Stadler», які некалькі месяцаў таму перанёс вытворчасць цягнікоў для Азербайджану з заводу пад Менскам на завод у польскіх Седльцах.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў