«Заходнія лялькаводы», «паліцай Азараў»: Следчы камітэт – пра справу «ByPol»


СК на сваім сайце апублікаваў артыкул пра справу «ByPol». У заяве нібыта праваахоўнага ведамства багата палітычных ацэнак, пры гэтым згадваецца толькі адзін эпізод, што датычыць непасрэдна крымінальнай справы: падпал рэлейнай шафы на чыгунцы ў Светлагорскім раёне.

Аляксандр Азараў падчас слуханняў Каардынацыйнай рады.
Фота: Белсат

«Заходнія лялькаводы», «паліцай і здраднік Азараў», «зборышча збеглых няўдачнікаў», «збеглыя тэрарысты» – гэткія фармулёўкі аддзел інфармацыі і сувязяў з грамадскасцю Следчага камітэту ўжыў у публікацыі, прысвечанай справе «ByPol».

Асобна згадалі Польшчу, улады якой «стварылі анклаў для злачыннага свету ў Еўропе».

Фігурантаў справы абвінавацілі ў «распальванні варожасці, закліках да масавых беспарадкаў, арганізацыі тэрарыстычных актаў і іншых дзеяннях, накіраваных на захоп дзяржаўнай улады».

«Яны публічна апраўдваюць і ўхваляюць дэструктыўныя дзеянні, накіраваныя на радыкальнае абвастрэнне сацыяльна-палітычнага напружання і агрэсіі ў грамадстве, дзеляць грамадзянаў Беларусі на «сваіх» і «чужых», заявілі ў СК.

З усіх «злачынстваў», нібыта ўчыненых «ByPol», згадваецца толькі падпал рэлейнай шафы на чыгунцы ў Светлагорскім раёне ў ноч з 28 лютага на 1 сакавіка летась. Тады былі затрыманыя тры асобы.

Агулам у справе «ByPol» шэсць фігурантаў: Аляксандр Азараў, Уладзімір Жыгар, Мацвей Купрэйчык, Ігар Лобан, Андрэй Астаповіч і Алег Талерчык. Іх абвінавачваць паводле 12 артыкулаў. Справу перадалі генеральнаму пракурору для накіравання ў суд.

Hавiны
«Арганізацыя акту тэрарызму» ды іншае. Следчы камітэт скончыў расследаваць справу ў дачыненні «BYPOL»
2023.11.13 13:37

Раней кіраўнік «ByPol» Аляксандр Азараў, каментуючы ў эфіры «Белсату» гэтую гісторыю, заявіў, што «ніякіх злачынстваў не здзяйсняў»:

«Гэта ацэнка маёй працы. Пабачым, які вырак яны вынесуць. Я не баюся. Ніякіх злачынстваў я не здзяйсняў, віны сваёй не прызнаю. Ніякіх позваў мне яны не дасылалі, і я нават не ведаю, каго яны дапытвалі. Ніхто не выходзіў ні на мяне, ні на маіх сваякоў».

Пераслед колішніх сілавікоў, якія аб’ядналіся ў «ByPol» (пасля расколу шмат хто далучыўся да «BELPOL»), Азараў назваў «спробаю запужаць».

«Яны запужваюць людзей. Паказваюць, што, калі вы будзеце змагацца за дэмакратыю ў Беларусі, то з вамі зробяць тое самае», – адзначыў кіраўнік «ByPol».

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў