Удзельніцы «Miss Supranational» спявалі і танчылі ў менскай кавярні


Прыгажуні прадэманстравалі свае мастацкія таленты па-за межамі асноўнага конкурсу «Miss Supranational».

29 жніўня ў адной са сталічных кавярняў адбыўся конкурс «Міс талент» у межах міжнароднага конкурсу прыгажосці «Miss Supranational–2013».

Намінацыя «Міс талент» была неабавязковая, таму змагацца за тытул самай таленавітай захацела толькі палова з 80 канкурсантак. Перамагла ўдзельніца з Малайзіі Нэнсі Маркус (Nancy Marcus). Тытул першай віцэ-міс дастаўся жыхарцы Камеруну Джаўэна Мэд’ё, другой віцэ-міс – прадстаўніцы Віргінскіх астравоў Эсоніка Вэйра (Esonica Veira).

Сярод падрыхтаваных канкурсанткамі нумароў пераважалі танцавальна-вакальныя, але былі і тэатральныя, цыркавыя, акрабатычныя, парадыйныя. Прадстаўніца Беларусі Вераніка Чачына прадэманстравала чальцам журы талент мастачкі, паказаўшы ім свае карціны.

{movie}Удзельніцы «Miss Supranational» змагаюцца за тытул самай таленавітай|right|12258{/movie}

Усяго на конкурсе «Miss Supranational» вызначаць пераможніц у 17 намінацыях, імёны шасцярых з іх стануць вядомыя яшчэ да фіналу. На самім конкурсе будуць названыя імёны «Міс інтэрнэт», «Міс нацыянальны строй», рэгіянальныя пераможніцы (па кантынентах), тры віцэ-міс і галоўная пераможніца, якая атрымае ў падарунак пераходную карону, 25 тысяч еўраў, а таксама каштоўны пярсцёнак з эмблемаю конкурсу.

Фінал конкурсу адбудзецца 6 верасня ў Палацы спорту і будзе транслявацца больш як у 100 краінах.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў